Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мюнхен пакідае галоўным дырыжорам прыхільніка анэксіі Крыму


Уладзімер Пуцін уручае Валерыю Гергіеву мэдал Героя працы 1 траня 2013 году

Уладзімер Пуцін уручае Валерыю Гергіеву мэдал Героя працы 1 траня 2013 году

Спробы палітыкаў і грамадзкасьці Мюнхэна дамагчыся скасаваньня кантракту з расейскім дырыжорам Валерыем Гергіевым аб прызначэньні яго музычным кіраўніком філярманічнага аркестру горада пакуль церпяць няўдачу.

23 студзеня 2013 году ў Мюнхэне з дырыжорам Валерыем Гергіевым ад імя кіраўніцтва гораду быў заключаны пяцігадовы кантракт, згодна зь якім Гергіеў павінен з 2015 году ўзначаліць Мюнхэнскі філярманічны аркестар. 11 сакавіка сёлета Гергіеў паставіў свой подпіс пад апублікаваным на сайце Міністэрства культуры Расеі лістом, у якім выяўлялася падтрымка пазыцыі прэзыдэнта Расеі «па Ўкраіне і Крыму». Гэты крок абурыў шмат каго ў Баварыі. Пачуліся заклікі скасаваць кантракт з дырыжорам. Зьявілася і адрасаваная кіраўніцтву Нямеччыны і Баварыі пэтыцыя, якая заклікае ня толькі разарваць кантракт з Гергіевым, але і байкатаваць дзеячаў мастацтваў, якія падпісалі вышэйзгаданы ліст.

Вырашэньне сытуацыі чакалася пасьля гутаркі з Гергіевым чыноўнікаў Мюнхена, якія займаюцца пытаньнямі культуры. Яна павінна была адбыцца падчас яго прыезду ў сталіцу Баварыі з аркестрам Марыінскага тэатру. Але ў выніку самі чыноўнікі паехалі для сустрэчы з Гергіевым ў аўстрыйскі Лінц. Гутарка працягвалася больш за шэсьць гадзін. Яе вынікам стаў ліст Гергіева, адрасаваны мюнхэнскім аматарам музыкі. У ім гаворыцца:

«Паважаныя ўладальнікі канцэртных абанэмэнтаў, дарагія сябры Мюнхэнскага філярманічнага аркестра! Падзеі ва Украіне і вакол яе ня сыходзяць з першых палос газэт, зноў зьявіліся бездані паміж Усходам і Захадам, якія ўсіх нас прыводзяць у адчай. Мая асоба таксама стала на гэтым фоне прадметам абвінавачваньняў і вострых дыскусій. Таму я хацеў бы сёньня зьвярнуцца да вас і выкласьці сваю пазыцыю ў гэтым лісьце.

Той факт, што я быў запрошаны ад імя гораду Мюнхэна з сэзона 2015/2016 ўзначаліць Мюнхэнскі філярманічны аркестар ў якасьці галоўнага дырыжора, напаўняе мяне вялікі гонарам. Гэта запрашэньне значыць для мяне і яшчэ нешта значна большае. Гэта прапанова грунтуецца ў маіх вачах на даверы і ўпэўненасьці гораду ў тым, што у нас разам можа атрымацца ня толькі захаваць своеасаблівую адзіную ў сваім родзе музычную культуру Мюнхэна, але і адкрыць яе будучыні (разгарнуць яе ў бок будучыні). Грандыёзнасьць гэтай задачы і зьвязаная зь яе выкананьнем адказнасьць мне больш чым зразумелыя. Мой будучы аркестар і я будзем рабіць усё, каб падарыць вам нашымі канцэртамі незабыўныя перажываньні.

Я музыкант і дырыжор. Але я таксама і расеец, і цесна зьвязаны з маёй роднай краінай. Вось ужо амаль чвэрць стагодзьдзя я кірую адным з найпапулярнейшых у сьвеце опэрных тэатраў — Марыінскім тэатрам Санкт-Пецярбурга. Але гэтым мая музыкальнага дзейнасьць не абмяжоўваецца. Я ўжо многія гады дырыжор аркестраў у найбуйнейшых мэтраполіях сьвету і выступаю разам з многімі аркестрамі і музыкамі.

Мая сфэра дзейнасьці і мой запал — гэта музыка, і ёй аддадзена ўся мая душа з юных гадоў. Таму я і ўзяў на сябе адказнасьць спрыяць захаваньню росквіту культурных і музычных традыцый Пецярбургу. З гэтага могуць узьнікаць пры пэўных палітычных падзеях праблемы, накшталт тых, што паўсталі сёньня, у якія некаторыя бачаць мяне уцягнутым.

Я лічуся ў многіх краінах прадстаўніком «іншага» грамадзтва, якое недастаткова рашуча выступае ў падтрымку каштоўнасьцяў і жыцьцёвых асноў Захаду. Але ці дакладна гэта? Бо наша руская музычная культура, пачынаючы з Глінкі, зьяўляецца эўрапейскай, і разьвівалася яна шмат у чым пад уплывам нямецкай музычнай культуры. Гэта добра разумеюць і ведаюць многія людзі ў маёй роднай Расеі. Але пры гэтым, зь іншага боку, я не магу пакінуць без увагі, ігнараваць той факт, што расейскае грамадзтва жыве, грунтуючыся часткова на іншых фундамэнтальных прынцыпах, адрозных ад прынцыпаў заходніх грамадзтваў. Так, напрыклад, расейская культурная традыцыя глыбока ўкаранёная ў праваслаўнай рэлігіі і сёньня адыгрывае вызначальную ролю ў стылі жыцьця, які спрыяў таму, што людзі ў Расеі змаглі выжыць у найцяжэйшых сытуацыях ХХ стагодзьдзя. Я паважаю свой народ і яго традыцыі. Я паважаю і шаную таксама тыя жыцьцёвыя прынцыпы, якія прадстаўляюцца людзям у Расеі найважнейшымі каштоўнасьцямі. Да такіх прынцыпаў адносіцца і прыхільнасьць да табу, якія ў заходніх грамадзтвах ўжо шмат гадоў як ня дзейнічаюць. Адмова ад іх у Расеі запатрабуе, аднак, яшчэ шмат часу і высілкаў.

Што ж да маіх асабістых прынцыпаў, то ні ў аркестры, ні сярод маіх супрацоўнікаў ня знойдзецца, я ўпэўнены, нікога, хто будзе мець падставы мяне хоць у чым-небудзь папракнуць. Павага да іншых і да патрэбаў іншых для мяне — найважнейшы прынцып.

Я, вядома, ведаю, што мая праца, мае ініцыятывы і мае намаганьні, якія выходзяць па-за межы чыста музычных, патрабуюць вялікай адказнасьці ў адносінах да іншых людзей, і часта зьяўляюцца таксама палітычна зараджанымі. Але галоўнай маёй справай ўсё ж зьяўляецца музыка. Таму што я веру ў яе грамадзка значную сілу і высокую каштоўнасьць яе традыцый. Таму я актыўна займаюся праграмамі музычнай адукацыі і выхаваньня. У гэтых сваіх намаганьнях я зьвязаны з многімі калегамі ва ўсіх кутках зямнога шара.

Але гэта не павінна затуманьваць той факт, што праблемы рэальнай палітыкі могуць уносіць і часта нечакана ўносяць балючыя дысананс у нашу сумесную культурную працу, у наша супрацоўніцтва. І менавіта ў такія моманты вырашальным, з майго пункту гледжаньня, зьяўляецца захаваньне мужнасьці ў выслухоўваньні іншых, процілеглых меркаваньняў, пунктаў гледжаньня, і ўзаемны абмен гэтымі думкамі. Важна, каб мы пры гэтым не гублялі павагі адзін да аднаго. Дыялёг не павінен спыняцца ніколі! Абмен думкамі павінен заставацца магчымым...

Ад усяго сэрца ваш Валерый Гергіеў».


Зьмест ліста стаў вядомы да канцэртаў аркестра Марыінскага тэатра ў Мюнхэне, якія адбыліся 22 і 23 траўня. У адрозьненьне ад Нью-ёркскіх гастроляў Гергіева ў канцы красавіка, ніякіх дэманстрацый і нават адзінкавых пратэстаў у гэтыя дні не было. Вынікі апытаньняў жыхароў Мюнхэна таксама былі паказальныя. Практычна ўсе казалі, што ня трэба зьмешваць мастацтва і палітыку.

Ці супакоіў публіку ліст Гергіева? У гэтым не ўпэўнены мюнхэнскі музычны крытык Йохен Айхнэр:

«Як мінімум абодва бакі захавалі твар, і могуць пры гэтым і далей адстойваць свае пазыцыі. Сумнеўна, каб усе зацікаўленыя бакі былі пры гэтым задаволены. Сам ліст хутчэй зьяўляецца дымавой завесай са словаў — свае сапраўдныя погляды Гергіеў ў ім усё ж ня выказаў. Пры такіх акцыях можна казаць пра палітычны рытуал, у якім прынялі ўдзел усе бакі. Рытуал завершаны, і цяпер можна хоць бы на бліжэйшы час вярнуцца да музыкі».

Абодва вечары музыкі Стравінскага прайшлі зь вялікім посьпехам, публіка прымала аркестар Марыінкі з захапленьнем. У першым канцэрце саліраваў яшчэ адзін падпісант прапуцінскага ліста — піяніст Дзяніс Мацуеў, у другім — новая зорка, 23- гадовы Данііл Трыфанаў. І калі ў першы вечар заля была запоўненая прыкладна на дзьве траціны, то ў другой свабодных месцаў не было.

Чаму ўсё ж не адбыліся ў Мюнхэне абяцаныя пратэсты? На гэтае пытаньне адказвае мюнхэнскі пісьменьнік, адзін з ініцыятараў пэтыцыі супраць Гергіева Эйтан Фінкельштэйн:

«Напэўна, існуе шмат прычын для гэтага. Але галоўная прычына палягае ў тым, што дэмакратычнай грамадзкай думцы ў дадзеным выпадку супрацьстаяць мафіёзная структура, вялікія грошы, ўзаемадапамога. Вы ведаеце, што Гергіева прапанавалі на пасаду музычнага дырэктара аркестра філярмоніі даўнія жыхары Мюнхэна кампазытар Радзівон Шчадрын і яго жонка Мая Плісецкая. Яны ж нават не паленаваліся паехаць у Лінц, хоць яны людзі пажылыя, у якасьці такой «цяжкай артылерыі» падтрымкі Гергіева. Я думаю, што гэтыя людзі ні ў якім разе не ахвяры прапаганды. Тут бачная ўзаемная залежнасьць як самога рэжыму, так і гэтых людзей. Усе яны вельмі-вельмі залежаць адзін ад аднаго. Гергіеў ня быў бы Гергіевым, ён быў бы, вядома, выдатным дырыжорам, але ён ня быў бы першай асобай, у яго не было б такіх вялізных грошай, велізарных сродкаў на стварэньні тэатраў, аркестраў, фэстываляў і гэтак далей — грошы гэтыя яму дае рэжым. А ён, у сваю чаргу, ведае, як і чым гэты рэжым аддзячыць. Нядаўна памёр выдатны літаратурны крытык Бэнэдыкт Сарноў, які напісаў кнігу «Сталін і пісьменьнікі». І з гэтай кнігі вынікала, што Сталіну патрэбныя былі пісьменьнікі. Але Сарноў усё ж такі не падкрэсьліў той момант, што і пісьменьнікам патрэбен быў Сталін. І гэта такая вельмі складаная мафіёзная структура, у якой усе адзін ад аднаго залежаць. І я думаю, што тут ніхто не ахвяра, таму што той, хто ня хоча супрацоўнічаць, ня хоча ісьці на гэта, ён не ідзе. І такіх людзей і ў Расеі вельмі шмат, такіх людзей было вельмі шмат і пры Гітлеры. Гітлер заўсёды імкнуўся выкарыстоўваць людзей мастацтва для прапаганды свайго рэжыму, сваіх мэтаў і гэтак далей. Дастаткова ўспомніць Лені Рыфэншталь, якая была, вядома, вельмі таленавітым кінарэжысёрам, але наагул, яна працавала наўпрост на рэжым. І было вельмі шмат нямецкіх дзеячаў мастацтваў, якія працавалі на рэжым абцякальна і ўскосна. Так што тут ніякіх ахвяраў няма. Гэтыя людзі: і Гергіеў, і Сьпівакоў, і іншыя — яны цалкам сьвядома ідуць на тое, каб супрацоўнічаць з уладамі.

Вось усе гэтыя фактары прывялі да таго, што вось такая мафіёзная счэпкі перамагаюць грамадзкую думку. Гергіеў, безумоўна, адзін з слупоў такога сучаснага расейскага рэжыму, які ўжо называецца пуцінізм, і многае будзе залежаць ад таго, наколькі ён будзе агрэсіўны, гэты самы пуцінізм... Безумоўна, Гергіеў — моцны прафэсіянал, яго імя шырока вядома. Зь іншага боку, музычнае начальства Мюнхэна зацікаўлена ў тым, каб музычным дырэктарам Мюнхэнскай філярмоніі быў чалавек з такім гучным імем — гэта неабходна для прыцягненьня слухачоў. Акрамя таго, кантракт быў падпісаны даволі даўно, і скасаваньне яго азначала б вялікія траты, вялікія выдаткі. Увогуле, неяк вельмі шмат абставінаў выступілі за Гергіева і супраць настрояў мюнхэнскай грамадзкасьці. Але гэта ўсяго толькі першая бітва. Я думаю, што ўсё будзе залежаць ад таго, як пойдуць далей справы, як павядзе сябе сам Гергіеў, якія настроі пераважаць у мюнхэнскай грамадзкасьці».

9 і 10 ліпеня ў рамках цыкла вечароў Ігара Стравінскага ў Мюнхэне адбудуцца заключныя канцэрты Валерыя Гергіева з мюнхэнскім філярманічным аркестрам, якім яму, мяркуючы па ўсім, усё ж трэба будзе кіраваць бліжэйшыя 5 гадоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG