Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Радзе бясьпекі ААН асудзілі дзеяньні прарасейскіх баевікоў ў Данбасе


Паседжаньне Рады бясьпекі ААН

Паседжаньне Рады бясьпекі ААН

Расея зноў была ў ізаляцыі на пасяджэньні Рады бясьпекі ААН.

Дыпляматы шэрагу краін асудзілі дзеяньні прарасейскіх баевікоў на ўсходзе Ўкраіны. Гэта адбылося на пасяджэньні Рады бясьпекі ААН у Нью-Ёрку.

Усе сябры Рады бясьпекі адзначылі дэмакратычны характар выбараў ва Ўкраіне і прызналі іх легітымнасьць. Разам з тым намесьнік генэральнага сакратара ААН па палітычных пытаньнях Джэфры Фэлтман выказаў занепакоенасьць ростам гвалту на ўсходзе Ўкраіны.

Амбасадары ЗША, Францыі і Вялікабрытаніі асудзілі дзеяньні баевікоў, якія захапілі прадстаўнікоў АБСЭ і сарвалі галасаваньне ў частках Данецкай і Луганскай абласьцей.

Расейскі амбасадар у ААН Віталь Чуркін зноў агучыў патрабаваньне прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна спыніць антытэрарыстычную апэрацыю.

У адказ ўкраінскі прадстаўнік Юры Сяргееў спытаў: «Да гэтага часу мы не атрымалі адказу, што сотні чачэнцаў робяць ва Ўкраіне? Яны не хаваюць, што абараняюць свае інтарэсы. Якія інтарэсы? Яны абараняюць славянскае праваслаўе? Што сотні ўзброеных казакоў з Расеі робяць ва Ўкраіне?»

Амбасадар Украіны ў ААН прапанаваў расейскаму боку папрасіць сваіх грамадзян вярнуцца дадому.

Рада бясьпекі ААН ужо на працягу трох месяцаў рэгулярна абмяркоўвае падзеі ва Ўкраіне. Любыя спробы прыняць абавязковае да выкананьня рашэньне блякуе Расея, якая зьяўляецца сталым сябрам Рады бясьпекі і мае права вета на рашэньні гэтага органа.
XS
SM
MD
LG