Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Нягледзячы на ўкраінскі крызіс, Масква працягвае эўразійскую інтэграцыю


Прэзыдэнты Назарбаеў, Лукашэнка і Пуцін

Прэзыдэнты Назарбаеў, Лукашэнка і Пуцін

Масква працягвае праводзіць у жыцьцё сваю мару аб эўразійскай інтэграцыі, паглыбляючы і распрацоўваючы яе. У справу ідуць як субсыдыі, так і ціск. Аднак некаторыя з магчымых чальцоў саюзу перабываюць ў сумневах, – піша ў сваім артыкуле аналітык Радыё Свабода Робэрт Коалсан.


Нягледзячы на сур'ёзныя сумневы з боку яго магчымых чальцоў, праект Эўразійскага эканамічнага саюзу, які падтрымліваецца Масквой, разьвіваецца поўным ходам.

Чакаецца, што 29 траўня на саміце Расеі, Беларусі і Казахстану ў Астане гэтыя тры краіны падпішуць дамову, згодна зь якой да студзеня 2015 году трохбаковы Мытны Саюз ператворыцца ў Эўразійскі эканамічны Саюз (ЭЭС).

На фоне яго ўмацаваньня адбываецца адначасовае пашырэньне яго межаў. Да будучага ўступленьня ў ЭЭС рыхтуюцца Армэнія і Кіргізія.

Аднак па меры таго, як Масква на прыкладзе ўкраінскага крызісу прадэманстравала сваю гатоўнасьць ўмешвацца ва ўнутраныя справы сваіх суседзяў, напярэдадні падпісаньня дамовы пачалі ўзрастаць засьцярогі. Гэтыя засьцярогі выявіліся ўжо ў мінулым месяцы на сустрэчы трох кіраўнікоў Мытнага саюзу ў Менску.

«Напярэдадні саміту (у Менску) вельмі выразныя заявы аб тым, што ў Эўразійскім саюзе павінна быць больш эканомікі, чым палітыкі, сьведчаць аб тым, што ёсьць імкненьне працэс падрыхтоўкі дамовы максымальна зацягнуць, – лічыць менскі аналітык Юры Чавусаў. – Эўразійскі саюз разглядаўся проста як новая пляцоўка для дасягненьня гэтых кампрамісаў. Цяпер жа, пасьля ўкраінскіх падзей, становіцца відавочна, што гэта не зусім адзіная прастора перамяшчэньня тавараў і паслуг, а можа аказацца адзіная прастора перамяшчэньня зялёных чалавечкаў або ветлівых людзей (рэд. – абодва выразы адносяцца да расейскіх агентаў і наймітаў, падазраваных у распальваньні беспарадкаў ва Украіне), і, увогуле, адзіная прастора патэнцыйна вельмі канфліктагенная».

Гэты такі жаданы для Масквы праект прадстаўляецца як адна са спроб Расеі аднавіць сваё палітычнае панаваньне над пост-савецкай прасторай і выкліканы хутчэй палітычнымі амбіцыямі Масквы, чым эканамічнай неабходнасьцю.

«Гэта відавочна палітычны праект, – лічыць старэйшы аналітык Інстытуту бясьпекі ЭЗ (ISS) і сааўтар нядаўняй справаздачы аб ЭЭС Ніку Папеску. – Эканоміка тут вельмі туманная».

«Расея ўспрымае сябе палітычным і геапалітычным полюсам глябальнага маштабу, і яе праект здабыцьця хаўрусьнікаў у пост-савецкай прасторы не зьяўляецца толькі эканамічным, – працягвае ён. – Расея несумненна жадае, каб ён апынуўся эканамічна дзейсным, аднак, калі гэтага не адбудзецца, стратэгічныя і палітычныя імкненьні Расеі пераважваюць эканамічныя выдаткі гэтага саюзу».

Прарэктар Дыпляматычнай акадэміі МЗС РФ Аляксандар Лукін напісаў нядаўна, што ЭЭС зьяўляецца «цэнтрам незалежнай сілы ў Эўразіі» і што, «нягледзячы на ўсю важнасьць эканамічных меркаваньняў, яны зьяўляюцца другаснымі ў адносінах да набору каштоўнасьцяў, якія адрозьніваюцца ад тых, што ўсхваляюцца Захадам».

У ценю ўкраінскіх падзей


На працягу доўгага часу, яшчэ да пачатку ўкраінскага крызісу, Масква прыкладала магутныя намаганьні, каб дамагчыся падпісаньня дамовы аб стварэньні ЭЭС гэтай вясной. Гэтае імкненьне Масквы, падобна, матывавалася ня столькі эканамічнымі меркаваньнямі, колькі яе жаданьнем зноў аб'яднаць пост-савецкую прастору.

Тым ня менш, падзеі ва Ўкраіне пахіснулі траісты саюз і ўзбудзілі, на думку менскага палітоляга Юрыя Чавусава, засьцярогі як у Беларусі, так і ў Казахстане што да больш глыбокай інтэграцыі з Расеяй. На красавіцкім саміце трох лідэраў у Менску і прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка і прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў палічылі, што працэс стварэньня Эўразійскай саюзу разьвіваецца занадта хутка.

У выніку ключавыя месцы падрыхтаванай да падпісаньня ў Астане дамовы поўныя прабелаў.

«Што цікава, многія дамоўленасьці будуць устаноўленыя ў дадатках, – лічыць прафэсар Юрыдычнай школы Бірмінгемскага ўнівэрсытэту Рылка Драгнева-Льюэрс, якая вывучае пытаньні эўразійскай інтэграцыі. – Што яшчэ вельмі цікава, у працэсе перамоваў зьніклі хоць якія згадкі пра наддзяржаўныя ўтварэньні, такія як эўразійскі парлямэнт. Гэта было відавочна зроблена на патрабаваньне з боку Назарбаева і Казахстану».

Аднак, у руках Расеі па-ранейшаму застаюцца магутныя палітычныя і эканамічныя рычагі ўзьдзеяньня на сваіх малодшых партнэраў, таму застаецца незразумелым, ці яны адмовіліся ад гэтых плянаў канчаткова, ці яны толькі часова адкладзеныя на будучыню.

Эканамічны бок саюзу


Нягледзячы на тое, што Мытны саюз функцыянуе са студзеня 2010 году, няпроста ацаніць яго эканамічны ўплыў на яго чальцоў. Спачатку гандаль вырас, аднак аналітыкі адносяць гэты рост на аднаўленьне пасьля глябальнага фінансавага крызісу 2008-09 гадоў.

Тым ня менш, на мінулым тыдні Эўразійская Эканамічная Камісія паведаміла, што гандаль паміж гэтымі трыма дзяржавамі ў першым квартале 2014 году зьнізіўся амаль на 13% у параўнаньні з тым жа пэрыядам у 2013-м.

Акрамя таго малодшыя партнэры лічаць, што нягледзячы на Мытны саюз, Расея так і не адкрыла для іх цалкам свае рынкі. У канцы 2013 году прэм'ер-міністар Беларусі Ўладзімер Сямашка заявіў, што Расея абмежавала імпарт беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі, што выявілася ў зьніжэньні аб'ёмаў машынабудаваньня краіны на 2%. Ён заявіў, што Беларусь занадта цесна зьвязаная з Мытным саюзам і заклікаў да разьвіцьця гандлёвых адносін зь іншымі замежнымі рынкамі.

Казахстан таксама скардзіцца, што Расея не адкрыла свае рынкі.

«Многія скардзяцца прадпрымальнікі, што экспарт, дапусьцім, у Расею, нягледзячы, што Мытны саюз – ён абмежаваны, – кажа алмацінскі бізнэсмэн Алтай Сандыбаеў. – Алькагольная прадукцыя, у прыватнасьці. Яны пра гэта крычаць на ўсіх вуглах, але нічога не мяняецца».

Абяцаньні аб доступе да прыбытковых расейскіх рынкаў аказаліся, паводле яго, «пустымі абяцаньнямі».

«У той жа час, аб'ём гандлю паміж трыма краінамі Мытнага саюзу і ЭЗ вырас у мінулым годзе на 2,5 %, – адзначае аналітык ISS Папеску. – Так што шмат у чым расейскія ці казахскія гандлёвыя адносіны з ЭЗ здаравей, чым паміж сабой».

Шматлікія дасьледаваньні, паводле Папеску, паказваюць на тое, што больш трывалыя гандлёвыя адносіны з краінамі зьнешняга сьвету дапамаглі б эканамічнаму разьвіцьцю ўсіх пост-савецкіх дзяржаў значна больш, чым паглыбленьне інтэграцыі паміж імі.

Больш за тое, у адказ на глябальны фінансавы крызіс Расея падняла пратэкцыянісцкія пошліны і прымусіла астатніх чальцоў Мытнага саюзу зрабіць тое самае. Казахстан асабліва незадаволены так званым «адхіленьнем гандлю», пры якім тавары з больш высокімі пошлінамі з краін, якія не ўваходзяць у Мытны саюз, былі выцесьненыя з рынку больш таннымі, але менш якаснымі таварамі краін-чальцоў.

Калі ў сувязі з украінскім крызісам расейская эканоміка падпадзе пад ўсёабдымныя санкцыі з боку Захаду, астатнія чальцы Мытнага саюзу таксама могуць апынуцца пад іх ўскосным узьдзеяньнем.

Магчымыя чальцы


Нягледзячы на гэтак непераканаўчыя эканамічныя паказчыкі, Армэнія і Кіргізія маюць намер далучыцца да блёку.

Увосені 2013 году Армэнія ўразіла многіх аглядальнікаў, калі прэзыдэнт Серж Саргсян заявіў, што Ерэван прыпыняе перамовы па Пагадненьні аб Асацыяцыі з Эўразьвязам, а замест гэтага мае намер далучыцца да ЭЭС.

Армэнія знаходзіцца ў доўгай палітычнай і эканамічнай ізаляцыі ў сувязі з канфліктам з суседнім Азэрбайджанам з нагоды Нагорнага Карабаху. Палітычна, эканамічна, а таксама ў галіне бясьпекі яна моцна залежыць ад Расеі. Саргсян заявіў, што паколькі Армэнія зьяўляецца чальцом Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы (CSTO), якую ўзначальвае Расея, то ёй мае сэнс далучыцца і да ЭЭС, нягледзячы на тое, што афіцыйна яны ніяк паміж сабой не зьвязаныя.

Па здагадках аналітыкаў, Расея, магчыма, пагадзілася паменшыць сваю падтрымку палітычным супернікам Армэніі, і, магчыма, гэта зрабіла ЭЭС больш павабным для Саргсяна.

Драгнева-Льюэрс адзначае, што ЭЭС «у адрозьненьне ад ЭЗ, ня мае намеру зьмяніць прыроду мясцовых дзяржаўных утварэньняў». Для некаторых пост-савецкіх дзяржаў далучэньне да саюзу трох аўтарытарных пост-савецкіх рэжымаў здаецца прывабным, у той час як краіны з больш адкрытымі палітычнымі сыстэмамі, такія як Малдова, Украіна і Грузія, глядзяць на гэта больш скептычна.

Кіргізія, на думку бішкецкага палітычнага аналітыка Эльміры Нагайбаевай, адносіцца да першай катэгорыі.

«Такое адчуваньне, што Кыргызстан – гэта такая дзяржава, якая цалкам капіюе ўсе мадэлі, якія ёсьць, – кажа Нагайбаева. – Кыргызстан нават не спрабуе на сёньняшні дзень выбудаваць уласную зьнешнюю палітыку. Гэта такая інэртная рэакцыя на навакольнае асяродзьдзе».

Прадпрымальнікі Кіргізіі таксама выказваюць засьцярогі з нагоды далучэньня да Мытнага саюзу. Прэзыдэнт асацыяцыі лёгкай прамысловасьці ў Бішкеку Фархад Талагонаў адзначае, што 60% кіргіскага імпарту прыходзіць з краін, якія не ўваходзяць у Мытны саюз, асабліва з Кітая і Турцыі. Калі Кіргізія ўступіць у Мытны саюз, пошліны на гэтыя тавары ўзрастуць больш чым удвая.

Чынара Касымбекава прадае паліто і іншую вопратку на рынку «Дардой » – самым вялікім рынку ў Цэнтральнай Азіі.

«Бізнэсу ня будзе, калі цяпер, бачыце, усё падаражэе, – патлумачыла яна RFE/RL. – Зараз тавар ужо дарагі, калі ў Мытны саюз увойдзем, тады наогул ужо нічога ня будзе. Пасьля Мытнага саюзу ўсе людзі ўжо адмаўляюцца, ужо працаваць ня будуць. Хутчэй за ўсё, ня ведаю, можа быць, дома будуць сядзець, можа зьяжджаць будуць. Ня ведаю».

Тым ня менш, Кіргізія выразна адчувае сваю міжнародную ізаляцыю і адсутнасьць магчымасьцяў. На прэс-канферэнцыі, якая адбылася пасьля саміту Мытнага саюзу ў Маскве ў мінулым сьнежні, прэзыдэнт Кіргізіі Алмазбек Атамбаеў выглядаў больш чым пакорлівым і гатовым дзейнічаць.

«Вы павінны таксама разумець, што, на жаль, у нас мала альтэрнатыў, – сказаў Атамбаеў. – Гэта вось Украіна можа выбіраць – Асацыяцыя з Эўразьвязам або Мытны саюз, а ў нас выбар замалы».


(У напісаньні гэтага артыкулу прымалі ўдзел Армянская, Беларуская, Казаская, Кіргіская і Расейская службы RFE/RF).
XS
SM
MD
LG