Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Чэхіі: Беларусы спачатку думаюць, потым робяць


Амбасадар Чэхіі ў Беларусі Мілан Экерт у часе сустрэчы

Амбасадар Чэхіі ў Беларусі Мілан Экерт у часе сустрэчы

Амбасадар Чэхіі ў Беларусі Мілан Экерт верыць у пазытыўныя вынікі палітычнага дыялёгу між Эўразьвязам і Беларусьсю.

28 траўня ў Магілёве амбасадар сустрэўся з грамадзкасьцю. Паводле дыплямата, наведваючы беларускія рэгіёны, ён зьбірае інфармацыю пра іх, каб зрабіць больш плённымі ўзаеміны між Чэхіяй і Беларусьсю. Чэхія зацікаўленая ў наладжваньні супрацоўніцтва між рэгіёнамі дзьвюх краінаў, а таксама ў сфэры культуры і адукацыі.

«Я б хацеў, – тлумачыць Мілан Экерт, – каб рамкі гэтага супрацоўніцтва пашыраліся і каб больш шырока адчыняліся дзьверы ў Рэспубліку Беларусь. І першая такая спроба ўжо адбылася. У Беларусі прайшоў чэмпіянат сьвету па хакеі. Многія эўрапейцы даведаліся пра вашу краіну. Цешыць, што і самі беларусы маглі з эўрапейцамі пакантактаваць».

Мілана Экерта прызначылі амбасадарам у Беларусь пасьля чатырох гадоў працы ва Ўкраіне. Тамтэйшыя падзеі зьмянілі сьвет, кажа чэскі дыплямат: «За плячыма ў нас застаўся этап, які пачаўся з разбурэньня бэрлінскага муру і скончыўся ўкраінскім крызісам. Цяпер губляецца раўнавага і будзе дужа цяжка людзям, якія жывуць ва Украіне. Эканамічная сытуацыя там вельмі складаная. Я хацеў бы, каб новы прэзыдэнт гэтай краіны, аб’яднаў грамадзтва і захаваў цэласнасьць краіны і яе дзяржаўнасьць».

У адказ на пытаньне: чым адрозьніваюцца беларусы ад украінцаў, Мілан Экерт зазначыў, што зь ягоных назіраньняў беларусы спачатку думаюць, а потым робяць – украінцы ж наадварот – спачатку робяць, а потым думаюць.

Сустрэчу магілёўцаў з амбасадарам Чэхіі арганізаваў цэнтар гарадзкіх ініцыятываў. Адбылася яна ў канфэрэнц-залі гасьцініцы «Магілёў». На яе прыйшлі, акрамя журналістаў, студэнты і выкладчыкі мясцовых ВНУ ды сябры грамадзкіх арганізацыяў гораду. Публіка ў канфэрэнц-залі

Публіка ў канфэрэнц-залі

XS
SM
MD
LG