Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Паротнікаў: Расея хоча мець паўнавартаснага васала на сваіх заходніх межах


Андрэй Паротнікаў

Андрэй Паротнікаў

Чаму Аляксандар Лукашэнка выказаў нездавальненьне тэкстам дамовы аб Эўразійскім зьвязе, якая будзе падпісаная ў Астане заўтра, 29 траўня? Ці ўдасца беларускаму кіраўніку ў рамках новага аб’яднаньня захоўваць палітычныя і эканамічныя інтарэсы Беларусі?

На гэтыя пытаньні адказвае кіраўнік аналітычнага праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў.

— Што азначае нездавальненьне, выказанае Аляксандрам Лукашэнкам напярэдадні падпісаньня дамовы ад Эўразійскім зьвязе? Ці можна сказаць, што бакі здолелі знайсьці разумны кампраміс, ці ўсё ж Беларусь і Казахстан проста ўжо ня здольныя процістаяць расейскай волі?

— Мне цяжка казаць пра Казахстан, але відавочна, што Беларусь падпісвае гэтыя пагадненьні са спадзяваньнем на лепшае, на нейкія зьмены потым. На жаль, атрымаецца, як заўсёды — і гэта ў лепшым выпадку. Падпісаньнем гэтага пагадненьня Лукашэнка прадэманструе для Захаду, магчыма, для часткі Захаду, што ён больш не зьяўляецца самастойным геапалітычным суб’ектам. Яго будуць разглядаць як даважак да Расеі.

— Але і раней былі такія гучныя дамовы, якія падпісваліся, але ніяк не рэалізоўваліся. Існуе «саюзная дзяржава», пры стварэньні якой было дамоўлена, што будзе адзіная валюта, адзіны Канстытуцыйны акт. Можа, Лукашэнка спадзяецца, што і цяпер ён падпіша пагадненьні, але дзейнічаць будзе па-свойму?

— Я таксама на гэта спадзяюся. Але ў Крамлі можа быць іншы разьлік. Расея ўжо стамілася плаціць Беларусі і нічога за гэта ня мець. Зараз яны хочуць мець паўнавартаснага васала на сваіх заходніх межах. Васала, які ніколі ня кажа «не» і толькі выконвае тое, што кажуць з Крамля. Наколькі ў іх гэта атрымаецца — пытаньне адкрытае.

— Тым ня менш, калі адбываўся апошні саміт кіраўнікоў Расеі, Беларусі і Казахстана, Масква не імкнулася рашуча праціскаць свае інтарэсы. Уладзімер Пуцін нібыта пагадзіўся прыслухацца да беларускіх аргумэнтаў наконт вяртаньня тарыфаў за нафту.

— Ключавое слова — «нібыта». Па-другое, пра што там ішла размова за зачыненымі дзьвярыма, мы фактычна ня ведаем. Наконт нафты — трэба разумець, што тут супадзеньне інтарэсаў ня толькі беларускага бюджэту, але і расейскіх нафтавых кампаніяў. Таму тут ня трэба казаць, што Пуцін нешта падараваў. Ён дзейнічае ў інтарэсах нафтавага лобі, якое зацікаўленае ў супрацы з Беларусьсю.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG