Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абама: Расейская агрэсія «нэрвуе эўрапейскія сталіцы»


Барак Абама

Барак Абама

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама абвясьціў пра зьмену стратэгіі барацьбы з тэрарызмам, якую праводзіць Амэрыка.

Паводле яго, акупаваць кожную краіну, у якой месьцяцца гнёзды тэрарыстычных арганізацый – палітыка няўстойлівая і наіўная. Пра гэта амэрыканскі лідэр заявіў у выступе на цырымоніі выпуску ў вайсковай акадэміі Вэст-Пойнт пад Нью-Ёркам.

Абама абвясьціў аб намеры стварыць новы фонд для міжнароднай барацьбы з тэрарызмам памерам 5 мільярдаў даляраў, які дазволіць навучаць спэцыялістаў у барацьбе з гэтым злом і разьвіваць супрацоўніцтва зь іншымі краінамі, якія, як ён выказаўся, знаходзяцца на перадавой лініі.

Разам з тым, Абама заявіў, што ЗША будуць выкарыстоўваць вайсковую сілу і, калі спатрэбіцца, нават у аднабаковым парадку, калі гэтага буду патрабаваць амэрыканскія інтарэсы.

Прэзыдэнт ЗША таксама падкрэсьліў, што ня бачыць магчымасьці вырашэньня канфлікту ў Сырыі ўзброеным шляхам.

На працягу сваёй прамовы Абама неаднаразова згадваў Украіну.

Спыняючыся на апошніх падзеях, ён заявіў, што агрэсія Расеі супраць былых савецкіх рэспублік «нэрвуе эўрапейскія сталіцы» і ня можа застацца без увагі і рэакцыі ЗША.

«Нядаўнія дзеяньні Расеі ва Ўкраіне нагадваюць тыя дні, калі савецкія танкі ўварваліся ва Ўсходнюю Эўропу. Але сёньня не Халодная Вайна. Наша здольнасьць фармаваць сусьветную публічную думку дапамагла адразу ізаляваць Расею. Дзякуючы амэрыканскаму лідэрству, сьвет імгненна асудзіў дзеяньні Расеі. Эўропа і краіны «Вялікай сямёркі» далучыліся да нас і ўвялі санкцыі. НАТО ўзмацніла падтрымку ўсходнеэўрапейскім саюзьнікам. Міжнародны валютны фонд дапамагае стабілізаваць украінскую эканоміку. Назіральнікі з АБСЭ зьвярнулі ўвагу ўсяго сьвету на нестабільныя рэгіёны Ўкраіны. Мабілізацыя сусьветнай грамадзкай думкі і інстытуцыяў паслужыла супрацьвагою расейскай прапагандзе, расейскім войскам на мяжы і ўзброеным баевікам. У мінулую нядзелю мільёны ўкраінцаў галасавалі на выбарах, я гаварыў зь іх будучым прэзыдэнтам. Мы ня ведаем, чым усё закончыцца, Украіну яшчэ чакаюць сур'ёзныя цяжкасьці. Але тое, што мы разам з нашымі саюзьнікамі дзейнічаем на карысьць захаваньня міжнароднага парадку, дае ўкраінскаму народу шанец выбраць сваю будучыню», – сказаў Барак Абама.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG