Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Абламейка: «Хачу, каб „Настальгію“ прачытала моладзь». Поўнае відэа

абноўлена

Сяргей Абламейка: «Хачу, каб „Настальгію“ прачытала моладзь»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:29:43 0:00

Сяргей Абламейка: «Хачу, каб „Настальгію“ прачытала моладзь»

Дзе б і куды б ні вандраваў пісьменьнік і журналіст Сяргей Абламейка, як сьцьвярджаецца ў выдавецкай анатацыі да новай ягонай кнігі «Настальгія», усе падарожжы заканчваюцца ў беларускай гістарычнай і культурнай прасторы. Як усьведамляе і разумее яе аўтар? Ці можна зьмяніць сытуацыю да лепшага нават у наш неспрыяльны для разьвіцьця культуры час?
Ці не застаецца і сёньня беларушчына беспрытульнай папялушкай, як яе колісь назваў Сяргей Абламейка?

Чаму для кнігі ён абраў жанр падарожнай, бесьсюжэтнай прозы? Што азначае назва кнігі? Па чым настальгія, як яна ўзьнікла і якую пачуцьцёвую афарбоўку мае? Ці існуе нейкая паралель са знакамітым фільмам Андрэя Таркоўскага?

Якое месца «Настальгія» Сяргея Абламейкі займае ў выдавецкай лінейцы «Галіяфаў» і ў сучаснай літаратурнай прасторы?

У тэлестудыі Радыё Свабода пісьменьнік, журналіст Сяргей Абламейка прадстаўляе сваю новую кнігу «Настальгія». У размове бярэ ўдзел і дырэктар выдавецтва «Галіяфы» Зьміцер Вішнёў. Вядзе праграму Вячаслаў Ракіцкі.



Прэзэнтацыя — 29 траўня а 19-й гадзіне ў менскай кнігарні «Галіяфы» (вул. Валгаградзкая, 6). Уваход вольны.

Фрагмэнты перадачы


Вячаслаў Ракіцкі: Сяргей, чаму вы назвалі кнігу «Настальгія»? Па чым настальгія? І якая тут паралель зь фільмам Андрэя Таркоўскага?

Сяргей Абламейка: Паралель з Таркоўскім тут відавочная. Фільм быў прыкметнай мастацкай зьявай у савецкія часы. Выдатна сыграў там Алег Янкоўскі. Ён добра вядомы ў нашай культурнай прасторы. А мы ўсе ў пэўнай ступені родам з СССР. Але настальгія — паняцьце ўнівэрсальнае. Я ўкладаў у гэты тэрмін не зусім тое, што звычайна разумеюць пад ім, — не тугу эмігранта па радзіме. Кніжка гэтая падарожная, тэксты нараджаліся ў часе вандровак, і палова тэкстаў — пра падарожжы ў Беларусь. І я, вандруючы па Беларусі, адчуваў настальгію. Па чым? Адказы ў кнізе, у гэтых тэкстах.

Ракіцкі: А самая галоўная туга?

Абламейка: Самая галоўная — туга па сапраўднай культурнай Беларусі, па тым, што магло б быць, але зь нейкіх прычынаў не адбываецца. І другі момант — гэтая туга ўзьнікае і на параўнаньні са сьветам, з тымі краінамі, куды ты вандруеш, дзе ты знаходзісься. Сьвет — разнастайны, вельмі багаты, і наша
Самая галоўная — туга па сапраўднай культурнай Беларусі, па тым, што магло б быць, але зь нейкіх прычынаў не адбываецца
жыцьцё адрозьніваецца ад жыцьця ў большасьці краінаў сьвету. А якія рэаліі ў Беларусі, усе мы добра ведаем. І знаходзячыся там, калі ты беларус, калі твая душа і тваё сэрца знаходзяцца ў беларускай культурнай і гістарычнай прасторы, ты ня можаш не параўноўваць.

Ракіцкі: «Каб любіць Беларусь сваю мілую, трэба ў розных краях пабываць?»

Абламейка: Разумееце, я ня ставіў сабе мэту напісаць кніжку. Некаторыя свае кнігі я, натуральна, пісаў як кнігі. А гэтую я не пісаў. Яна напісалася сама. Я проста натаваў свае пачуцьці і свае эмоцыі падчас падарожжаў. Гэта —сапраўды падарожныя тэксты, сапраўды падарожная проза. Я рэфлексаваў, разважаў, параўноўваў, абураўся, тужыў па нечым, што магло б быць у нас, а ёсьць у іншых.

Ракіцкі: Мне падаецца, што тая культурная і гістарычная прастора, куды вы абавязкова вяртаецеся з вандровак, у вас вельмі пэсымістычная. Вы сапраўды адчуваеце нейкую страчаную, нешматстайную, мо нават аднабокую Беларусь?

Абламейка: Пэсымізм там прысутнічае. Цяжка быць аптымістам у той сытуацыі, якая цяпер ёсьць у Беларусі і ў якой апынулася беларуская культура. Але пэсымізм там не безнадзейны, як мне здаецца. Я бачу там і аптымістычныя тэксты. Напрыклад, тэкст пра маю вандроўку па Празе. Гэтыя тэксты заканчваюцца маімі аптымістычнымі тэзамі, што мы прарвёмся і ўсё ў нас будзе добра, і што мы моцныя і цяпер. Насамрэч, проста трэба стваральна працаваць.
Цяжка быць аптымістам у той сытуацыі, якая цяпер ёсьць у Беларусі і ў якой апынулася беларуская культура. Але пэсымізм там не безнадзейны
Ракіцкі: А ваша, Зьміцер, бачаньне культурнай прасторы Беларусі, яе рэаліяў супадае зь Сяргеевым?

Зьміцер Вішнёў: Па-першае, я не пагаджуся, што кніжка пэсымістычная. На мой погляд, яна хутчэй самотная, самотна-лірычная, самотна-лірычна-філязофская. Тут туга ня толькі па тым, што не адбылося і што было, а туга па тым, што будзе.

Абламейка: Чалавек тужыць, бо хоча гэтую будучыню наблізіць. Ён верыць, што гэта будзе, але шкада, што гэтага няма цяпер. Зьміцер вельмі трапна заўважыў. Гэта мая такая асабістая рэфлексія, мае мары, мае алюзіі. Яны і ў мінулым, і наперадзе. У гэтай кнізе, у яе ацэнцы я не прэтэндую на нейкія мастацкія адкрыцьці. Я хачу падкрэсьліць, што гэта вельмі індывідуальная, індывідуалістычная кніга. Гэта тычыцца і формы, і зьместу яе, і выбранай эстэтыкі. Аднойчы адзін мой калега, пісьменьнік, прачытаўшы адно з маіх эсэ з гэтай кнігі, сказаў, што ён успрымае яго як заяўку на нейкі большы тэкст, што можа атрымацца брашура ці кніга. А я яму сказаў: мо ты так успрымаеш, а я ў гэтым эсэ напісаў дакладна так, як хацеў, дакладна тое, што хацеў, і дакладна столькі, колькі хацеў.

Ракіцкі: Гэта значыць, кнігу крытыкаваць нельга?

Абламейка: Наадварот. Я ўжо чуў самыя супрацьлеглыя меркаваньні пра яе. Адзін добра вядомы пісьменьнік ацаніў яе вельмі кепска, сказаў, што рукапіс нават друкаваць ня трэба. А другі заявіў, што кожны беларускі інтэлігент павінен гэту кніжку паставіць на палічку побач, прыкладам, з Ігнатам Абдзіраловічам.

Вішнёў: Вельмі важна, што гэтая кніжка трапіць у рукі маладых чытачоў. Гэта і будзе культурніцкая пераемнасьць. Я спадзяюся, яны пачуюць голас аўтара і пастараюцца нешта выправіць у нашай культурнай прасторы.
Кожны беларускі інтэлігент павінен гэту кніжку паставіць на палічку побач, прыкладам, з Ігнатам Абдзіраловічам
Вішнёў: Найлепшыя творы ўсё ж пішуцца не для аўдыторыі, а для ўласнага спажываньня. Гэта маё вялікае перакананьне. Ты пішаш спачатку для сябе, а потым прымаеш рашэньне, ці выносіць гэта на шырокую аўдыторыю.

Абламейка: Я згодны са Зьмітром. Гэта была мая асабістая асалода...

Ракіцкі: Гэта кніга пра беспрытульную Папялушку? Вы калісьці так азначылі беларушчыну. Хто абароніць яе?

Абламейка: Не, сёньня ўжо не пра Папялушку. Гэта вельмі стары эпітэт з 1990-х гадоў, які вы недзе знайшлі. А сёньня гэтую папялушку абароняць тыя, хто ў беларускай культуры працуе і стварае яе. Мы самі. Кожны адказны за тое, каб болей зрабіць, болей напісаць і болей пакінуць. Гэта самае галоўнае. Вы ж бачыце, мы гаворым пра тое, што беларушчына як трава, якая прарастае праз асфальт. Я думаю, што наша культура мае будучыню.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG