Лінкі ўнівэрсальнага доступу

29 траўня ў Астане кіраўнікі Беларусі, Казахстану і Расеі зьбіраюцца падпісаць Дамову аб Эўразійскім эканамічным саюзе. Яна пачне дзейнічаць ад 1 студзеня 2015 году. Дзякуючы намаганьням Казахстану з Дамовы выключаны палажэньні аб стварэньні Міжпарлямэнцкай асамблеі Эўразійскага саюзу, увядзеньні агульнага грамадзянства, супольнай зьнешняй палітыкі, агульнай аховы мяжы і супольнай пашпартна-візавай сфэры.

Аляксандар Лукашэнка сёньня назваў Дамову аб Эўразійскім саюзе «кампрамісам» і «ня той Дамовай, на якую разьлічвала Беларусь, і ня той, пра якую адпачатку заяўлялі партнэры, найперш Расейская Фэдэрацыя».

Найбольш матэрыялаў пра Эўразійскі саюз у гэтыя дні ў мэдыях Казахстану. І, выглядае, ня толькі таму, што Дамова падпісваецца ў Астане. Казахстанскія палітыкі даводзяць насельніцтву сваёй краіны, што стварэньне Эўразійскага саюзу ня будзе абмяжоўваць іх нацыянальныя інтарэсы.

Так, намесьнік міністра замежных спраў Самат Ардабаеў за тры дні да падпісаньня Дамовы на спэцыяльным брыфінгу патлумачыў:

«Спачатку быў прапанаваны агромністы праект Дамовы, аб’ёмам амаль дзьве тысячы старонак. Была спроба ўключыць у яго такія палажэньні, якія, па сутнасьці, рэглямэнтуюць усе бакі жыцьця нашых дзяржаў. І толькі дзякуючы пасьлядоўнай пазыцыі Казахстану былі выключаныя такія пытаньні, як агульнае грамадзянства, зьнешняя палітыка, міжпарлямэнцкае супрацоўніцтва, пашпартна-візавая сфэра, агульная ахова мяжы і г.д.

Будуць толькі эканамічныя пытаньні. З улікам інтарэсаў нашай дзяржавы было вырашана — наднацыянальным органам рэгуляваць пытаньні эканомікі. Ніякай палітыкі».

Такі падыход падзяляе і дырэктар казахстанскага Інстытуту інавацыйнай эканомікі, доктар эканамічных навук Магбат Спанаў. Ён сказаў беларускай Свабодзе наступнае:

«З дамовы, па вялікім рахунку, наўпрост палітычныя рэчы выключаныя. І я гэта падтрымліваю. Усё-ткі ёсьць пэўныя апасеньні наконт уплыву і ціску з боку Расеі ў гэтым саюзе.

Павінна быць роўнасьць пры вырашэньні ўсіх пытаньняў. Расея кажа, што ўсе мы роўныя. Але насамрэч атрымлівалася вось што. Многія чальцы Эўразійскай камісіі ўдзельнічалі ў супольнай працы ў складзе ўраду Расеі. Адпаведна, яны атрымлівалі заданьні ў Маскве і жорстка праводзілі гэтую палітыку. А Казахстан і Беларусь часам прайгравалі ў сваіх інтарэсах».

Беларускія палітыкі, у адрозьненьне ад казахстанскіх, устрымліваюцца ад публічных камэнтароў наконт палітычнай часткі Дамовы,— заўважае аналітык Беларускага цэнтру стратэгічных дасьледаваньняў (BISS) Андрэй Елісееў:

«Але мне здаецца, што яны больш падтрымлівалі Астану. Бо пазыцыя Беларусі і Казахстану ў гэтым пытаньні была адназначная: па мінімуме — палітыкі, па максымуме — эканомікі. Таму, мажліва, Беларусь не займала такой публічнай пазыцыі, бо бачыла, што тут прынцыпова выступае Казахстан. І таму збольшага, мабыць, займала нэўтральную пазыцыю менавіта ў гэтых пытаньнях».

Аляксандар Лукашэнка назваў Дамову аб Эўразійскім саюзе «кампрамісам» і «ня той Дамовай, на якую разьлічвала Беларусь, і ня той, пра якую адпачатку заяўлялі партнэры, найперш Расейская Фэдэрацыя». Пры гэтым кіраўнік Беларусі, як вынікае з паведамленьня БЕЛТА, не закранаў палітычнага аспэкту новага саюзу. Ён незадаволены эканамічнай часткай, а канкрэтна — тым, што ў Дамове застаюцца выняткі і абмежаваньні. А пытаньні нафты, газу, лекаў і некаторыя іншыя пераведзеныя на двухбаковую аснову.
Гэта той выпадак, калі Аляксандар Лукашэнка мае рацыю, — лічыць дырэктар па дасьледаваньнях Лібэральнага клюбу Яўген Прэйгерман:

«На 100% можна казаць, што Лукашэнка і беларускі ўрад маюць рацыю. Відавочна, што для той формы эканамічнай інтэграцыі, у якую мы ўступаем, а менавіта Эўразійскага эканамічнага саюзу, але і папярэдніх формаў — Мытнага саюзу і Адзінай эканамічнай прасторы — ніякіх выняткаў у прынцыпе быць ня можа».

«Нават калі ў Дамове застанецца толькі эканоміка, гэта абсалютна не гарантуе новаму саюзу вялікай пэрспэктывы», — лічыць эканаміст Леў Марголін:

«Хутчэй для нас гэта страхоўка, каб ня стала горш. Бо Расея неаднаразова давала зразумець — калі мы гэты дакумэнт не падпішам, то можа стаць яшчэ горш, чым цяпер.
Ці будзе надалей гэты саюз разьвівацца? Пытаньне спрэчнае. Таму што беларуская эканоміка без падтрымкі дзяржавы больш існаваць ня можа. І гэта ўжо зразумела ўсім. А новы саюз прапануе рынкавае існаваньне розных прадпрыемстваў, розных краін. І таму наша краіна будзе рознымі спосабамі, на розных роўнях, але ўсё ж такі рабіць пратэкцыю сваім прадпрыемствам. Таму нас чакаюць новыя гандлёвыя войны, пераважна ў тых галінах, дзе дзяржава ўсталёўвае сваю манаполію. А такіх галін у Беларусі робіцца ня менш, а больш».

29 траўня ў Астане чакаецца «дождж зь пераходам у сьнег і ўзмацненьне ветру», перадае «Казгідрамэт». Уначы тэмпэратура дасягне 5 градусаў марозу, удзень — 7–12 цяпла.

Няма адлігі і на палітычным полі Казахстану. Напярэдадні падпісаньня дамовы аб Эўразійскім саюзе ў Астане арыштавалі ўдзельнікаў «антыэўразійскага сходу» і журналістаў, якія асьвятлялі гэтае мерапрыемства. У Алматы актывісты атрымліваюць пракурорскія папярэджаньні пра «недапушчальнасьць правядзеньня акцыяў 28–29 траўня».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG