Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іван Красьцеў: Ніхто ня мае ўяўленьня, якой будзе пост-лукашэнкаўская Беларусь


Іван Красьцеў

Іван Красьцеў

Кіраўнік Цэнтру лібэральных стратэгій у Сафіі Іван Красьцеў падчас канфэрэнцыі GLOBSEC 2014 у Братыславе расказаў нашаму карэспандэнту пра ўплыў Пуціна ў Эўропе, пра пуцінскі «паліцэйскі погляд на гісторыю» і пра тое, чаму расейскі кіраўнік навучыўся ад Лукашэнкі.

Знаткевіч: Пяць гадоў таму вы былі адным з падпісантаў ліста да прэзыдэнта ЗША з заклікам больш удзельнічаць у эўрапейскіх справах. Ці лічыце вы, што цяперашнія падзеі ва Ўкраіне — гэта часткова наступства таго, што ЗША аддаліліся ад Эўропы?

Красьцеў: Я б ня стаў абвінавачваць у цяперашнім крызісе выключна прэзыдэнта Абаму. Але вядома ж, Злучаныя Штаты палічылі, што з Эўропай ўсё вырашана, і таму можна памяняць палітыку — калі раней ЗША былі прысутнай ў Эўропе дзяржавай, дык цяпер яны пераключыліся на «балянсаваньне на адлегласьці». Стала відаць, што ЗША пераносяць акцэнт у Азію ды іншыя месцы. Што тычыцца Расеі, дык пазыцыя ЗША была наступнай: «Мы будзем разглядаць Расею, як глябальнага гульца. Таму мы пакінем для эўрапейцаў такія дробныя пытаньні як Ўкраіна, Малдова ці Грузія. Мы будзем займацца такімі пытаньнямі, як Сырыя, Кітай, пазыцыя Расеі ў Радзе бясьпекі ААН». І я лічу, што гэта было няправільнае прачытаньне сытуацыі.

Вядома ж, значна лягчэй быць крытычным цяпер, празь пяць гадоў. Не забывайцеся, што ў 2009 годзе прэзыдэнтам Расеі быў спадар Мядзьведзеў, гучала гісторыя пра мадэрнізацыю, і спадар Абама лічыў, што зь
Бясьпека Эўропы ўспрымалася як нешта само сабой зразумелае.
Мядзьведзевым можна мець справы. На маю думку, у гэтым аналізе было прынамсі дзьве памылкі. Па-першае, бясьпека Эўропы ўспрымалася як нешта само сабой зразумелае. І Амэрыка паслала ўсім вельмі моцны сыгнал, што яна ўжо ня вельмі цікавіцца бясьпекай Эўропы. Некаторыя пабачылі ў гэтым недагляд, а некаторыя — вынік заняпаду амэрыканскай моцы. Але быў створаны вакуум моцы, і гэта паўплывала на чаканьні і паводзіны гульцоў. А па-другое, вельмі важны момант, на маю думку, у тым, што Эўразьвяз вырашыў — раз амэрыканцы сыходзяць, дык вялікай рызыкі няма, бо яны добра разьбіраюцца ў сытуацыі. Таму можна прыбраць палітыку бясьпекі з нашага парадку дня. Маўляў, гандлёвая палітыка будзе нашай палітыкай бясьпекі. На маю думку, мы цяпер бачым, што гэта была памылковае прачытаньне сытуацыі.

Знаткевіч: Вы казалі пра тое, што ў 2009 годзе Мядзьведзеў быў расейскім лідэрам, прынамсі фармальна. Але ж гэты было ўжо пасьля падзеяў у Грузіі. Чаму, на вашую думку, гэтыя падзеі не ўспрынялі дастатковы сур’ёзна?

Красьцеў: Ёсьць некалькі прычынаў. Пасьля Грузіі ўсё ішло так, нібыта нічога надзвычайнага не адбылося, найперш з-за фінансавага крызісу — гэта быў велічэзны шок, таму Захаду вельмі-вельмі не хацелася займацца яшчэ нейкім дадатковым крызісам. Па-другое, шмат у каго былі сумневы, каго найперш вінаваціць у крызісе. Вядома ж, нікому не падабалася тое, што расейцы ўвайшлі на тэрыторыю Грузіі, але некаторыя казалі, што паводзіны спадара Саакашвілі былі правакацыйнымі і ён зрабіў своё ўнёсак у крызіс. Але не забывайцеся і пра яшчэ адну больш важную рэч. Расея афіцыйна не зрабіла Паўднёвую Асэтыю і Абхазію часткамі Расейскай Фэдэрацыі. Таму шмат хто ўспрымаў гэта як абарончую палітыку з боку Расеі.

Акрамя таго, падчас крызісу 2008 году перамагла грузінская мэдыя-стратэгія. Расея не выглядала вельмі моцнай з гледзішча прапаганды. Расейскія войскі не паказалі сябе надта добра ў выпадку Грузіі — мы памятаем гісторыі наконт сур’ёзных праблемаў у камунікацыі і гэтак далей. Таму хоць Расея і прадэманстравала рашучасьць перасячы «чырвоныя лініі», грузінскі крызіс выявіў і слабасьць Расеі. І таму шмат хто ўспрыняў гэтую слабасьць як нешта само сабой зразумелае.

Знаткевіч: Ці лічыце вы, што гэтае ўспрыняцьцё цяпер радыкальна зьмянілася? Ці гатовыя ЗША вярнуцца ў эўрапейскія справы і ці маюць яны для гэтага дастаткова рэсурсаў?

Красьцеў: Гэта вельмі-вельмі цяжкія пытаньні. Вядома ж на нейкім узроўні тое, што адбылося, вельмі моцна ўдарыла па Злучаных Штатах. Нельга забывацца,
Калі амэрыканцы ня могуць абараніць Крым ад Расеі, чаму яны павінны абараняць Тайвань ад Кітаю?
што ЗША былі сярод гарантаў тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны. Гэта сур’ёзны крызіс даверу. Калі амэрыканцы ня могуць абараніць Крым ад Расеі, чаму яны павінны абараняць Тайвань ад Кітаю? Так што тут вядзецца ня толькі пра Эўропу.

Другі важны фактар у тым, што для ЗША прасьцей быць крыху больш радыкальнымі ў адносінах да Расеі, чым у некаторых іншых канфліктах (вядома ж без ваеннага радыкалізму). Гандлёвыя адносіны ЗША з Расеяй нязначныя. У той жа час жорсткую пазыцыю да Расеі падтрымліваюць абедзьве галоўныя партыі — і Рэспубліканцы, і Дэмакраты.

Асноўная праблема гэтага крызісу ў тым, што калі нешта пойдзе ня так, мы можам пабачыць ня большую ўцягнутасьць ЗША ў эўрапейскія справы, а сур’ёзныя праблемы ў адносінах паміж ЗША і Эўразьвязам. Бо існуе значная асымэтрыя. Эўразьвяз мае нашмат большы гандаль з Расеяй, нашмат больш залежыць ад Расеі і, за выняткам некалькіх краінаў, Эўразьвяз нашмат менш наважаны нешта рабіць у адносінах да Расеі. Таму ЗША на адным ўзроўні павінны паказаць, што яны вярнуліся, але з другога боку, яны павінны быць упэўненыя, што не вярнуліся адны. Недастаткова мець падтрымку балтыйскіх дзяржаваў і Польшчы. З гэтага гледзішча вельмі важнымі будуць адносіны паміж Нямеччынай і ЗША. І тут канфлікт з праслухоўваньнем [эўрапейскіх палітыкаў] агенцтвамі бясьпекі ЗША зрабіў гэтыя адносіны нашмат больш складанымі.

Знаткевіч: Падчас дыскусіі на канфэрэнцыі GLOBSEC 2014 вы казалі пра тое, што Расея разглядала як парушэньне нефармальных правілаў гульні прыход Захаду ў краіны, якія яна лічыла сваёй традыцыйнай сфэрай уплыву. Ці значыць гэта, што на вашую думку Захад меў магчымасьць неяк зьменшыць расейскія страхі?

Красьцеў: Я не лічу, што расейскую палітыку можна патлумачыць рэакцыяй на пашырэньне НАТО і Эўразьвязу. Гэта папулярнае тлумачэньне сярод тых, хто хоча апраўдаць дзеяньні Расеі, але сытуацыя нашмат больш складаная. Па-першае, вядома ж з боку Расеі існуе незадаволенасьць уладкаваньнем сьвету пасьля заканчэньня «халоднай вайны». Гэтую незадаволенасьць лёгка зразумець. У 1990-я Расея згубіла 30 працэнтаў свайго ВУП, згубіла тэрыторыі, якія дагэтуль лічыла часткай сваёй палітычнай і культурнай сфэры. 25 мільёнаў этнічных расейцаў апынуліся па-за межамі Расеі. Усё гэта рэальныя рэчы, бо гэтыя людзі мелі сваякоў і сяброў. І вядома ж у 1990-я было адчуваньне, што ад Расеі нічога не залежыць. Яна мела права вэта ў Радзе бясьпекі ААН, але гэтае вэта ня мела ніякага значэньня, калі адбывалася апэрацыя супраць Мілошавіча. Гэтая незадаволенасьць накоплівалася, і я лічу, што часткова цяперашняя падтрымка спадара Пуціна тлумачыцца тым, што расейцы вераць — ён спыніў гэтае прыніжэньне. Для расейцаў гэта важна. Была «халодная вайна», але яны не прайгралі яе на полі бою. Не было ваеннай паразы, і гэта значна адрозьнівае сытуацыю ад наступстваў клясычнай вайны. Гэты кампанэнт прысутнічае.

Другі кампанэнт гэта патэнцыял. Цяперашняя Расея папросту мацнейшая, больш заможная і больш падрыхтаваная ў ваенным пляне, чым раней. Нельга параўнаць расейскую апэрацыю ў Крыме, якая з ваеннага гледзішча была вельмі эфэктыўнай, з той дысфункцыйнасьцю, якую мы пабачылі ў Грузіі. У тэорыя міжнародных адносінаў ёсьць правіла, што здольнасьці і патэнцыял вызначаюць намеры. Калі вы адчуваеце сябе моцным, у вас зьяўляюцца іншыя ідэі пра сьвет.

Па-трэцяе, я лічу, што адбылася значная зьмена ў ідэалёгіі расейскага грамадзтва, а таксама расейскай эліты. Ужо ў сярэдзіне 1990-х адбылося
Калі Пуцін бачыць на вуліцы тысячу чалавек, ён ніколі ня будзе пытацца навошта яны там. Ягонае пытаньне будзе: Хто іх паслаў?
расчараваньне ў заходніх ідэях лібэральнай дэмакратыі, і тады зьявілася ідэя «нас не цікавяць ідэі». Галоўнае — грошы, галоўнае — дабрабыт. Але потым спадар Пуцін, асабліва пасьля пратэстаў у Маскве, пачаў разумець, што каб утрымаць еднасьць краіны, яму трэба даць народу нейкі сэнс. Зьявіўся нацыяналізм, і ён вельмі баяўся, што расейскі нацыяналізм набудзе анты-імігранцкі характар і будзе скіраваны супраць мігрантаў з Цэнтральнай Азіі. У Крыме ён скарыстаўся магчымасьцю. Мы ня ведаем, што б адбылося, калі б не падзеі вакол спадара Януковіча. Я ня думаю, што існаваў плян забраць Крым незалежна ад таго, як будуць разьвівацца падзеі.

І, на маю думку, вельмі важны чацьверты момант — у спадара Пуціна паліцэйскі погляд на гісторыю. Ён не адзін такі. Калі ён бачыць на вуліцы тысячу чалавек, ён ніколі ня будзе пытацца навошта яны там. Ягонае пытаньне будзе: Хто іх паслаў? І ён здолеў сябе пераканаць, што ведае, хто іх паслаў. Гэта, дарэчы, таксама і вынік таго, як ў 1990-я зьмяніліся дыскусіі вакол рэвалюцыі [1917 году]. Калі ў 1970-я, у савецкія часы, людзям даводзілася вывучаць дробныя групы працоўных, якія рыхтавалі рэвалюцыю, дык ў 90-я тлумачэньнем сталася тое, што бальшавікі прыйшлі да ўлады ў выніку нямецкай замежнай палітыкі, што Леніна прывезьлі на цягніку і гэтак далей. Таму калі ён пабачыў людзей на вуліцах ва Ўкраіне, а перад тым людзей ў сябе, ён сказаў: «Захад хоча мяне дэстабілізаваць. Але я ім пакажу, што я сам магу іх дэстабілізаваць». Ён робіць гэта ў Данецку, але ён таксама робіць гэта і ў сталіцах эўрапейскіх краінаў, працуючы зь лідэрамі крайне правых партыяў, з мэдыямі, зь бізнэс-супольнасьцю.

Наступіў вельмі цяжкі момант, калі і Эўразьвяз, і Расея з розных прычынаў зьяўляюцца даволі крохкімі праектамі. Прыйшоў пэрыяд ўзаемнай
Пытаньне ня толькі ў тым, што здарыцца з Ўкраінай, але і ў тым, што здарыцца з Эўразьвязам і з Расеяй.
дэстабілізацыі. Гэта можа быць большай рызыкай, чым мы ўяўляем. Бо пытаньне ня толькі ў тым, што здарыцца з Ўкраінай, але і ў тым, што здарыцца з Эўразьвязам і з Расеяй. Спадар Пуцін цяпер вельмі пасьпяхова пераключыў сваю легітымнасьць з эканамічных вынікаў на сымбалічную палітыку. Цяпер калі ў Расею прыйдзе эканамічны крызіс, большасьць расейцаў адразу ня будуць ўскладаць віну на спадара Пуціна. Але рызыка ў тым, што ён ня здолее забясьпечыць наступны цуд, наступную перамогу. Публіка цяпер жадае перамогаў, але атрымаць іх не заўсёды будзе так лёгка, як з Крымам.

Знаткевіч: Вы ўжо сказалі пра падтрымку Пуціна ў некаторых эўрапейскіх сталіцах. Ці бачыце вы яго, як новы сымбаль незадаволенасьці эўрапейскім лібэралізмам? І ці зможа ён разыграць гэтую карту з тымі эўрапейцамі, якія лічаць цяперашнія эліты Эўразьвязу адарванымі ад народу?

Красьцеў: Так, гэта магчыма. Мы тут размаўляем пра вельмі здольнага палітыка. Напрыклад, калі ён вырашыў вызваліць спадара Хадаркоўскага перад
Прыцягальнасьць спадара Пуціна ў тым, што нікога асабліва не цікавіць, што адбываецца ў Расеі.
Алімпіядай, і былі розныя тлумачэньні гэтаму, маё тлумачэньне было наступным — яму хочацца, каб яго крытыкавалі не за Хадаркоўскага, а за анты-гееўскае заканадаўства. Бо там у яго будуць аргумэнты, якія супадуць зь некаторымі страхамі заходняй публікі. Ён лічыць, што ў Эўропе сур’ёзны маральны заняпад, што эліты ня маюць сувязі з тым, як людзі бачаць сьвет. У гэтым ён не самотны. Таму людзі з крайне правымі і краіне левымі поглядамі могуць зразумець спадара Пуціна. Ён стаў сымбалічным лідэрам шырокай «кааліцыі незадаволенасьці».

З другога боку прыцягальнасьць спадара Пуціна ў тым, што нікога асабліва не цікавіць, што адбываецца ў Расеі. Бо для лявіцы ягоная эканамічная ці культурная палітыка ня вельмі прывабныя. У Маскве цяпер ня вельмі зручна быць леваком. А для традыцыйных крайне правых на Захадзе, якія шмат увагі надаюць заходняй тоеснасьці, погляды прыхільнікаў спадара Пуціна на Захад, таксама ня вельмі прывабныя. Але пакуль што ў яго атрымліваецца аб’яднаць незадаволенасьць значнай часткі эўрапейскага грамадзтва сваімі элітамі, і скарыстаць страх, што сьвет ідзе ня ў тым кірунку.

Знаткевіч: Ці лічыце вы, што пасьля выбараў у Эўрапарлямэнт гэтая «кааліцыя незадаволеных» дастаткова ўзмацніцца для таго, каб уплываць на эўрапейскую палітыку адносна Расеі?

Красьцеў: Верагодна, што так. Але праблема ў тым, што дагэтуль большасьць гэтых крайне правых партыяў былі партыямі «не». Яны кажуць: «Нам не падабаецца, што вы робіце датычна Пуціна, Пуцін мае рацыю ва Ўкраіне» і гэтак далей. Але некаторым з гэтых людзей будзе цяжка абараняць сваю пазыцыю, калі яны пабачаць, што ў расейскім дыскурсе напад усё больш ідзе супраць іх уласных краін. Напрыклад, яшчэ некалькі месяцаў таму, калі ішла гутарка пра Другую Ўсясьветную вайну, палітычна карэктна ў Маскве было казаць, што на Савецкі Саюз напалі нацысты. Цяпер гаворка ідзе пра немцаў. Я ня думаю, што гэта спадабаецца нямецкім нацыяналістам. Таму ў спадара Пуціна ёсьць моцныя пункты, але таксама сур’ёзныя абмежаваньні. Напрыклад, не яму крытыкаваць карупцыю на Захадзе. І тое, як ён купляе заходніх палітыкаў, такіх як спадар Шродэр, таксама ня вельмі прывабна для гэтай незадаволенай публікі.

Але гэтая публіка цяпер гатовая падтрымліваць Пуціна і захапляцца ім за ягоную здольнасьць рызыкаваць, бо мы жывем з элітамі, якія вельмі адмоўна ставяцца да рызыкі. Ён фактычна прапануе новую мадэль лідэрства, якая выглядае прывабнай для эўрапейцаў у часе крызісу. І вось тут, на маю думку, у яго ёсьць падставы для задавальненьня.

Знаткевіч: Кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку з аднаго боку называюць расейскай марыянэткай, палітыкам, усё больш залежным ад Расеі, але з іншага боку даўно ўжо казалі, што менавіта ад яго ў нечым вучылася расейскае кіраўніцтва ў 90-я і на пачатку кіраваньня Пуціна. У свой час Лукашэнка казаў, што эўрапейскія палітыкі ня маюць яйцаў, альбо зьдзекаваўся з адкрытай гомасэксуальнасьці міністра замежных спраў Нямеччыны Гіда Вэстэрвэле. На вашую думку, у якой ступені можна казаць пра ўплыў Лукашэнкі на Пуціна?

Красьцеў: Паміж імі ёсьць агульнае. Калі Беларусь зрабілася незалежнай дзяржавай, было няпроста вызначыцца зь яе тоеснасьцю. Бо нават у параўнаньні з Украінай было цяжка проста аднавіць нацыянальную тоеснасьць. І тады спадар Лукашэнка зрабіў крок, на які спачатку глядзелі вельмі іранічна. Пакуль ўсе крытыкавалі Савецкі Саюз, ён сказаў, што беларуская тоеснасьць
Лукашэнка здольны гуляць жорстка.
самая савецкая. Калі ўсе робяць прыватызацыю, я ня буду прыватызаваць. Пакуль усе крытыкуюць культ асобы, ён кажа «Я галоўны». Ён паказаў, што пры наяўнасьці палітычнай волі да змаганьня можна дзейнічаць асымэтрычна. Так што ён безумоўна быў адной з мадэляў для спадара Пуціна. Акрамя таго, спадар Пуцін пабачыў, што з Лукашэнкам цяжка мець справу, бо ён гуляе ў ягоную ж гульню. Я сачыў за справай «Уралкалія» — Лукашэнка здольны гуляць жорстка. Ён напаў на кампанію, у радзе дырэктараў якой быў Валошын — вельмі ўплывовы чалавек, былы кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі. Тым ня менш, ён арыштаваў дырэктара кампаніі, калі той быў у Менску.

Лукашэнка ведае сваё месца, абараняе сваю тэрыторыю, намагаецца трымаць сваё рэсурсы пад поўным кантролем і гатовы змагацца з кім заўгодна, хто хоча забраць яго ўплыў. Гэта таксама тычыцца і спадара Назарбаева. Той таксама ня хоча, каб нехта аспрэчваў ягоную ўладу. Для яго саюз з Масквой мае сэнс, калі спадар Пуцін узмацніць ягоную пазыцыю. Калі Пуцін вырашыць аслабіць ягоную пазыцыю, ён, як і Лукашэнка, гатовы змагацца з кім заўгодна. Яны гатовыя змагацца з Эўразьвязам, але яны таксама гатовыя змагацца з Пуціным.

Дарэчы, я думаю, што Пуцін пабачыць тое ж самае ва ўсходняй Украіне. Цяпер спадар Ахметаў цісьне на Кіеў. Але ўявіце на хвіліну, што Данбас стане часткай Расеі. Паверце, спадар Ахметаў будзе супраціўляцца Маскве, бо ён змагаецца за сябе. З аднаго боку, спадар Пуцін сам любіць такую палітыку, але з другога боку гэта рызыкоўная палітыка, бо немагчыма ўвесь час перамагаць.

Знаткевіч: Ці лічыце вы, што Расея можа скарыстацца цяперашняй сытуацыяй для далейшага далучэньня новых тэрыторыяў — у тым ліку паспрабаваць далучыць Беларусь?

Красьцеў: Я быў у Маскве некалькі тыдняў таму, і адно з маіх пытаньняў было: «Чаго вы ня зробіце?» Я гутарыў з высокімі прадстаўнікамі палітычнай эліты — старшынямі камісіяў ў Думе, людзьмі зь Міністэрства замежных спраў, але
Пуцін ня можа дазволіць, каб у Беларусі здарылася нешта падобнае да Ўкраіны.
таксама і з прадстаўнікамі Крамля, якія займаюцца ўнутранай палітыкай. Ніхто ня ведае. Бо ў нейкай ступені спадар Пуцін імправізуе. Ці ён цяпер зацікаўлены ў захопе Беларусі? Я так ня думаю. Ці можа зьявіцца сытуацыя, калі ён зацікавіцца? Так. Слабасьць такіх рэжымаў, як рэжым спадара Лукашэнкі ў тым, што мы ведаем, як выглядае Беларусь з Лукашэнкам, але ніхто ня мае ані найменшага ўяўленьня, якой будзе пост-лукашэнкаўская Беларусь. А спадар Пуцін ня можа дазволіць, каб у Беларусі здарылася нешта падобнае да Ўкраіны. З гэтага гледзішча Казахстан нават большая праблема з-за яго этнічнага складу. Таму ён можа пачаць уварваньне. Я не лічу, што Пуціна цікавіць выключна тэрыторыя. Расея мае вялікую тэрыторыю. Але ён зацікаўлены ў кансалідацыі славянскай большасьці.

Ён таксама хоча апраўдаць новую расейскую дзяржаву ня толькі ў імпэрскіх, але і ў цывілізацыйных тэрмінах. Ніколі нельга недаацэньваць антыміграцыйны патэнцыял расейскага нацыяналізму, асабліва ў вялікіх гарадах. У гэтым сэнсе эўразійскі палітычны праект не даваў яму ніякіх палітычных выгадаў. Хіба вы бачылі, каб нехта ў Расеі быў у захапленьні ад эўразійскага праекту? Ці ад гэтага пайшлі ўгару яго рэйтынгі? Не. Бо людзі там баяцца, што Расея вернецца ў Савецкі Саюз, дзе маўляў мы будзем плаціць за ўсіх.

Знаткевіч: Падчас дыскусіі на канфэрэнцыі GLOBSEC 2014 гучалі спасылкі на схему цывілізацыяў Самуэля Хантынгтана. Паводле гэтай схемы, вашая краіна, Баўгарыя, таксама частка праваслаўнага сьвету на чале з Расеяй, хоць яна цяпер уваходзіць у НАТО і Эўразьвяз...

Красьцеў: Ведаеце, тыдзень таму было апытаньне з радыкальным пытаньнем: «Калі б вы вырашалі сёньня — ці павінна Баўгарыя далучыцца да Эўразьвязу ці да Эўразійскага саюзу, што б вы выбралі?» Сорак працэнтаў абралі Эўразьвяз, 22 працэнты былі за Эўразійскі саюз. Вядома ж тут адыграла сваю ролю расчараваньне цяперашнім станам рэчаў. Гэта прымушае шмат каго з баўгараў ці, напрыклад, сэрбаў, думаць, што ім было б лепей ў «рускім сьвеце», чым у Эўразьвязе. Але інстытуцыйна і палітычна ўсе не зусім так. Ёсьць паказчык, які я лічу вельмі важным — куды едуць вашыя працоўныя мігранты? Куды людзі эмігруюць, куды едуць працаваць? У выпадку Баўгарыі 99 працэнтаў едуць на Захад. Я ня ведаю практычна нікога, хто едзе працаваць ці вучыцца ў Расеі. У Малдове амаль 60 працэнтаў едуць у Расею. Ва Ўкраіне было 50 на 50 паміж Расеяй і Захадам.

Дарэчы, Расея захоўвае ўплыў на частку баўгарскіх элітаў, яна мае вялікі ўплыў у баўгарскай энэргетыцы, галоўная крайне правая партыя Баўгарыі пачынала сваю кампанію на выбарах у Эўрапарлямэнт у Маскве. Але я лічу, што з-за стварэньня гэтай новай дыяспары нашмат цяжэй уявіць, што Баўгарыя патрапіць у рукі Расеі. Пры гэтым Баўгарыя будзе нашмат мякчэйшай у адносінах да Расеі параўнальна з іншымі краінамі Эўразьвязу. Па-мойму, нават прарасейскія эліты Баўгарыі ня хочуць далучацца да Расеі, а хочуць атрымаць выгады ад супрацоўніцтва з Расеяй, застаючыся пры гэтым у Эўразьвязе.

Іван Красьцеў — кіраўнік Цэнтру лібэральных стратэгій ў Сафіі, адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў Эўрапейскай рады па міжнародных адносінах. Былы галоўны рэдактар баўгарскага выданьня часопісу Foreign Policy (2005-2011). З 2004 году — выканаўчы дырэктар Міжнароднай камісіі па Балканах пад старшынствам былога прэм’ер-міністра Італіі Джуліяна Амата. У 2008 годзе ён быў уключаны ў сьпіс 100 найбольш ўплывовых інтэлектуалаў сьвету, які складалі амэрыканскі часопіс Foreign Policy і брытанскі Prospect.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG