Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Натальля Радзіна: «Хартыі’97» не хапае сродкаў для існаваньня


Натальля Радзіна

Натальля Радзіна

Сайт «Хартыя’97» апублікаваў просьбу да чытачоў аказаць рэдакцыі фінансавую падтрымку. Радыё Свабода пагутарыла з рэдактаркай парталу Натальляй Радзінай, каб высьветліць, чаму «Хартыя’97», якая існуе ўжо 16 гадоў, шукае матэрыяльнай дапамогі.

Радыё Свабода: Чаму ў сайту «Хартыя’97» узьнікла патрэба зьвярнуцца да чытачоў па фінансавую падтрымку?

Радзіна: Патрэба зьявілася праз тое, што ў некалькі разоў вырасла аўдыторыя сайту, і нам проста не хапае сродкаў для існаваньня. Мы вельмі ўдзячныя за тую дапамогу, якую атрымліваем і ад польскіх уладаў, і ад іншых партнэраў. Але, на жаль, з улікам таго, што працы стала ў разы больш, а мы ня можам павялічваць штат, гэтай дапамогі недастаткова.

Радыё Свабода: Колькі цяпер налічвае аўдыторыя «Хартыі’97»?

Радзіна: У пікавыя моманты да 500 тысяч унікальных карыстальнікаў у дзень. У сярэднім колькасьць унікальных наведнікаў — гэта 300–400 тысяч у дзень і 4 мільёны ўнікальных наведнікаў у месяц.

Радыё Свабода: Як арганізаваная праца вашага сайту? Ці ёсьць журналісты ў Беларусі?
Мы мусім процістаяць расейскай агрэсіі, і тут я кажу ня толькі пра «Хартыю’97», але і пра іншыя беларускія СМІ
Радзіна: Ёсьць журналісты, якія працуюць у Беларусі, ёсьць крыніцы інфармацыі, ёсьць аўтары, якія пішуць для нас артыкулы. Апроч гэтага, разьвіта грамадзянская журналістыка, і мы атрымліваем шмат інфармацыі непасрэдна ад чытачоў, яна правяраецца журналістамі і публікуецца на сайце. Людзі нам пішуць, бо ведаюць, што мы працуем без цэнзуры, бяз страху быць арыштаванымі, бо мы праз гэта ўжо прайшлі ў Беларусі. Я нагадаю, што заснавальнік сайту Алег Бябенін быў забіты, я сядзела ў турме. Сёньня, калі галоўны офіс «Хартыі’97» — у Польшчы, мы маем магчымасьць рабіць больш працы бяз страху падпасьці пад рэпрэсіі. Людзі гэта ведаюць і прысылаюць нам вельмі шмат інфармацыі пра тое, што адбываецца ў іхніх гарадах. Мы публікуем яе і ведаем, што ўлады вымушаныя рэагаваць.

Радыё Свабода: Паводле электроннай сыстэмы рэйтынгу сайтаў «Акавіта», ваш рэсурс — на першым месцы па наведвальнасьці ў Беларусі. Чаго яшчэ вы хочаце дасягнуць? Якім чынам плянуеце разьвівацца?

Радзіна: Ніколі нельга быць задаволеным тым, што ўжо дасягнута. Трэба імкнуцца да большага. Наконт «Акавіты» магу сказаць, што гэтая сыстэма лічыць толькі беларускіх карыстальнікаў, а нас чытае вельмі шмат людзей з Украіны і Расеі. Таму, будучы беларускім сайтам, сёньня мы сталі рэгіянальным праектам. Мы мяркуем працягваць сваю працу, бо бачым, якая сытуацыя ў нашым рэгіёне. Мы мусім процістаяць расейскай агрэсіі, і тут я кажу ня толькі пра «Хартыю’97», але і пра іншыя беларускія СМІ. Я перакананая, што кожнае незалежнае мэдыя сёньня сутыкаецца з тымі самымі праблемамі, як і «Хартыя’97». Мы павінны ўсьведамляць, што ня можам працаваць ва ўмовах змаганьня за выжываньне. Мы павінны мець упэўненасьць, што і заўтра працягнем сваю працу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG