Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвіная чума зьнікла. Сьвініна — таксама


Сьвініна — усяму галава

Сьвініна — усяму галава

У Беларусі — дэфіцыт сьвініны і імклівы рост цэнаў на яе. Гэта прызнаў 27 траўня Аляксандар Лукашэнка, які загадаў, каб да зімы сьвінакомплексы былі запоўненыя жывёлай.

Калі чыноўнікі праблему са сьвінінай у крамах заўважылі толькі цяпер, то прыватныя вясковыя гаспадары прадказвалі такое разьвіцьцё сытуацыі яшчэ летась, калі ад іх патрабавалі зьнішчыць сьвіное пагалоўе.

На Магілёўшчыне ачагоў афрыканскай чумы сьвіней не было выяўлена, але сьвіное пагалоўе ў прыватных гаспадарках вынішчалася гэтаксама, як і ў тых мясьцінах, дзе хваробу выявілі — на Гарадзеншчыне, Меншчыне ды Віцебшчыне. Вяскоўцы як маглі бараніліся, але выстаялі нямногія.

Тое, што сьвініна ўсё часьцей зьнікае з крамаў і цэны на яе прыметна вырасьлі, сялян ня дзівіць. Улетку мінулага году, калі ўвялі прафіляктычныя захады, каб не дапусьціць распаўсюджаньня сьвіной пошасьці, і ад вяскоўцаў запатрабавалі пазбывацца жывёлы, людзі папярэджвалі, да чаго гэта прывядзе.

«Памятаеце, я казала, якія наступствы будуць? Зьнішчаць прыватніка, а калгасы падымуць на сьвініну цэны і яна зьнікне наагул», — нагадвае вяскоўка з Магілёўскага раёну, якая на сваімі падворку гадавала некалькі дзясяткаў сьвіней. Гэта быў яе бізнэс. Цяпер яна цьвердзіць, што тая супрацьчумная прафіляктыка была ў інтарэсах буйных вытворцаў сьвініны.

«Чумы не было. Гэта быў падман. Таму сёньня сьвініна і нарасхват. У прыватніка не засталося нічога. Цэны высокія, — тлумачыць сваё разуменьне сытуацыі жанчына і дадае: — Тое, што зьнішчылі прыватніка, цяпер улада шкадуе, вядома ж. Павінны адшукаць вінаватых, якія непрадумана ўсё гэта нарабілі, ня думаючы пра заўтра. Іх трэба судзіць. А людзі ў вёсках употай трымаюць для сябе сьвіней, вядома ж — увесну набралі».

Суразмоўніца кінула сьвінагадоўлю. Цяпер шукае іншага занятку. Улада паабяцала дапамогу, якой, аднак, няма:

«Абяцалі цялят. Потым кароў, — кажа вяскоўка. — У выніку ніяк пытаньне не вырашаецца».
200 тысяч за кіляграм выразкі. Як гэта можа быць — такая цана? Дваццаць даляраў! Такога ў жыцьці не было. Напэўна, у Нямеччыне і то таньнейшае мяса
Ня ўсе вяскоўцы пазбыліся сьвіней. Некаторыя працягваюць адкрыта іх гадаваць, нягледзячы на пагрозы пакараньня. Прадаць выгадаванае, аднак, няпроста, кажуць прыватнікі-сьвінаводы. Яны наракаюць, што цяжка атрымаць дакумэнты на продаж:

«Галоўны вэтэрынар раёну дае вэтэрынарнае пасьведчаньне на рынак, а вось у сельсавеце старшыня адмаўляецца, — даводзіць гаспадар з Магілёўскага раёну. — Яна кажа, што яны падалі справаздачу, паводле якой у вёсцы ўжо няма сьвіней. А я ёй, сьмеючыся, адказваю: «Як так, а ў мяне ёсьць».

Паводле вяскоўца-прадпрымальніка, дэфіцыт сьвініны — гэта сэзонная беларуская праблема. У сьпякоту забіваць сьвіней ня кожны наважыцца, тлумачыць ён. Пры гэтым адзначае, што такога вострага дэфіцыту і дарагоўлі яшчэ ня бачыў:

«На рынку быў неяк, дык там паўпустыя вітрыны. Асартымэнту ніякага няма. Але ў „Белмаркеце“ 200 тысяч за кіляграм выразкі. Як гэта можа быць — такая цана? Дваццаць даляраў! Такога ў жыцьці не было. Напэўна, у Нямеччыне і то таньнейшае мяса».

На пытаньне, ці ўдалося распрадаць леташнюю сьвініну, суразмоўнік адказвае станоўча. Кажа, што скупілі амаль усё ўкраінцы: «Рэшткі салёнага сала ў нас заставаліся, дык яны прыехалі і забралі дваццаць пяць скрынак па пяцьдзясят кіляграм. Забралі за адзін раз усё. Мы самі з Луганшчыны, дык там жа цяпер ніхто нічога ня сее і не арэ. Званілі сваім, дык яны кажуць, што як мы паедзем на трактары араць, калі там БТРы езьдзяць па дарогах і страляюць?»

Калі паблізу Магілёва барацьба вяскоўцаў за права трымаць сьвіней сьцішылася, то ў глыбінцы жарсьці не сунімаюцца. Мэтады ўзьдзеяньня на сялян тыя самыя — папярэджаньні ды штрафы. Цэны на сьвініну і тут кусаюцца. Для незаможнага мясцовага насельніцтва яна становіцца недаступнаю.
Прыбралі канкурэнтаў, выходзіць. Прыватнік — ён жа прадае таньней, чым дзяржава хоча прадаваць. Таму будуць душыць і шчаміць
У чым прычына росту цэнаў, пытаюся ў прыватнай гаспадыні з Клімавіцкага раёну. За адмову забіваць сьвіней маю суразмоўніцу аштрафавалі больш як на два мільёны рублёў:

«Прыбралі канкурэнтаў, выходзіць. Прыватнік — ён жа прадае таньней, чым дзяржава хоча прадаваць. Таму будуць душыць і шчаміць. Усіх паставяць пад адзін грэбень. Усіх да аднаго. Я гатова несьці адказнасьць, калі на маім падворку выявяць хваробу. У нас жа падыход такі: калі маўчыш, нічога з табой можа і не адбыцца», — адказвае вяскоўка.

Суразмоўніца працягвае змагацца, як яна кажа, за справядлівасьць. Судзіцца, піша скаргі. Тыя, хто разам зь ёй выступіў у абарону сваёй маёмасьці, пакрысе адмовіліся ад сваіх подпісаў пад зваротам да ўлады. Жанчыну ж зьвінавацілі, што яна нібыта змусіла аднавяскоўцаў падпісвацца. Паводле яе, людзі працягваюць гадаваць сьвіней, хоць і баяцца кантралёраў. «У нас людзі трымаюць сьвіней. Баяцца штрафаў, судовых цяжбаў, але як жыць...»

Сёлета ў лютым міністар сельскай гаспадаркі і харчаваньня Леанід Заяц заявіў, што ў прыватных гаспадарках забралі дзесяць з паловай тысяч галоў сьвіней. Цяпер называецца лічба 20 тысяч галоў.

Прафіляктычныя захады, каб не дапусьціць распаўсюджваньня афрыканскай чумы сьвіней, ахопліваюць паселішчы ў гэтак званай пяцікілямэтровай зоне бясьпекі вакол буйных сьвінакомплексаў. У прыватных гаспадарках гэтай зоны не павінна заставацца сьвіней. Пэрспэктывы для аднаўленьня прыватнай сьвінагадоўлі тут, як заяўляюць спэцыялісты, няма. Лічыцца, што пяцікілямэтровая зона бясьпекі засьцеражэ дзяржаўныя жывёлагадоўчыя комплексы ад вірусу афрыканскай чумы сьвіней.

Акрамя таго, на ўсходзе Магілёўскай вобласьці ў некалькіх раёнах дагэтуль дзеюць узмоцненыя меры бясьпекі ў сувязі з выяўленымі ў памежных зь Беларусьсю раёнах Расеі ачагамі хваробы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG