Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кадыраў: чачэнцы ў Данецку па «асабістых справах»


Чачэнскіх вайскоўцаў ва Ўкраіне няма, чачэнцы могуць быць у зоне канфлікту «па асабістых справах», заявіў кіраўнік Чачэнскай рэспублікі Расеі Рамзан Кадыраў.

«Украінскія крыніцы тыражуюць паведамленьні, што „чачэнскія падразьдзяленьні“ з Расеі ўварваліся ў Данецк. Я афіцыйна заяўляю, што гэта не адпавядае рэчаіснасьці. Ніякія „чачэнскія вайскоўцы“ і, тым больш, „ваенныя калёны Чачні“ ў канфлікце не прымаюць удзелу. Чачня зьяўляецца адным з суб’ектаў РФ і, у адпаведнасьці з канстытуцыяй, ня мае ўзброеных сіл», — напісаў Кадыраў на сваёй старонцы ў Instagram.

«Калі ж у зоне канфлікту хтосьці бачыў чачэнца, то гэта яго асабістая справа. Чачэнцаў 3 мільёны, і дзьве траціны зь іх пражываюць за межамі Чачні, у тым ліку на Захадзе. Мы ня можам і не павінны ведаць, хто зь іх куды едзе, як ня ведалі ў Кіеве, хто з украінцаў ехаў ваяваць у Грозны. Калі ж улады Ўкраіны вельмі хочуць бачыць у Данецку „чачэнскія падразьдзяленьні“, навошта ехаць у Данецк, калі ёсьць добрая дарога ў Кіеў?» — дадаў Рамзан Кадыраў.

У аднаго з затрыманых у Марыюпалі вайскоўцамі батальёна «Ўкраіна» тэрарыстаў быў пашпарт жыхара сталіцы Чачні Грознага.

Пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook паведаміў народны дэпутат Украіны Алег Ляшко.

«У аднаго з тэрарыстаў, затрыманых у Марыюпалі байцамі батальёна Ляшко «Украіна», канфіскавалі гэты пашпарт. Доказ таго, што супраць нашай краіны ваююць кадыраўскія найміты«,— напісаў палітык.

26 траўня тэлеканал CNN апублікаваў відэа з Данецку, дзе ўзброеныя баевікі прызнаюцца, што яны зьяўляюцца «кадыраўцамі», прыбылі з Чачні абараняць інтарэсы Расеі.

Кадыраўцы ў Данецку



Расейскі апазыцыянэр Барыс Нямцоў заявіў, што чачэнскія баевікі адпраўленыя ў Данецк зь ведама прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна.

Раней Кадыраў выказаў падтрымку далучэньню Крыма да Расеі і заявіў, што «Чачня і надалей будзе падтрымкай прэзыдэнту Расеі пры вырашэньні такіх лёсавызначальных пытаньняў». Ён выказваў гатоўнасьць накіраваць у Крым «чачэнскіх міратворцаў».
XS
SM
MD
LG