Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША: Украіна можа ўжываць сілу для забесьпячэньня парадку


Украіна мае права ўжываць сілу для забесьпячэньня парадку і стабільнасьці ў краіне. Пра гэта заявіла прэс-сакратар Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Джэн Сакі.

«Мы гаворым пра групу ўзброеных расейскіх баевікоў, якія агрэсіўна захоплівалі будынкі і нападалі на аэрапорты. Таму ўкраінцы маюць поўнае права абараняць і падтрымліваць стабільнасьць і парадак у сваёй краіне», — заявіла Сакі.

Паводле словаў Джэн Сакі, ЗША будуць працягваць абмеркаваньне ролі Расеі ў дэстабілізацыі сытуацыі ва Ўкраіне і прымуць па гэтым пытаньні адпаведнае рашэньне.

«Мы адчуваем руку Расеі ў дзеяньнях узброеных баевікоў на ўсходзе Ўкраіны. Яны зрабілі нямала для таго, каб перашкодзіць правядзеньню выбараў. Але, нягледзячы на гэта, яўка 25 траўня была больш за 60 працэнтаў, што ёсьць надзвычай важным знакам. Мы будзем працягваць абмеркаваньне таго, якая ў гэтым была роля Расеі і якое рашэньне мы павінны прыняць», — адзначае прэс-сакратар Дзярждэпу.

Сёньня прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін заклікаў улады Ўкраіны неадкладна спыніць «карную апэрацыю» на ўсходзе краіны.

Першы віцэ-прэм’ер-міністар украінскага ўраду Віталь Ярэма заявіў, што антытэрарыстычная апэрацыя праводзіцца на ўсходзе Ўкраіны да поўнага зьнішчэньня баевікоў.

XS
SM
MD
LG