Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гурт «Рэха» запісаў песьню «Радыё Свабода» са сваімі словамі


Гурт «Рэха» на Свабодным фэсьце

Гурт «Рэха» на Свабодным фэсьце

З нагоды юбілею Радыё Свабода пры падтрымцы парталу Tuzin.fm, «Арт Сядзібы» і суполкі Мая Краіна Беларусь прапанавалі музыкам інтэрпрэтаваць адзін са знакавых сьпеваў беларускага року — «Радыё Свабода» гурту Ulis. Упершыню гэты твор на словы Фэлікса Аксёнцава і музыку Славы Кораня быў выдадзены на альбоме «Краіна доўгай белай хмары», вядомы таксама і ў выкананьні гурту N.R.M. У часе 60-годзьдзя нашага радыё мы прэзэнтуем зробленыя беларускімі музыкамі кавэры.

Сьпявак гурту «Рэха» Андрусь Такінданг кажа, што рэгулярна слухае Радыё Свабода, каб быць у курсе падзеяў у Беларусі і сьвеце – слухае часьцей за ўсё ў Інтэрнэце, чытае навіны на сайце, а прымач уключае, калі бывае ў вёсцы, бо там Свабода лепш ловіцца ў эфіры.

Такінданг: Песьню «Радыё Свабода» я пачуў у юнацтве, досыць даўно. Песьня мне спадабалася. Пасьля я яшчэ чуў, як яе выконвае Лявон Вольскі, то бок кавэр гурту NRM на гурт Ulis. Мне і сама арыгінальная кампазыцыя, і кавэр NRM прыйшліся да спадобы. У свой час гэтая песьня вельмі натхняла мяне на творчасьць. Гэты твор выклікае ў мяне асацыяцыі з пэўным пэрыядам жыцьця, з пэўным часам.

РС: А чаму вы вырашылі дадаць свае словы да тэксту Фэлікса Аксёнцава?

Такінданг: Я разумеў, што рабіць кампазыцыю «адзін у адзін» няма сэнсу. Калі ты робіш кавэр, то ты мусіш укласьці ў гэтую песьню частку сябе. Я разумеў, што зрабіць гэтую песьню лепш за гурт Ulis немагчыма, таму гэта песьня павінна быць трохі і нашай. Для таго, каб яна стала нашай, я дадаў некаторыя свае словы. Безумоўнна, у гэтым кавэры ёсьць частка кананічная, якая больш-менш нагадвае арыгінальную вэрсію, але таксама там ёсьць і пэўны наватвор. Каб гэта было цікава, каб не паўтараць тое, што ўжо зроблена, і ўсьведамляючы тое, што лепш за Ulis мы гэтую песьню ня зробім, але можам зрабіць яе па-іншаму.

РС: Ці гучала ўжо гэтая песьня на вашых канцэртах?

Такінданг: На канцэртах нам не давялося яе выконваць, бо гэта сьвежы твор для нас, мы ня так даўно яе зрабілі. Больш за тое, мы і дагэтуль ня выйшлі са студыі, бо мы ня цалкам задаволеныя гукам, і мы яшчэ шукаем гук гэтай песьні. Таму ёсьць варыянт, што мы яшчэ адну песьню прышлем на Свабоду.​

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG