Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яўген Ворсін: Правядзеньне ЧС па хакеі абышлося ў 8–10 мільёнаў эўра


Яўген Ворсін

Яўген Ворсін

На арганізацыю і правядзеньне чэмпіянату сьвету па хакеі было выдаткавана 8–10 мільёнаў эўра. Так ацаніў папярэднія выдаткі старшыня Фэдэрацыі хакею Беларусі, кіраўнік Дырэкцыі па правядзеньні чэмпіянату сьвету па хакеі з шайбай 2014 году Яўген Ворсін, паведамляе БелаПАН.

«Паводле маіх зьвестак, гэта дзесьці 8–10, каля дзесяці мільёнаў эўра. Гэта значыць, 2 мільёны мы зэканомілі на больш аптымальным расходаваньні сродкаў», — сказаў ён (паводле бізнэс-пляну на правядзеньне і прасоўваньне ЧС плянавалася затраціць 12 млн эўра).

Як кажа Ворсін, асноўныя артыкулы выдаткаў былі зьвязаныя з разьмяшчэньнем афіцыйных асобаў і ўдзельнікаў чэмпіянату, іх харчаваньнем, транспартнымі выдаткамі, утрыманьнем судзейскага апарату і гэтак далей.

Што да даходаў, то яны паступалі з розных крыніц, сярод якіх — выручка ад рэалізацыі квіткоў на хакейныя матчы. «Папярэдні аналіз па рэалізацыі квіткоў паказвае, што мы зарабілі дзесьці да 150 мільярдаў рублёў», — паведаміў Ворсін.

Акрамя таго, паводле ягоных словаў, ад рэалізацыі партнэрскіх пакетаў атрымана прыкладна 1,1–1,2 млн эўра.

Сярод дасягненьняў чэмпіянату Ворсін назваў рэкорднае наведваньне заўзятарамі ўсіх гульняў. Агульная колькасьць заўзятараў, якія наведалі ўсе матчы чэмпіянату сьвету па хакеі ў Беларусі, склала 582 032 чалавекі. Ранейшы рэкорд складаў 552 097 чалавек і быў пастаўлены ў Чэхіі ў 2004 годзе.

Яшчэ адным важным дасягненьнем кіраўнік дырэкцыі па правядзеньні ЧС-2014 назваў добры спартыўны вынік беларускай зборнай.

«7-е месца на нашым чэмпіянаце пасьля чатырох папярэдніх чэмпіянатаў, калі мы былі ўсяго толькі 14-мі, — гэта сапраўды сур’ёзны скачок уверх», — заявіў Ворсін.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG