Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь Нямеччыны прыйшла жалобная вестка: 24 траўня пасьля працяглай і цяжкай хваробы памёр знаны перакладчык беларускай літаратуры Ўладзімер Чапега. Крыху менш за месяц ён не дажыў да свайго 75-годзьдзя.

Ён нарадзіўся на беларускім Палесьсі ў сялянскай сям’і. Скончыў Менскі дзяржаўны пэдагагічны інстытут замежных моў і год працаваў выкладчыкам у сваёй альма матэр. Нямеччына, у якую трапіў, служачы ў савецкім войску, зьмяніла ўвесь ягоны далейшы лёс. Гаворыць блізкі сябра Ўладзімера Чапегі, выбітны перакладчык Васіль Сёмуха:

«Мы абодва любілі і любім (гэта ўжо ад сябе самога кажу) беларускую літаратуру, нямецкую літаратуру, а яшчэ больш таго — Беларусь і Германію. Германія для Валодзі прынесла асабістае шчасьце, там ён знайшоў утульнасьць у сваім доме, там яго дзеці, там яго жонка, там яго сваякі. Ён пражыў там вялікі кавалак свайго жыцьця. І я колькі ведаю Валодзю, столькі яго любіў. І рабілі мы адну справу, агульную — пераклады».

Першыя пераклады Ўладзімера Чапегі зьявіліся ў друку ў 1971 годзе. Дзякуючы яму нямецкія чытачы атрымалі аповесьці Васіля Быкава «Абэліск» і «Здрада», раман Івана Мележа «Людзі на балоце», кнігу эсэ Ўладзімера Караткевіча «Зямля пад белымі крыламі», аповесьць Анатоля Кудраўца «Раданіца», кароткую прозу Янкі Брыля, творы Лукаша Калюгі, Міхася Зарэцкага і яшчэ многіх сучасных беларускіх літаратараў. Працягвае пісьменьнік Уладзімер Арлоў, які шмат гадоў блізка ведаў спачылага.

«Сапраўднага перакладчыка вызначае ня толькі і ня столькі выдатнае валоданьне мовамі, зь якіх і на якія ён перакладае, але — і найперш — літаратурны густ. Ва Ўладзімера Чапегі ён быў бездакорны.

Хачу сказаць яшчэ пра адну заслугу Ўладзімера Чапегі перад нашай культурай. Ён быў шваграм славутага перакладчыка, беларусіста Норбэрта Рандава. Менавіта дзякуючы мужу сваёй сястры Гундулы Норбэрт зацікавіўся нашай культурай, авалодаў беларускай мовай і пераклаў цэлую беларускую бібліятэку.

Цікава, што Ўладзімер Чапега шмат перакладаў беларускіх народных казак. Ён і сам быў нечым падобны да казачнага героя — сваёй дабрынёй, шчодрасьцю, сонечнаю хітрынкай у вачах.

Беларускай моваю добра валодае сын Уладзімера Валянцін. Можа, ён паспрабуе працягнуць справу свайго бацькі?»

Справа Ўладзімера Чапегі — гэта і пераклады нямецкіх аўтараў на беларускую: раманы Гэрбэрта Ота «Пара ў дарогу, буслы» (зь Язэпам Семяжонам), Альфрэда Амэнды «Апасіяната», Леангарда Франка «Ісусавы вучні» (з Гундулай Чапегай), асобныя творы Гермліна, Цвэйга.

У старажытным нямецкім горадзе Нойштрэліц, які стаў для яго другой радзімай, і знойдзе апошні прыстанак беларускі перакладчык Уладзімер Чапега.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG