Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Яшчэ да выходных мяса падаражэе двойчы», — загадчыца крамы


Цэны на мяса і мясныя вырабы працягваюць расьці: толькі да выходных яны маюць павялічыцца яшчэ двойчы. Тым часам пакупнікі заяўляюць, што ўжо ня ў стане набываць мясную прадукцыю.

Менская «Камароўка» працуе ў звычайным рэжыме: каля вітрынаў з малочнай прадукцыяй — чэргі пэнсіянэраў, каля прылаўкаў зь мясам — людзей вобмаль. Галоўная прычына — нядаўняе падвышэньне цэнаў на мяса, кажа адна з прадавачак:

Прадавачка: «Цэны падрасьлі, і нямала».

Карэспандэнтка: «Што пакупнікі вам кажуць пра гэта?»

Прадавачка: «Нехта выказвае сваё „фэ“, а нехта спакойна набывае. Пэўна, ад дастатку ўсё залежыць. Расейцы ў нас найчасьцей набываюць».

Карэспандэнтка: «А пасьля чэмпіянату што будзе?»

Прадавачка: «Ня ведаю, пэўна, зацішша».

Цэны на мяса на менскай «Камароўцы» вагаюцца ў межах 85–150 тысяч. Звычайнае сала каштуе ў межах 100 тысяч за кіляграм. Пры гэтым выбар невялікі, а некаторыя вітрыны ў мясных радах увогуле пустыя. Размаўляю з пакупнікамі:

Карэспандэнтка: «Ці набывалі сёньня на „Камароўцы“ мяса?»

Спадарыня: «Апошнім часам — не, дорага вельмі. Па-першае, малы выбар, і кошты высокія. Таксама адпаведна на каўбасы кошты вырасьлі. Таму толькі ходзім і глядзім. Ня ведаю — мы, беларусы, ня можам ні бязь мяса, ні бяз сала. Таму хоць крыху, але будзем браць. Яшчэ хто працуе, то лягчэй, а вось як пэнсіянэрам бедным... Таму вельмі дрэнна... заробкі ў нас не пасьпяваюць за ростам коштаў».
Спадар: «Сала набыў па 105 тысяч, а мяса — не, вельмі дарагое. Пэўна, гэтак, як у нас, нідзе не даражэе».

Карэспандэнтка: «Чаму, як вы думаеце?»

Спадар: «Палітыка, пэўна, такая. Сьвіней у людзей пабілі, а што на гэтых комплексах адбываецца — невядома. Я вось са Слуцку, і памятаеце — калі прэзыдэнт быў на комплексе, там мяса гнілое было. У мяне ў галаве ня ўкладваецца — як так можна гаспадарыць?! Вось такія гаспадары — так і атрымліваецца».
Спадарыня: «Мяса на Камароўцы даўно не набываем — хіба толькі дзіцяці. Сабе адмаўляем — дорага. Я ў дэкрэтным, маем двое малых дзяцей — грошай не хапае».

Карэспандэнтка: «Ці ёсьць выйсьце з такой сытуацыі?»

Спадарыня: «Я думаю, ёсьць — у зьмене кіраўніцтва. Заседзелася яно».

Падобна і ў менскіх крамах: не найлепшае мяса каштуе ў межах 120 тысяч рублёў. Загадчыца адной зь менскіх крамаў называе кошты неапраўданымі і кажа, што нават у бліжэйшыя два дні яны будуць ізноў павышацца:

Загадчыца: «Цэны вар’яцкія: калі нядаўна яшчэ пэнсіянэр мог купіць сабе мяса нават два кіляграмы, то зараз 300 грамаў бярэ. Лепш катлеткі возьме — сьлінай заходзяцца і нічога ня могуць сабе набыць. Але гэта ня я накручваю — гэта дзяржава накручвае. У нас толькі гандлёвая надбаўка, і ўсё. Гэта ў галаве ня ўкладваецца, каб мяса 160 тысяч каштавала. Хто купіць мяса за такі кошт? Заробкі ж на месцы, пэнсіі таксама на месцы».
Карэспандэнтка: «Як вы бачыце: на гэтым спыніцца рост цэнаў ці будзе працягвацца?»

Загадчыца: «У мяне на сёньня ляжыць тры партыі мяса па 300 кіляграмаў — мы яго атрымлівалі два дні запар. Першая цана — якую вы бачыце на вітрыне, другая партыя ад таго ж холадакамбінату — ужо на 5 тысяч даражэйшая без уліку надбаўкі на дададзеную вартасьць, а наступная — яшчэ даражэйшая. Дык вось я гэтую партыю дапрадаю, заўтра буду пералічваць цэны на 8–9 тысяч даражэй, а трэцюю буду пералічваць на выходныя. Гэта азначае, што калі зараз паляндвіца ў мяне 129 900 рублёў, то ў чацьвер-пятніцу яна будзе 140 тысяч, а ў выходныя — 160. Хіба гэта нармальна?»

Для даведкі: сьвіны філей у Менску каштуе ад 120 да 150 тысяч рублёў, у Расеі — 107, у Польшчы — 74, у Літве — 66, ва Ўкраіне — 62 тысячы ў беларускіх рублях.
XS
SM
MD
LG