Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскае паспалітае рушэньне супраць Пуціна


На Плошчы Незалежнасьці і на Храшчаціку ў Кіеве па-ранейшаму стаяць намёты, дзе жывуць людзі, якія прыехалі з усёй Украіны. Яны гатовыя са зброяй у руках бараніць незалежнасьць сваёй краіны і супраціўляцца спробам зноў усталяваць дыктатуру. З гэтай мэтай у Кіеве фармуецца Ўкраінская рэзэрвовая армія (УРА).

Ініцыятыва стварэньня УРА належыць юрысту Генадзю Друзенку, зь якім паразмаўляла расейская служба Радыё Свабода.

РС: Ваша армія неабходная, таму што рэгулярная армія ня дзейнічае?

Друзенка: Дзейнічае, яна нараджаецца ў пакутах. Але яна далёка не эфэктыўная, не параўнальная па сваёй моцы з расейскай арміяй, нават з польскай або эстонскай. Таму гэтая ідэя ў нас нарадзілася, з аднаго боку, з разуменьня, што дзяржава слабая як ніколі. А з другога боку, з разуменьня, што галоўная выснова Майдану была пра тое, што людзі могуць быць нашмат больш эфэктыўнымі без традыцыйнай вэртыкальнай інтэграцыі. Напэўна, збольшага гэта ўкраінскі мэнталітэт, які дазваляў сотнямі гадоў выжываць безь дзяржаўнасьці, інтэгравацца не вэртыкальна, а гарызантальна.

Мы — людзі далёкія ад вайсковай прафэсіі — кінулі кліч. Я — юрыст, адзін мой калега — бізнэсмэн. Дарэчы, зрабіў бізнэс у Маскве па пастаўцы абсталяваньня для мікрабіялягічных лябараторый, выпускнік маскоўскага ўнівэрсытэту з Данбасу Улад Кірычэнка. Другі партнэр — з Галічыны, уласьнік вялікага будаўнічага бізнэсу. Мы перанесьлі парадыгму Майдану на новую сытуацыю, на другую сэрыю канфлікту: калі мы ня зробім, то наўрад ці хтосьці зробіць замест нас. У гэтым былі, вядома, вялізныя мінусы. Таму што трэба было вучыцца з нуля. Аўтамат усе мы ў школе разьбіралі, але далей былі праблемы.

РС: Гэта значыць, вы катэгарычна цывільны чалавек?

Друзенка: Я нават не служыў. Мой сябар служыў у савецкай арміі, а я якраз трапіў на разлом і не служыў. Апошняе, што я помню — пачатковая вайсковая падрыхтоўка ў школе. Потым я вучыўся, езьдзіў па добрых унівэрсытэтах у кантынэнтальнай Эўропе, Вялікай Брытаніі і Амэрыцы, атрымаў брытанскую адукацыю, займаўся дасьледаваньнямі, практыкаваў права. Вось гэтае разуменьне, што дзяржаўнае пасярэдніцтва не працуе ці працуе вельмі неэфэктыўна, прывяло нас да думкі, што апошняя надзея — гэта тое, што называецца militia, апалчэньне. То бок мы ніколі не падрыхтуем спэцназаўцаў — гэта зразумела, але калі кожны дзясяты будзе гатовы абараняць Кіеў, то гэта 300-400 тысяч, любая армія завязьне ў горадзе.

РС: Небясьпечна ўзбройваць людзей. Гэтыя аўтаматы могуць быць зьвернутыя супраць інкасатара ці супраць суседа, які занадта гучна грукае ў сьцяну.

Друзенка: Гэта праўда. Таму мы выступаем супраць простай раздачы зброі. Была прапанова раздаваць не па пашпартах, а па правах кіроўцы, гэта значыць тым, хто прайшоў мінімальную мэдычную праверку. Тут, хутчэй, мы бярэм за ўзор швэйцарскую мадэль, калі ты павінен прайсьці трэнінг, паказаць, што ты дысцыплінаваны, адказны, гатовы падпарадкоўвацца пэўным правілам. Толькі тады ёсьць сэнс даваць чалавеку зброю, якую ён трымаў бы ў сябе дома. Увогуле, зразумела ж, гэта небясьпечна, ніхто ня дасьць гарантыі, што заўтра муж ня ўбачыць жонку з каханкам і не расстраляе абаіх. Але, зь іншага боку, і даваць аўтамабіль небясьпечна, таму што любая статыстыка паказвае, што ў аварыях гіне больш людзей, чым ад аўтаматычнай і халоднай зброі. Таму мы павінны ня кідацца ў крайнасьці, а ўраўнаважваць плюсы і мінусы. У сытуацыі, калі дзяржава не спраўляецца са сваімі базавымі функцыямі — забясьпечваць тэрытарыяльную цэласнасьць, бясьпеку грамадзян, элемэнтарны парадак на вуліцах — напэўна трэба аддаць гэтую функцыю самаарганізаваным грамадзянам.

Поўнасьцю інтэрвію можна прачытаць на сайце расейскай службы Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG