Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонка: Юры Рубцоў выглядае як вязень канцлягера


Юрыя Рубцова выводзяць з суду, архіўнае фота

Юрыя Рубцова выводзяць з суду, архіўнае фота

За час галадоўкі ў турме актывіст Юры Рубцоў страціў 39 кіляграмаў.

Пасьля 30 сутак арышту і галадоўкі ў зьняволеньні гомельскі актывіст Юры Рубцоў шпіталізаваны ў Гомельскі абласны клінічны шпіталь.

Жонка Юрыя Рубцова Ядвіга распавяла карэспандэнту Свабоды, што спадар Юры страціў за час галадоўкі 39 кіляграмаў.

«Ён ня еў цягам 30 дзён, чалавек памірае. У яго язвы. Калі чалавек выходзіць з канцлягера, вось так ён выглядае. Цяпер ён у абласным шпіталі, яму хуткую выклікалі, як толькі мы яго знайшлі. Турбаваць яго ня трэба».

Уначы 27 траўня Рубцова вызвалілі з гомельскага ізалятара часовага ўтрыманьня.

22 траўня суд Чыгуначнага раёну Гомеля пакараў пяцьцю суткамі адміністрацыйнага арышту 52-гадовага Юрыя Рубцова, які дагэтуль адбыў у Менску 25 сутак арышту.

У зьняволеньні Юрыя Рубцова наведаў адвакат.

Паводле Рубцова, у апошні дзень адбыцьця пакараньня ў менскай турме на Акрэсьціна яго наведаў сьледчы і ў прысутнасьці адваката апытаў у сувязі з абразай судзьдзі суду Савецкага раёну Менску Кірыла Палулеха. 21 траўня, за некалькі гадзін да вызваленьня, яго прывезьлі на мікрааўтобусе з турмы ў пастарунак чыгуначнага вакзалу. У пастарунку ад яго патрабавалі падпісаць паперы, што ў яго няма прэтэнзіяў па канфіскаванай майцы. Актывіст падпісваць катэгарычна адмовіўся, і яго адпусьцілі.

Юры Рубцоў прыехаў цягніком у Гомель, і там яго затрымалі два супрацоўнікі АМАПу нібыта за непадпарадкаваньне і нецэнзурную лаянку. Пасьля складаньня пратаколаў «чалавека-майку» адвезьлі ў ізалятар, а потым у суд.

На знак пратэсту супраць міліцэйскага і судовага самаўпраўства «чалавек-майка» Юры Рубцоў абвясьціў галадоўку ў Гомельскім ізалятары часовага
ўтрыманьня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG