Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хакейны чэмпіянат у Менску скончыўся. Апусьцелі трыбуны стадыёнаў, разьяжджаюцца замежныя госьці, горад ужо не гудзе ад радасных воклічаў экспансіўных заўзятараў.

Але, здаецца, не сканчаюцца гарачыя спрэчкі аб тым, што гэта было і колькі ад чэмпіянату выйграў беларускі народ, а колькі – Аляксандар Лукашэнка.

Паказальна, што прыхільнікі кіраўніка Беларусі ў тых спрэчках амаль што ня ўдзельнічаюць, для іх Лукашэнка і беларускі народ калі і не супадаюць, то блізка да таго, і таму ніякай праблемы няма – сьвята народнае і сьвята ўлады.

Таксама цікава, што сум дэманструюць не адно тыя, хто наагул ня любіць ніякіх натоўпаў і не цікавіцца спортам. Многія зь іх гадамі скардзяцца на брак нацыянальнага адзінства беларусаў, дзесяцігодзьдзямі працуюць на яго стварэньне.

Ну дык вось – калі ласка, дзясяткі тысяч людзей скандзіруюць «Бе-ла-русь!». А не – гэта ж ня тое: сьцягі ня тыя, нагода ня тая, усё ня тое. Дзіўным чынам адсутнасьць якіх бы то ні было праяваў нацыянальнага адзінства выклікае нашмат меншае раздражненьне, чым іх выразная прысутнасьць.

Як казаў Мао Цзэ Дун, народ – гэта чысты аркуш паперы, на якім можна пісаць самыя прыгожыя герогліфы. Паводзіны беларускага народу падчас чэмпіянату прадэманстравалі, што сёе-тое на тым аркушы напісана.

Прычым, паводзіны тыя дэманструюць не прадстаўнікі нейкіх прасунутых асяродкаў, а людзі, як сказана ў Пісаньні, «простыя і някніжныя». Адпаведна і радасьць яны выказваюць у формах ня надта выкшталцоных. Але гэта не ў адной Беларусі, дарэчы.

Буйныя брытанскія заўзятары выказваюць свае эмоцыі з нагоды паразаў і перамогаў любімай каманды зусім ня так, як чальцы лёнданскіх арыстакратычных клюбаў.

Напэўна, скаргі і прэтэнзіі наконт няхітрага сьвяткаваньня чэмпіянату выцякаюць зь няяўнага ўяўленьня пра тое, што нацыя, нацыянальная еднасьць – гэта сынонім дабра, справядлівасьці і прыгажосьці, такое сабе пасяджэньне курсаў «Мова ці кава», пашыранае на ўсё насельніцтва.

А з чаго гэта вынікае, чаму лічыцца, што нацыя, нацыянальнае адзінства – гэта заўсёды добра і прыемна? У спрэчках наконт чэмпіянату ў Менску прыводзіліся контраргумэнты: ну дык і немцы радаваліся падчас алімпіяды ў Бэрліне пры Гітлеры, і вось у расейцаў зараз – суцэльны «крымнаш».

Ну так – гэта і было ў Нямеччыне, і ёсьць у Расеі праявамі нацыянальнай еднасьці. І падобныя формы ня ім адным уласьцівыя. Пашукайце армяніна, які ня лічыць, што «карабахнаш». Словы «шавінізм» і «джынгаізм» прыйшлі ў сусьветны лексыкон з францускай і ангельскай, адлюстроўваючы маласымпатычныя тамтэйшыя праявы той самай нацыянальнай еднасьці.

Ну зразумела, добра, калі ёсьць прыемныя праявы гэтай еднасьці і няма кепскіх, лепш быць здаровым і багатым, чым бедным і хворым – хто б спрачаўся. Шкада, што не заўсёды атрымліваецца, бо ў дадзеным выпадку і добрыя і кепскія праявы – праявы аднаго і таго ж.

Насельніцтву, якое не адчувае сябе адзіным палітычным цэлым, ня прыйдзе ў галаву натоўпам бадзяцца па вуліцах, скандзіраваць назву краіны і махаць сьцягамі, якія яно лічыць сваімі. Калі прыходзіць – значыць адчувае. У параўнаньні з «крымнаш» рэч даволі бяскрыўдная.

Параўнаньне таго, што Менск назіраў на сваіх вуліцах і стадыёнах апошнімі тыднямі, зь нейкімі альтэрнатыўнымі сцэнарамі, выглядае снабізмам.

Вось калі б столькі народу на юбілей Купалы, напрыклад, зьбеглася, гэта было б сапраўднае нацыянальнае адзінства. А так – дурніца нейкая. Вось калі б бел-чырвона-белымі сьцягамі хаця б махалі. А так – лепш бы дома сядзелі.

Словам, паводле такіх меркаваньняў, калі не па-нашаму, то і ніяк ня трэба. І стасункі паміж Лукашэнкам і народам – гульня з нулявой сумай, усё што карысна Лукашэнку – шкодна народу і наадварот. Права на існаваньне такі погляд, безумоўна, мае. Пытаньне, якую ён мае палітычную пэрспэктыву?

Народ – ён жа проста ня ўдзельнічае ў гэтых дыскусіях. Ці ўдзельнічае сваімі паводзінамі, якія ўсе маглі бачыць.

На мой погляд, чэмпіянат і спрэчкі вакол яго – яскравая ілюстрацыя таго, што жадаючы заваяваць сымпатыі і прыхільнасьць народу, лепш як мінімум ня кідаць выклік яго звычкам і традыцыям. Той, хто разглядаў чэмпіянат як уласны двубой з Лукашэнкам, прайграў. Між тым гэтак разглядаць чэмпіянат было зусім не абавязкова.

Будуе, скажам, дзяржава дарогу ці школу – выйгрыш гэта Лукашэнкі? Ну кшталту так, народ гэта ацэніць і будзе яго падтрымліваць. Кожная добрая для народа справа – цагліна ў падмурак дыктатуры. Так атрымліваецца?

На мой погляд, дык не.

Прайшоў чэмпіянат, парадаваліся людзі, напэўна ня будуць памятаць пра яго ўсё жыцьцё. А нават і памятаючы, неабавязкова будуць зьвязваць сьвята пэрсанальна з Лукашэнкам. Ну а тое, што парадаваліся, што махалі сьцягамі, няправільнымі зь нечага пункту гледжаньня – дык гэта гледзячы з чым параўноўваць. Калі б расейскімі махалі, дык наўрад ці тое больш спадабалася б строгім крытыкам чэмпіянату.

І наконт сьвяткаваньня – калі б па дамах сядзелі, то невядома з чаго: ці зь нянавісьці да дыктатуры ці з таго, што не ўсьведамляюць сябе адзіным цэлым, асобным ад іншых.

Ну а яны вось усьведамляюць. І пасьля Лукашэнкі ўсьведамляць будуць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG