Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сьвіны бунт» у Бярозаўскім раёне


Жыхары Бярозаўскага раёна пратэстуюць супраць забароны трымаць сьвіней на ўласных падворках. У мястэчку Малеч адбыўся сход, на якім людзі патрабавалі ад чыноўнікаў адмяніць абмежаваньні. Чыноўнікі апраўдваліся небясьпекай «сьвіной чумы», але так нічога і не паабяцалі.

Больш за 50 жыхароў Малеча прыйшлі на сход выказаць сваю пазыцыю чыноўнікам. Апошніх прыехала зь Бярозы блізу дзясятка — старшыня савету дэпутатаў, кіраўнікі вэтэрынарнай, санітарнай службаў, камунальнай гаспадаркі, дырэктар камбікормавага камбінату.

Фармальнай падставай для сходу былі подпісы, сабраныя жыхарамі Малеча пад зваротам з патрабаваньнем ліквідаваць фэрму, якая, на іх думку, забруджвае навакольнае асяродзьдзе сваімі адкідамі.

Аднак асноўная дыскусія ўсё ж пайшла вакол забароны трымаць сьвіней на ўласных падворках:

«Я не зразумею адной сыстэмы: у мой зачынены хлеў зойдзе чума — а ў іхнюю абгароджаную шыфэрам фэрму чума ня зойдзе...»

«Колькі я магу зарабіць у калгасе? Пры тым, што не магу трымаць сьвіней, то як мне жыць далей? І як карміць дзяцей? Я разумею, што для раёну добра — мяса, малако... Але ж я не раён, я проста асобны чалавек, але тут усе такія, як я. Вось што зроблена для мяне, чалавека, які жыве ў гэтай зоне, дзе нельга трымаць сьвіней?»
Я не зразумею адной сыстэмы: у мой зачынены хлеў зойдзе чума — а ў іхнюю абгароджаную шыфэрам фэрму чума ня зойдзе
Чыноўнікі не маглі даць канкрэтных адказаў на пытаньні жыхароў, толькі спасылаліся на пагрозу афрыканскай чумы сьвіней:

«Няўжо вы думаеце, што тут, у Бярозе, кіраўніцтва толькі сядзіць і думае, як толькі зрабіць народу горш?..»

Людзі абурана: «Дык вы ж зрабілі! Вы ж зрабілі! Як за паўтара мільёна тут пражыць гэтаму калгасьніку далей?..»

Не змаглі атрымаць адказу вяскоўцы і на пытаньне, чаму для «буфэрных» вёсак не зрабілі таньнейшай сьвініну з тых фэрмаў, з-за якіх забаронена трымаць уласных сьвіней. Старшыня савету дэпутатаў толькі адказаў, што гэта «складана рэалізаваць».

Шмат выступаў фэрмэр Аляксандар Аліхвер, якога ўлады змусілі забіць не адну сотню ўласных сьвіней:

«Канстытуцыя гарантуе нам права на абарону ўласнасьці нашай нароўні зь дзяржаўнай. Калі б улада з намі лічылася, то нас бы сабралі і прапанавалі б у нас сьвіней выразаць, або пакінуць дзьве фэрмы. Як вы думаеце, хто б сьвіней пакінуў? Канечне, вы! А фэрмы даўно б не існавалі... Нас не запыталі... Але крыўдна ня тое, што нас не запыталі, у нас проста ніхто не зьбіраўся пытацца».

Напрыканцы сходу жыхары Малеча запатрабавалі ад чыноўнікаў зьвярнуцца да «вышэйшых уладаў», каб буфэрныя зоны, у межах якіх нельга гадаваць сьвіней вакол фэрмаў, зьменшылі з 5 кілямэтраў да 500 мэтраў.
Крыўдна ня тое, што нас не запыталі, у нас проста ніхто не зьбіраўся пытацца
Сход адбываўся ў актавай залі Малецкага сельсавету. Прысутнічалі міліцыянты, якія прыехалі на дзьвюх машынах. Яны нават вывелі з залі аднаго мужчыну, які ў запале дыскусіі падышоў надта блізка да чыноўнікаў. Аднак болей эксцэсаў з міліцыяй не было.

У Бярозаўскім раёне мінулай восеньню жыхары 17 вёсак мусілі зьнішчыць пагалоўе сьвіней на ўласных падворках. Гэтыя вёскі знаходзяцца на адлегласьці ня болей 5 кілямэтраў ад буйных дзяржаўных фэрмаў.

З ініцыятывы ўладаў сьвіней у вёсках забіваюць дзеля прафіляктыкі «афрыканскай чумы сьвіней». Пры гэтым бярозаўскія чыноўнікі кажуць, што ніводнага выпадку захворваньня сьвіней на гэтую чуму ў раёне не было.

Найбольшыя пратэсты жыхароў з нагоды «сьвіной» праблемы на Берасьцейшчыне адбываюцца менавіта ў Бярозаўскім раёне. Аднак плёну яны пакуль ня мелі, сьвіней па-ранейшаму трымаць забаронена.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG