Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працаўніца «Слодычы» пра вырак дырэктарцы: Мала далі!


Экс-дырэктарку менскай «Слодычы» асудзілі на 3 гады
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:38 0:00
Наўпроставы лінк

У Першамайскім судзе Менску агалошаны прысуд былой дырэктарцы кандытарскай фабрыкі «Слодыч» Тацяне Селіх, якая была арыштаваная ў канцы мінулага году паводле абвінавачаньня ў арганізацыі незаконнага праслухоўваньня тэлефонных размоў сваіх падначаленых.

Тацяну Селіх прызналі вінаватай па ўсіх трох артыкулах, якія ёй былі інкрымінаваныя, і асудзілі на 3 гады пазбаўленьня волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Таксама ёй на 5 гадоў забаронена займаць кіроўныя пасады. А вось маёмасьць былой дырэктаркі не канфіскуюць — суд пастанавіў зьняць арышт, які быў накладзены на маёмасьць падсуднай. Пасьля абвяшчэньня прысуду на пытаньне карэспандэнта «Свабоды» Тацяна Селіх заявіла, што будзе падаваць касацыйную скаргу, паколькі лічыць сябе невінаватай:

«Лічу сябе невінаватай. Абвінавачаньне па сутнасьці абсурднае, і ніякіх доказаў у сьледзтва і пракуратуры няма. Усё прыдумана, абсалютна фармальны падыход. Канечне, будзем абскарджваць».

У чым, паводле суду, вінаватая Тацяна Селіх? Судзьдзя Сяргей Бандарэнка палічыў яе вінаватай у незаконным набыцьці сродкаў негалоснага атрыманьня інфармацыі, злоўжываньні ўладай у асабістых мэтах, а таксама ў парушэньні тайны тэлефонных перамоваў. Гэтак сьледзтва кваліфікавала дзеяньні былой дырэктаркі, якая набыла тэхнічныя сродкі праслухоўваньня, усталявала гэтыя сродкі на службовыя тэлефоны сваіх супрацоўнікаў і зьбірала незаконныя зьвесткі. У судзе Тацяна Селіх казала, што праслухоўваньне было часткай сыстэмы бясьпекі на прадпрыемстве. Ці ўсе з гэтым згодныя?

Былая супрацоўніца фабрыкі «Слодыч» Раіса Хацкевіч мяркуе, што Тацяну Селіх суд пакараў справядліва, «ды яшчэ й мала даў». Вось што думае Раіса Хацкевіч пра мэту, якую ставіла перад сабой былая дырэктарка, праслухоўваючы падначаленых:

«Ёй трэба было гэта, каб звольніць тых, хто нешта пра яе сказаў адмоўнае. Рабіла такія „чысткі“ на прадпрыемстве. І маёмасьць у яе трэба было канфіскаваць».
Ёй трэба было гэта, каб звольніць тых, хто нешта пра яе сказаў адмоўнае
Раіса Хацкевіч паведаміла карэспандэнту «Свабоды», што адпрацавала на «Слодычы» 57 гадоў, у тым ліку інжынэрам-тэхнолягам. Новае кіраўніцтва «Слодычы», у тым ліку на чале з Тацянай Селіх, паводле Раісы Хацкевіч, не выконвала тэхналягічныя рэжымы, недадавала сыравіны ў вырабы, а за крытыку гэтых недахопаў зь ёй паквіталіся — звольнілі нібыта за неадпаведнасьць пасадзе. Паводле Раісы Хацкевіч, на «Слодычы» за час кіраваньня Селіх было звольнена некалькі соцень працаўнікоў, і шмат хто зь іх незаслужана.

Прадстаўнік абвінавачаньня Максім Шастакоў у канцы працэсу прасіў для Тацяны Селіх 5 гадоў пазбаўленьня волі. Ці будзе пракуратура дамагацца больш суворага прысуду, чым той, што прагучаў?

«Былі парушаныя канстытуцыйныя правы грамадзян. Разам з тым, паколькі страты абвінавачаная кампэнсавала ў поўным аб’ёме, суд прызначыў мінімальнае з магчымых пакараньняў — 3 гады зьняволеньня. У далейшым, калі будзе ўручаны прысуд, пракуратура праверыць яго абгрунтаванасьць і законнасьць ды вырашыць, ці варта апратэстоўваць гэтае рашэньне суду».

Са сьнежня мінулага году Тацяна Селіх была пад вартай. Суд пастанавіў працягнуць гэтую меру стрыманьня былой дырэктарцы «Слодычы» да ўступленьня прысуду ў сілу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG