Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
У Грузіі 26 траўня, адзначаецца Дзень Незалежнасьці. На рашэньне кіраўніцтва Грузіі, Дзень незалежнасьці будзе адзначаны ў 12 гарадах краіны паводле адзінага сцэнару, паведамляе сайт «Навіны-Грузія».

На цэнтральных праспэктах гарадоў будуць праведзеныя «народныя сьвяты». Вайсковы парад сёлета праводзіцца ня будзе. У той жа час вайсковы элемэнт таксама ўключаны ў праграму сьвята: у Тбілісі на плошчы Свабоды вайскоўцы прынясуць урачыстую прысягу, на праспэкце Руставелі пройдзе выстава ўзораў грузінскай ваеннай прамысловасьці -- бронетэхнікі і ўзбраеньняў. Перад будынкам парлямэнту і на плошчы Эўропы пройдуць канцэрты.

У адрозьненьне ад многіх іншых краін былога СССР, у Грузіі сьвяткуюць не гадавіну атрыманьня незалежнасьці ад Савецкага Саюзу, а гадавіну першага абвяшчэньня незалежнасьці ў 1918 годзе.

Першы дэмакратычны ўрад Грузіі на чале з Ноэ Жарданія абвясьціў незалежнасьць краіны 26 траўня 1918 году. Сытуацыя была тыповай для народаў, што толькі вызваліліся ад прыгнёту расейскае імпэрыі, заявілі пра сябе ва ўмовах нямецкай акупацыі, але неўзабаве былі вернутыя ў новую імпэрыю – савецкую. Тое самае перажыла і Беларусь, дзе народная рэспубліка была абвешчаная на два месяцы раней.

Першая незалежная Дэмакратычная Рэспубліка Грузія праіснавала тры гады – да лютага 1921 году, калі ў Грузію ўвайшлі часткі Чырвонай арміі, усталяваўшы савецкую ўладу. Ад 1922 па 1991 Грузія ўваходзіла ў склад СССР.

Незалежнасьць краіны была адноўлена ў 1991 годзе – 31 сакавіка адбыўся ўсенародны рэфэрэндум, і 9 красавіка на аснове вынікаў рэфэрэндуму Вярхоўны Савет прыняў Акт аб аднаўленьні дзяржаўнай незалежнасьці Грузіі.

Першым прэзыдэнтам краіны быў абраны вядомы палітычны дзеяч Зьвіяд Гамсахурдзія. Пасьля яго да ўлады прыйшоў Эдуард Шэварнадзэ. Ён узначальваў дзяржаву з 1995 па 2003 год. Затым праз «рэвалюцыю ружаў» да ўлады прыйшоў Міхаіл Саакашвілі -- лідэр апазыцыйнага палітычнага блёку.

Ад 2013 году пасаду прэзыдэнта займае Георгій Маргвелашвілі. Выбары-2013 сталі першай у гісторыі незалежнай Грузіі мірнай перадачай прэзыдэнцкай улады.

27 чэрвеня ў Брусэлі Грузія падпіша пагадненьне аб асацыяцыі з Эўрапейскім зьвязам.
XS
SM
MD
LG