Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крым будзе вызначаць фармат адносінаў новай Украіны і старой Расеі, — Чавусаў


Юры Чавусаў

Юры Чавусаў

Менскі палітоляг Юры Чавусаў лічыць, што хоць нагодай для Эўрамайдану і тых забурэньняў, якія зьмянілі палітычны рэжым ва Ўкраіне, былі зьнешнепалітычныя чыньнікі і геапалітычны выбар паміж Эўразьвязам і Мытным зьвязам, цяпер асноўныя кароткатэрміновыя выклікі для новага прэзыдэнта будуць палягаць ва ўнутранай палітыцы краіны.

«У першую чаргу гэта дасягненьне палітычнай стабілізацыі — вяртаньне кантролю над мяцежнымі рэгіёнамі. З аднаго боку, калі ў Кіеве ўсталюецца легітымная новая ўлада, то пагроза расейскага ўварваньня адыдзе ў нябыт. Зь іншага боку, задача ўпарадкаваньня гэтых рэгіёнаў будзе вельмі важнай. Таксама як і задача вырашэньня эканамічных праблемаў, бо эканамічнае становішча даволі складанае, ёсьць вялікая дэвальвацыя грыўні, краіне не хапае грошай», — адзначыў экспэрт.

На думку Юрыя Чавусава, ступень добразычлівасьці паміж Украінай і Расеяй у першую чаргу будзе вызначацца пытаньнем пра вяртаньне анэксаванай Расеяй украінскай тэрыторыі — Крыму:

«У расейска-ўкраінскіх стасунках зьявілася вялікая праблема, якая, на маю думку, у доўгатэрміновай пэрспэктыве будзе вызначаць фармат узаемадзеяньня гэтых краінаў. Безумоўна, гэта Крым, дакладней, анэксія Расеяй часткі ўкраінскай тэрыторыі. Мне падаецца, што вяртаньне Крыму шляхам зьнешнепалітычнага ціску, шляхам выкарыстаньня ўсіх мэханізмаў міжнароднага права — будзе асноўнай тэмай для палітыкі новага ўкраінскага рэжыму ў дачыненьні да Расеі. У сусьветнай гісторыі ёсьць прэцэдэнты, калі мэханізмы міжнароднага права пры належнай палітычнай волі і міжнароднай падтрымцы анулявалі незаконныя анэксіі тэрыторыі. Гэта складана, але магчыма і ў сытуацыі з Крымам. Але гэта працэс доўгатэрміновы, і такая задача будзе стаяць ня толькі перад той канфігурацыяй улады, якая фармуецца зараз, а і перад наступнымі».

Разам з тым, паводле Юрыя Чавусава, у сфэры эканомікі падыход Украіны да Расеі будзе прагматычны, зь меншым уплывам палітычнага фактару, бо тыя патрэбы, якія мае ўкраінская прамысловасьць, а таксама праблемы, зьвязаныя з пастаўкамі газу, немагчыма задаволіць без дасягненьня эканамічнага парытэту з Расеяй.
XS
SM
MD
LG