Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радыкалы павялічваюць сваё прадстаўніцтва ў Эўрапарлямэнце


На выбарах у Эўрапарлямэнт, якія завяршыліся 25 траўня, паводле зьвестак экзыт-полаў, посьпеху дабіліся правыя і левыя партыі. Гэтыя палітычныя сілы могуць амаль удвая павялічыць сваю прысутнасьць у галоўным прадстаўнічым органе Эўразьвязу і мець ад 120 да 140 дэпутатаў з 751.

Экзыт-полы паказваюць, што вельмі правыя або левыя партыі сталі першымі ў Францыі, Грэцыі і Даніі, а таксама маюць істотныя дасягненьні ў Аўстрыі і Вялікабрытаніі.

У Францыі галоўным трыюмфатарам стаў Нацыянальны фронт, які можа атрымаць 24 месцы — у параўнаньні з трыма па выніках выбараў 2009 году.

Посьпехі радыкальных палітычных сілаў, якія добразычліва ставяцца да палітыкі Расеі на постсавецкай прасторы, ёсьць пазытыўным сыгналам для расейскага лідэра Ўладзімера Пуціна.

Адначасова найбольшую фракцыю ўсё роўна будзе мець Эўрапейская народная партыя. Яна, паводле папярэдніх падлікаў, атрымае 211 месцаў у Эўрапарлямэнце (у папярэднім скліканьні было 274). Сацыялісты захавалі прадстаўніцтва амаль нязьменным — 193 эўрадэпутаты (да гэтага часу было 196). Страцілі частку дэпутатаў лібэралы — 74 замест 83.

Выбары ў Эўрапарлямэнт праходзілі ў 28 краінах з 22 да 25 траўня. Яўка выбарцаў склала больш за 43%.
XS
SM
MD
LG