Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Славянску забілі італьянскага журналіста і расейскага дысыдэнта


Пашпарт Андрэа Ракелі

Пашпарт Андрэа Ракелі

Сьмерць італьянскага фатографа Андрэа Ракелі і ягонага перакладчыка Андрэя Міронава — першы выпадак гібелі журналістаў ад пачатку збройнага канфлікту на ўсходзе Ўкраіны.

Абодва загінулі пад Славянскам ад мінамётнага і аўтаматнага абстрэлу, калі выконвалі журналісцкую працу.

За некалькі гадзін да сьмерці Андрэа Ракелі прапаноўваў украінскай службе Радыё Свабода шэраг фотарэпартажаў з Данбасу.

«Я знаходжуся ў Славянску разам з былым дысыдэнтам савецкіх часоў Андрэем Міронавым, дакумэнтуючы штодзённае жыцьцё звычайных людзей, якія пакутуюць ад гвалту. Грамадзяне ўсьведамляюць хісткасьць ізаляцыі і сэпаратызму, якія вайна ўносіць у іх жыцьцё. У банках праблемы з апэрацыямі і выдачай наяўных грошай. Усё больш чуваць галасы абурэньня, але ўсё яшчэ вельмі шмат страху», — напісаў Свабодзе італьянскі журналіст.

Андрэа Ракелі як фатограф асабліва цікавіўся тым, як сем’і на Данбасе хаваюцца ад нападаў у самаробных бамбасховішчах, у якія ператвараюць свае скляпы.

«Мы запісалі цікавае інтэрвію з чачэнскімі ўцекачамі, якія ўладкаваліся ў Славянску пасьля першай чачэнскай вайны, а цяпер апынуліся на лініі агню паміж паўстанцамі і ўкраінскімі сіламі», — паведаміў журналіст незадоўга да гібелі. Адно з апошніх фота Андрэа Ракелі

Адно з апошніх фота Андрэа Ракелі


Пра сьмерць журналістаў спачатку паведамілі прадстаўнікі самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі», пасьля гэта пацьвердзіла Міністэрства замежных спраў Італіі.

Як распавёў газэце Le Monde францускі журналіст Ўільям Раглон, паранены падчас інцыдэнту, група з трох журналістаў ды кіроўцы таксоўкі трапіла суботнім вечарам пад мінамётны абстрэл у вёсцы Андрэеўка Данецкай вобласьці. Раглон быў паранены ў ногі пры выбуху міны. Кіроўца таксі быў кантужаны і атрымаў раненьні рукі, але яму ўдалося вярнуцца на машыне ў Славянск.

Журналіст-перакладчык Андрэй Міронаў, які загінуў разам з Андрэа Ракелі, належаў да расейскай праваабарончай арганізацыі «Мэмарыял», а ў 1990-х гадах працаваў у Чачні. Андрэй Міронаў (зьлева) і Андрэа Ракелі ў Славянску

Андрэй Міронаў (зьлева) і Андрэа Ракелі ў Славянску


Кіраўнік украінскага Цэнтру ваенна-палітычных дасьледаваньняў Дзьмітры Тымчук на сваёй старонцы ў Facebook выказаўся з нагоды гібелі пад Славянскам 31-гадовага італьянскага журналіста Андрэа Ракелі і 60-гадовага журналіста-перакладчыка Андрэя Міронава, а таксама раненьня фотарэпарцёра з Францыі.

Паводле Дзьмітрыя Тымчука, трагічнае здарэньне стала вынікам мінамётнага абстрэлу з боку расейскіх баевікоў, які адбыўся каля чыгуначнага пераезду ў ваколіцах Славянску.

«Бліжэйшыя пазыцыі сіл антытэрарыстычнай апэрацыі ў гэтым раёне — на гары Карачун. Паводле апэратыўных дадзеных групы „Інфармацыйны супраціў“, на працягу сутак 24 траўня ўкраінскія сілавікі не ўжывалі мінамётаў у гэтым раёне.

Таксама не выглядае дакладнай вэрсія забойства і раненьня журналістаў з аўтаматычнай зброі ўкраінскімі сілавікамі, бо адлегласьць ад месца здарэньня да бліжэйшых пазыцыяў сіл антытэрарыстычнай апэрацыі складае ня менш за 1,5 км. На працягу апошніх сутак тэрарыстычныя групы ў Славянску неаднаразова ажыцьцяўлялі мінамётныя абстрэлы пазыцыяў украінскіх сілавікоў».
XS
SM
MD
LG