Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Чарнігаве хочуць абраць прэзыдэнта ў адным туры


Рэпартаж нашага карэспандэнта з выбарчых участкаў у Чарнігаве.

Апоўдні на выбарчых участках Чарнігава было асабліва шматлюдна. Гараджане ішлі выбіраць прэзыдэнта сем’ямі.

Прадпрымальнік Раман Часнык галасаваць прыйшоў з жонкаю і дзьвюма дачушкамі. На прадпрымальніку блакітная майка з трызубцам — нацыянальным гербам Украіны. Жоўта-блакітныя сьцяжкі ў руках дачушак.

Раман: «Мы ўсёй сям’ёй галасуем, бо гэта наш абавязак. Як на працу трэба хадзіць, так і на выбары, бо ад іх залежыць наша будучыня. З новым прэзыдэнтам грамадзтва адолее карупцыю, а людзі будуць мець надзейную сацыяльную абарону — у мэдыцыне, страхаваньні, адпачынку. Я асабіста галасаваў за Пятра Парашэнку — сапраўднага ўкраінскага лідэра. Спадзяюся, што ён пераможа ўжо ў першым туры — за яго вельмі шмат гараджан галасуе».

Пэнсіянэрка Лідзія зь ім згодная:

«Я думала галасаваць за Алега Цягнібока, нават газэту „Свабода“ выпісала. Але ў апошнюю хвіліну, калі прыйшла да школы, дзе галасавала, мяне адолеў моцны патрыятызм. Думаю: каб не было другога туру, трэба галасаваць за Парашэнку, які лідзіруе на выбарах. Разумееце, на ўсходзе, на поўдні ідзе вайна. І калі мы ня выберам кіраўніка дзяржавы зь першага заходу, то беспарадкі там могуць працягнуцца. Толькі з-за гэтага я за Парашэнку прагаласавала — і толькі. А душою і сэрцам я — за Цягнібока. І праграма яго мне дужа падабаецца».
Асаблівасьць цяперашніх прэзыдэнцкіх выбараў на Чарнігаўшчыне ў тым, што ў іх бярэ актыўны ўдзел і моладзь. Яны не пакідаюць выбар, як бывала раней, на водкуп старэйшаму пакаленьню — галасуюць самі.

Паводле зьвестак назіральнікаў, ужо праз тры гадзіны пасьля адкрыцьця ўчасткаў у Чарнігаве прагаласавалі звыш 20 адсоткаў выбарцаў.

За гадзіну да гэтага кіраўнік участковай выбарчай камісіі № 740986 Надзея Шаршаева апавяла карэспандэнту «Свабоды», што з 1635 выбарцаў, зарэгістраваных на ўчастку, бюлетэні апусьцілі ў празрыстыя скрыні 185 чалавек.

Выбары ў рэгіёне, паводле зьвестак каардынатара Чарнігаўскай абласной народнай самаабароны Аляксандра Ясенчука, праходзяць спакойна. Два дробныя інцыдэнты па-за межамі выбарчых участкаў добраахвотнікі самаабароны прыпынілі.

У ахове грамадзкага парадку задзейнічаны і сфармаваны нядаўна спэцыяльны батальён абласной управы ўнутраных спраў «Чарнігаў». Сям’я Рамана Часныка галасавала разам

Сям’я Рамана Часныка галасавала разам

На ўчасткі людзі ідуць зь дзецьмі

На ўчасткі людзі ідуць зь дзецьмі

XS
SM
MD
LG