Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дабрапольле — куточак сапраўднай Украіны ў Данбасе»


Зьміцер Галко. У Марыюпалі

Зьміцер Галко. У Марыюпалі

Беларускі журналіст Зьміцер Галко ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне знаходзіцца ў Данецкай вобласьці. Зьміцер падзяліўся уражаньнямі ад ўбачанага са Свабодай.

Зьміцер Галко распавёў, што яшчэ ўчора стала вядома, што ў самім Данецку выбары не адбудуцца:

«Было спадзяваньне, што адкрыецца выбарчы ўчастак у аэрапорце, але потым стала вядома, што з-за пытаньняў бясьпекі гэтага не адбудзецца.

Таму мы (некалькі журналістаў, сярод якіх францускія, італьянскія, расейскія) з самага ранку паехалі ў іншыя гарады на захадзе вобласьці. Першы горад, які мы наведалі, — Селідава. Участкі там былі падрыхтаваныя (сядзелі сябры камісіяў, былі разьвешаныя агітацыйныя матэрыялы), але ім так і не прывезьлі бюлетэні.
Гэты пафігізм — гэта тое, што Данецк і губіць, гэта галоўная праблема
Наступны горад — гэта Дзімітраў, дзе выбары ўжо адбываліся, калі мы туды прыехалі. Актыўнасьць была нармальная, але меншая, чым на папярэдніх прэзыдэнцкіх выбарах. У Дзімітраве мы сутыкнуліся з агрэсіяй, калі таксіст пачаў нас пытацца, хто мы такія і ці будзем распавядаць праўду — мы хутчэй ад яго рэціраваліся.

Наступны горад — гэта Дабрапольле. Гэта штосьці зусім іншае, увесь горад завешаны ўкраінскімі сьцягамі. Тут ёсьць самаахова (арганізацыя „Патрыёты Дабрапольля“), тут стаіць праўкраінскі батальён „Днепр“ — дзеці і жанчыны крычаць яму „Слава Ўкраіне“. Гэта нейкі куток сапраўднай Украіны на Данбасе».
Радыё Свабода: «Якая ахова на выбарчых участках?»

Галко: «У Селідаве горад патруляваў нарад міліцыі, у бронекамізэльках, але бяз зброі. У Дзімітраве каля ўчасткаў стаяла пару міліцыянтаў, яны былі дастаткова спакойныя, казалі, што ніякіх непрыемнасьцяў не чакаюць».

Радыё Свабода: «Дык атрымліваецца, што людзі ў Данецку ня маюць ніякай магчымасьці прагаласаваць на прэзыдэнцкіх выбарах? Ці могуць яны прыехаць у нейкі іншы горад і прагаласаваць там, ці дазваляе гэта заканадаўства?»
Галко: «Гэтага пытаньня я дэталёва не вывучаў. Нібыта могуць, але практычна гэта ня так і проста. Мне здаецца, што з Данецку мала хто паедзе на выбары ў іншыя месцы — нягледзячы на тое, што людзей, якія не падтрымліваюць ДНР („Данецкую народную рэспубліку“), там вельмі шмат. Але гэты пафігізм — гэта тое, што Данецк і губіць, гэта галоўная праблема.

Калі ў суботу праходзіў мітынг за ўтварэньне „Наваросіі“, то там было каля 500 чалавек. Гэта выглядала і сьмеху, і жалю варта. Шмат людзей там за агульную Ўкраіну, але яны нічога ня робяць, не арганізоўваюцца, не супрацьстаяць. Баяцца, натуральна, гэта можна зразумець».

Свабода: «Сёньня прыйшло паведамленьне, што АБСЭ перастае працаваць у Данецкай вобласьці «з-за атмасфэры тэрору».

Галко: «Так, мы размаўлялі з назіральнікамі АБСЭ яшчэ ўчора, і яны нам пра гэта сказалі. У Данецку, уласна, няма за чым назіраць, а ў многіх іншых месцах для іх існуе небясьпека».
XS
SM
MD
LG