Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігару Аліневічу не даверылі іголку і ніткі


Ігар Аліневіч

Ігар Аліневіч

Маці палітвязьня Ігара Аліневіча, які адбывае пакараньне ў Наваполацкай калёніі, распавяла пра няўдалыя спробы сына пачаць навучаньне ў калёніі.

«Адразу ён спрабаваў працаваць па спэцыяльнасьці, якая блізкая да ягонай адукацыі, а ён закончыў радыётэхнічны. Але яго ня бралі ні на якую. А летась узялі ў ПТВ на краўца, але празь месяц адхілілі ад вучобы. Ведаю, што ён падаваў заяву на навучаньне на краўца, але зноў не ўзялі», — распавяла Валянціна Аліневіч.

Ці адновіць Ігар Аліневіч спробы ўсё ж атрымаць нейкую працоўную спэцыяльнасьць ў калёніі, як іншыя вязьні?

«Ведаю, што ён бы хацеў вучыцца і там. Бо ён хлопец дапытлівы, цікаўны. Хоць яго незаконна асудзілі, а да таго незаконна скралі з Масквы, ўсё ж у яго было ўяўленьне аб нейкіх межах законнасьці. Думаў, што прыедзе ў калёнію, будзе працаваць, будзе вучыцца. Ну і што, што там прафэсіям навучаюць толькі працоўным? Але нікому не далі такой магчымасьці, і яму таксама».

Апошні ліст ад Ігара Аліневіча прыходзіў ў пачатку траўня — палітвязень віншаваў дзядулю і бабулю зь Днём перамогі. «Ад таго часу лістоў не было, а званкі там даўно не дазваляюць», — паведаміла маці палітвязьня Ігара Аліневіча.

Актывіст анархісцкага руху Ігар Аліневіч 27 траўня 2011 быў асуджаны на 8 год за хуліганскія дзеяньні адносна афіцыйных будынкаў. Сваёй віны палітвязень не прызнаў і адмовіўся падаваць прашэньне аб памілаваньні.
XS
SM
MD
LG