Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніцтва Партыі БНФ абяруць 13 верасьня


Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

Чарговы справаздачна-выбарны з’езд Партыі БНФ пройдзе 13 верасьня. Такое рашэньне прыняў сёньня партыйны сойм. Падобныя форумы ў БНФ праводзяцца раз на тры гады, паведаміў Свабодзе старшыня партыі Аляксей Янукевіч.


«Безумоўна, акрамя абраньня новага кіраўніцтва, на парадку дня з’езду будзе і падрыхтоўка да прэзыдэнцкіх выбараў. Сёньня сойм у чарговы раз пацьвердзіў нашу адданасьць абраньню адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў.

Мы абмеркавалі праект працэдуры выхаду на адзінага кандыдата. Тут у нас аднадушнае меркаваньне, што трэба апірацца на рэгіянальныя сходы дэмакратычнага актыву і ўсіх жадаючых. Менавіта яны стануць асновай дэлегацкага складу Кангрэсу дэмакратычных сілаў. І тое, што ня сёньняшні момант ужо фактычна ўхваленая дамоўленасьць пра абраньне адзінага кандыдата на кангрэсе, пазытыўна ўспрымаецца нашым соймам.

Праўда, застаюцца яшчэ пэўныя супярэчнасьці з некаторымі іншымі суб’ектамі адносна таго, якім чынам будзе фармавацца дэлегацкі склад. Тут я атрымаў даручэньне сойму адстойваць менавіта як аснову вылучэньня на кангрэс рэгіянальныя сходы. Аднак мы ў якасьці кампрамісу згодныя разглядаць і спалучэньне іншых формаў — напрыклад, збор подпісаў, кандыдаты ў дэпутаты, квоты для арганізацыяў і паважаных асобаў і г.д.»
XS
SM
MD
LG