Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Статкевіч: Будзе горш, калі Ўкраіна ня ўвойдзе ў НАТО і пачне абараняць сябе сама


Мікола Статкевіч
Мікола Статкевіч

Мікалай Статкевіч ацаніў сытуацыю з магчымым уваходам Украіны ў НАТО.

У апошнім лісьце з магілёўскай турмы былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч выказаўся наконт пэрспэктываў уступленьня Ўкраіны ў НАТО. Гэта тэма набыла актуальнасьць у сувязі з працягам узброеных правакацый на Паўднёвым усходзе Ўкраіны і прэзыдэнцкімі выбарамі, якія мусяць адбыцца 25 траўня. Дык ці варта ўступаць Украіне ў Паўночна-атлянтычны альянс? Вось што думае пра гэта падпалкоўнік ў адстаўцы Мікалай Статкевіча.

«На мой погляд, гэта не самы горшы для Расеі і ўсяго рэгіёну варыянт. НАТО, усё ж ваяваць тут не зьбіраецца, тым болей ядзернай зброяй. Горш можа быць, калі Ўкраіна ў НАТО не ўвойдзе і пачне абараняць сябе сама.
Прыніжаная Расеяй і азлобленая краіна можа пачаць распрацоўку ўласнай ядзернай зброі. Уранавыя радовішчы і патрэбныя адмыслоўцы там ёсьць. З дастаўкай таксама праблемаў не будзе, бо ракетная вытворчасьць там таксама ёсьць. І папракнуць Украіну вяртаньнем да ядзернай зброі будзе нельга, бо некалі яна аддала яе Расеі ў абмен на гарантыі свайго суверэнітэту з боку як самой Расеі, так і Амэрыкі з Англіяй. Дзе цяпер гэтыя гарантыі?»

Паводле Мікалая Статкевіча, калі Ўкраіна авалодае ядзернай зброяй, небясьпека ядзернага канфлікту двух мяжуючых краін павялічыцца шматкроць, што вельмі дрэнна і для Беларусі. «Не, лепш хай ужо ў НАТО ідуць. Так спакайней будзе для ўсіх», — скончвае разважаньні Мікалай Статкевіч.

Жонка палітвязьня Марына Адамовіч ведае з ягоных лістоў, што яму дазволілі набыць ў турэмнай краме часнык і лімоны — надзвычай важныя харчы ў турэмных умовах.

«Напісаў, што ў яго маленькае сьвята — ўпершыню вясной дазволілі набыць ў краме лімоны і часнык. У турме гэта вельмі істотна. Бо, пісаў, тое, што неяк можна назваць салёнымі агуркамі і памідорамі, даўно скончыліся. Зараз нават замест бульбы даюць разьведзены парашок. Таму вось такая радасная падзея».
Мікалай Статкевіч адбывае 6 год зьняволеньня за падзеі 19 сьнежня 2010 году ў крытай турме. Палітвязень сваёй віны нібыта ў арганізацыі масавых беспарадкаў не прызнае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG