Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзясяткі беларусаў назіраюць за прэзыдэнцкімі выбарамі ва Ўкраіне


Дзясяткі беларусаў атрымалі статус міжнароднага назіральніка за прэзыдэнцкімі выбарамі ва Ўкраіне.

Прадстаўнікі розных грамадзкіх арганізацыяў выправіліся ў суседнюю краіну, каб кантраляваць законнасьць і справядлівасьць волевыяўленьня ўкраінцаў. Як будуць назіраць за выбарамі ва Ўкраіне.

25 траўня ўкраінцы будуць абіраць ужо пятага па ліку прэзыдэнта. Пасьля таго як папярэдні прэзыдэнт Віктар Януковіч пакінуў краіну, датэрміновыя выбары прызначылі якраз на гэтую нядзелю. Абавязкі прэзыдэнта тым часам выконваў прызначаны Вярхоўнай Радай Аляксандар Турчынаў.

Пераходная ўкраінская ўлада ня раз дэкляравала, што зацікаўленая ў максымальнай адкрытасьці і празрыстасьці выбараў. Дзеля гэтага ва Ўкраіну накіраваныя назіральнікі ад найбуйнейшых арганізацыяў па кантролі за выбарчым працэсам, а ў красавіку стала вядома, што Эўразьвяз выдзеліў на падтрымку назіральнага працэсу 5 мільёнаў эўра.

Статус міжнароднага назіральніка атрымалі ва Ўкраіне і беларускія грамадзяне. Такіх некалькі дзясяткаў. Назіраць за выбарамі яны будуць у розных украінскіх рэгіёнах.

Усе назіральнікі зьвязаныя адмысловымі абавязаньнямі, якія не дазваляюць ім паведамляць дэталі сваёй працы, а таксама выказвацца пра сытуацыю ва Ўкраіне. Паводле правілаў усе сабраныя імі зьвесткі перадаюцца ў кіроўныя арганізацыі, там аналізуюцца і прадстаўляюцца публічна ў выглядзе адмыслова апрацаваных дадзеных і прэс-рэлізаў.

У Адэскай вобласьці за выбарамі прэзыдэнта будзе назіраць Андрэй Стрыжак з Рэчыцы. Ён прадстаўляе ва Ўкраіне місію Эўрапейскай сеткі арганізацыяў назіраньня за выбарамі, скарочана ENEMO (European Network of Election Monitoring Organizations).
Андрэй Стрыжак

Андрэй Стрыжак

Андрэй Стрыжак: «Місія ENEMO прадстаўленая даволі шырока. Ёсьць доўгатэрміновыя і кароткатэрміновыя назіральнікі, якія знаходзяцца на тэрыторыі ўсёй краіны. Я сам бяру ўдзел у місіі ENEMO ўжо другі раз. Першы раз я назіраў у 2004 годзе. І зараз, у 2014-м, — другі раз.

ENEMO — гэта сетка эўрапейскіх арганізацыяў, якая займаецца маніторынгам выбараў. І беларускія арганізацыі ў ёй таксама прадстаўленыя».

ENEMO мае 24 каманды доўгатэрміновых назіральнікаў, якія складаюцца з двух чалавек. І яшчэ 300 чалавек былі акрэдытаваныя ЦВК Украіны ў якасьці кароткатэрміновых назіральнікаў.
XS
SM
MD
LG