Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яцанюк заклікаў не баяцца і прыходзіць на выбары


Прэм’ер-міністар Арсень Яцанюк заклікаў украінцаў прыйсьці на выбары і даказаць, што іх нельга запалохаць. Пра гэта гаворыцца ў звароце кіраўніка ўраду, зьмешчаным на сайце Кабінэту міністраў.

«Мы дакажам ўсяму сьвету, але галоўнае, самім сабе, што нас немагчыма запалохаць, што мы і толькі мы самі будзем вырашаць, як нам будаваць родны дом, і як у ім гаспадарыць», — адзначыў Яцанюк.

Па словах прэм’ера, падрыхтоўка да выбараў ідзе ня проста, паколькі для іх зрыву прыцягнутыя буйныя фінансавыя, палітычныя і ваенныя рэсурсы. «Але мы заваявалі гэтыя выбары. Тым, што ахоўваем сваю зямлю, адраджаем украінскае войска, падымаем разбураную эканоміку, зьнішчаем схемы вымываньня з краіны мільярдаў, вучымся кантраляваць уладу, закладваем падмурак для далейшага разьвіцьця», — адзначае Арсень Яцанюк.

Датэрміновыя выбары прэзыдэнта Ўкраіны заплянаваныя на 25 траўня. У Кіеве і іншых населеных пунктах на гэты дзень прызначаныя таксама выбары ў мясцовае самакіраваньне.
XS
SM
MD
LG