Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За здымкі камэрай, схаванай у акулярах, беларусу далі вялікі штраф


Такое рашэньне прыняў сёньня суд у Днепрапятроўску адносна прадзюсара тэлекампаніі НТВ, грамадзяніна Беларусі Сьцяпана Чырыча.

Ён быў затрыманы ў красавіку на тэрыторыі Ўкраіны за выкарыстаньне спэцыяльных тэхнічных сродкаў сакрэтнага атрыманьня інфармацыі.

Адвакат Чырыча Ільля Бондар кажа, што ён задаволены рашэньнем суду:

«Украінская Фэміда добразычліва паставілася да майго падабароннага, улічыла яго маладосьць, чыстасардэчнае прызнаньне, а таксама тое, што ў яго на ўтрыманьні знаходзяцца бацькі».

«Чырыч зрабіў вялікае глупства, выкарыстоўваючы акуляры з убудаванай відэакамэрай. Але ён ня ведаў, чым гэта пагражае, і суд улічыў гэта», – дадаў юрыст.

Адвакат адмовіўся назваць суму штрафу, адзначыўшы толькі , што «гэта значная сума».

Чырыч быў затрыманы ў красавіку ў Днепрапятроўскай вобласьці, калі здымаў сюжэт для НТВ. Яго падазравалі ў схаванай фота- і відэаздымцы адміністрацыйных будынкаў. Паводле інфармацыі ўкраінскага боку, падчас здымак была выкарыстаная тэхнічная прылада, закамуфляваная пад акуляры з убудаванай відэакамэрай высокага разрозьненьня, якая мае прыкметы спэцыяльных тэхнічных сродкаў сакрэтнага атрыманьня інфармацыі.

Супраць Чырыча была ўзбуджаная крымінальная справа паводле ч.1 арт. 201 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (кантрабанда спэцсродкаў). Ён быў затрыманы, пасля ўтрымліваўся пад хатнім арыштам. Ён знаходзіўся ў здымнай кватэры са спэцыяльным бранзалетам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG