Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інтэрвію Лукашэнкі замежным мэдыям заўсёды цікавыя. Бо, у адрозьненьне ад прыдворных беларускіх журналістаў, замежнікі задаюць і вострыя пытаньні. І якім бы ні быў кіраўнік Беларусі выдатным маніпулятарам, ён усё роўна ў той ці іншай форме прагаворваецца. І выяўляецца сапраўдны Лукашэнка, без афіцыёзнага флёру. Ягонае інтэрвію Ксеніі Сабчак — якраз з гэтага шэрагу.

Ужо шмат разоў Лукашэнка падчас афіцыйных сустрэч дэкляраваў палітычную падтрымку Расеі ў яе цяперашнім канфлікце з Украінай і Захадам. А вось у згаданым інтэрвію ён даволі адкрыта выказвае нязгоду з пазыцыяй РФ адносна ўкраінскага крызісу. Насуперак расейскім тэлеканалам кіраўнік Беларусі кажа, што рэфэрэндумы ў Данецкай і Луганскай абласьцях з гледзішча права нікчэмныя. Прызнае ролю «зялёных чалавечкаў» у Крыме і на паўднёвым усходзе Ўкраіны. А заявы пра тое, што Пуціну ва Ўкраіне рабіць няма чаго, «яго туды ніхто ня клікаў, там яго ніхто не чакае», парада Расеі разабрацца «з тымі землямі, якія ў вас ёсьць», увогуле маглі б належаць нейкаму ўкраінскаму патрыёту.

Лукашэнка каторы ўжо раз выказвае свае асьцярогі адносна расейскай пагрозы Беларусі. Хоць і кідае мімаходзь сваю дзяжурную фразу, што «ў Беларусі няма тых глыбінных працэсаў, якія адбываліся на Ўкраіне», аднак прагаворвае сваё патаемнае адчуваньне небясьпекі: «Хто б ні прыйшоў на беларускую зямлю, я буду ваяваць. Нават калі гэта будзе Пуцін».

Ну, і, вядома, улюбёная тэма Лукашэнкі падчас усіх інтэрвію расейскім мэдыям: у Беларусі лепш, чым у Расеі, а беларускі прэзыдэнт нашмат лепшы за расейскага. РФ не захацела аб’ядноўвацца зь Беларусьсю, бо спужалася, што Лукашэнка захопіць шапку Манамаха. У Расеі ўлада выкарыстоўваецца самі ведаеце дзеля чаго, а ў Беларусі — дзеля служэньня народу.

І да апазыцыі Лукашэнка ставіцца лепш, чым Пуцін. Маўляў, я не пасадзіў бы Навальнага ў турму. І калі Сабчак адразу ўзгадала беларускіх палітвязьняў, то прэзыдэнт Беларусі, як ён лічыць, лёгка адбіўся: «А ня трэба было кайлом дзьверы ўраду біць».

І нават у асабістым жыцьці беларускі лідэр мае перавагу перад расейскім. Вось Лукашэнку хапіла прыстойнасьці не разводзіцца з жонкай, а Пуціну — не. Гэта выглядае вельмі пікантна на тле адносін з Галінай Радзівонаўнай, але ён пашкадаваў «Люду» (былую жонку Пуціна). «Вы лічыце, што гэта вельмі сумленны і прыстойны ўчынак?.. Ведаеце, чаму Пуцін разьвёўся? Можа, гэтага хацеў іншы чалавек. Ня ведаю, дзяўчына ці жанчына. Націснуць на прэзыдэнта таксама можна», — з пагардай заявіў беларускі кіраўнік. І ўсім адразу стаў зразумелы сапраўды вобраз расейскага прэзыдэнта. Бо калі мужчына разводзіцца пад ціскам жанчыны, ён жа пад абцасам! Ну, вы ж самі разумееце, пра што тут казаць. Слабак, а яшчэ лідэр нацыі.

Традыцыйнае пытаньне замежных журналістаў: «Як вы ўяўляеце сабе, у прынцыпе, сваю адстаўку? Як вы гэта бачыце? Вы думалі пра гэта?» — спытала Ксенія Сабчак. І атрымала цудоўны і незраўнаны па шчырасьці адказ: «Ну, калі я не змагу працаваць і буду ў сваім розуме... Разумееце, я нямоглы чалавек, але галава „кеміць“. Я пайду ў адстаўку сам. Гэта значыць, калі я па стане здароўя не змагу. І другое — калі народ прагаласуе за іншага».

Заўважце, дзяжурную фразу пра народ ён узгадаў толькі ў канцы, схамянуўшыся, што інакш няёмка. А першая рэакцыя на лёсавырашальнае пытаньне была спантанная. Толькі калі стану нямоглым! Гэтак на аўтамаце, на ўзроўні падсьвядомасьці адказваюць людзі, калі іх разбудзяць ноччу падчас глыбокага сну. Уважліва слухайце Лукашэнку, усе свае намеры і патаемныя думкі ён прагаворвае.

Самым непрыемным і, магчыма, нечаканым момантам інтэрвію стала пытаньне не пра пахаваньне, а пра дзяўчат, якія акружаюць Лукашэнку на ўрачыстых цырымоніях. Ён трохі разгубіўся, зьбіўся. Тлумачэньне было няўклюднае і недарэчнае: «Я ніколі на ніводным мерапрыемстве не сяджу з намыленай пысай сярод чыноўнікаў... Заўсёды дзяўчаткі... З аднаго боку сын маленькі, з другога — дзяўчынка... У нас у службе дзелавога пратаколу ёсьць некалькі дзяўчат, яны вельмі прыгожыя. І калі я дзесьці там сяджу, кажуць — Аляксандар Рыгоравіч, я з вамі сяду».

Так жыва ўяўляеш сытуацыю, як дзяўчаты з пратакольнай службы прарываюцца да прэзыдэнта, каб сесьці побач. Тут цікавая такая акалічнасьць. Лукашэнка чамусьці думае, што прысутнасьць каля яго прыгожых дзяўчат на тэлеэкране робіць яго больш папулярным, малодзіць, дадае нешта станоўчае да ягонага чалавечага вобразу.

«Што тычыцца Дашкі (Дар’я Шманай. — Аўт.), пра якую гаворка ішла, дык я яе два гады ведаю. Вельмі прыстойная дзяўчына. Калі б у мяне такая была дзяўчына. Гэта вышэй за дах», — замілавана сказаў Лукашэнка. І тут зьнікае прэзыдэнт і зьяўляецца яшчэ не стары мужчына.

23.05.2014 г.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG