Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чалавек-майка Леанід Смоўж: Разьбірацца з арыштам суд ня стаў


Леанід Смоўж
Леанід Смоўж

Менскі гарадзкі суд пакінуў бяз зьмены прысуд Савецкага раённага суду адносна грамадзкага актывіста з Дзяржынскага раёну, былога чыгуначніка Леаніда Смоўжа.

Леанід Смоўж адбыў 20 сутак адміністрацыйнага арышту нібыта за хуліганства і непадпарадкаваньні міліцыі падчас Чарнобыльскага шэсьця. Сам актывіст даводзіў, што яго затрымалі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным зусім ў іншым месцы, чым было пазначана ў пратаколе і ў іншы час. Яшчэ ў турме на Акрэсьціна праз адваката Леанід Смоўж абскардзіў свой арышт. Сёньня, 23 траўня, судзьдзя Менскага гарадзкога суду Максім Лабко ягоную скаргу разглядзеў і пакінуў без задавальненьня.

«У мяне ёсьць 5 сьведак і відэазапіс, якія даказваюць, што я не хуліганіў і не аказваў супраціву міліцыянтам. Але судзьдзя гэтымі доказамі не скарыстаўся. Фактычна зь маім незаконным арыштам разьбірацца ня хочуць», — пракамэнтаваў сытуацыю Леанід Смоўж. Пры гэтым актывіст зьбіраецца падаць скаргу ў Вярхоўны суд.

Усяго пасьля дазволенага ўладамі Чарнобыльскага шэсьцю 26 красавіка было арыштавана 10 актывістаў розных арганізацый і простых мінакоў. Апошнім з гэтых 10 чалавек 21 траўня выйшаў на волю Юры Рубцоў з Гомеля, які, як і Леанід Смоўж, на публічныя акцыі выходзіць у майцы з антылукашэнкаўскімі надпісамі. Юрыю Рубцову пагражае крымінальная справа паводле абвінавачаньня ў абразе судзьдзі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG