Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Крэмль абяцае паважаць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне


Уладзімер Пуцін

Уладзімер Пуцін

Масква з павагай паставіцца да волевыяўленьня ўкраінскага народа на маючых адбыцца выбарах прэзыдэнта, аднак легітымным прэзыдэнтам краіны Масква ўсё роўна лічыць Віктара Януковіча.

Пра гэта заявіў расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін на пленарным пасяджэньні міжнароднага эканамічнага форуму ў Санкт-Пецярбургу.

«Мы з павагай паставімся да выбару ўкраінскага народа, будзем, вядома, глядзець, што адбываецца», — сказаў Пуцін.

Аднак ён адзначыў, што значна разумней было б правесьці рэфэрэндум, зьмяніць Канстытуцыю і на яе аснове сфармаваць новыя органы ўлады, у тым ліку абраць новы парлямэнт і прэзыдэнта.

Выбары прэзыдэнта Ўкраіны прызначаныя на 25 мая.

Пуцін выказаў упэўненасьць, што сытуацыя ва Ўкраіне супакоіцца, а Масква і Кіеў здолеюць нармалізаваць двухбаковыя адносіны.

«Я аптыміст, я ня трачу, увогуле, упэўненасьці, што зараз вось сытуацыя там, на Украіне, так ці інакш калісьці супакоіцца і мы знойдзем у сабе сілы для таго, каб нармалізаваць адносіны».

Паводле Пуціна, неабходна знайсьці сілы размаўляць адкрыта, па-сумленнаму і ўлічваць законныя інтарэсы адзін аднаго.

Уладзімер Пуцін выступіў таксама з заклікам да Эўразьвязу заключыць новае базавае пагадненьне Расея — ЭЗ.

«Эўропа — гэта наш традыцыйны найважнейшы гандлёвы партнэр, і мы шчыра хочам, каб так было і ў далейшым, каб зьяўляліся новыя магчымасьці для дзелавога супрацоўніцтва, каб здымаліся бар’еры для гандлю і інвэстыцыяў».

Пуцін заявіў, што эканамічныя санкцыі супраць Расеі ўдараць па Эўропе і ЗША.

Уладзімер Пуцін заявіў, што санкцыі ў дачыненьні да Расеі за яе дзеяньні ва Ўкраіне ў канчатковым выніку адаб’юцца «эфэктам бумэранга» на Захадзе.

Пуцін заявіў, што ЭЗ і ЗША сваімі дзеяньнямі толькі пагаршаюць глябальны эканамічны крызіс.

Паводле Пуціна, мадэль аднапалярнага сьвету не ўдалася.

Пуцін абвінаваціў Захад у заахвочваньні «перавароту» ва Ўкраіне, што, паводле яго, штурхнула краіну ў «хаос і поўнамаштабную грамадзянскую вайну».

Занепакоенасьць Масквы, паводле Пуціна, выклікае тое, што Ўкраіна можа ўступіць у НАТО.
XS
SM
MD
LG