Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьветлагорск: быў п’яны і абураўся — зьбілі да паўсьмерці


У раённым шпіталі Сьветлагорску лекары змагаюцца за жыцьцё мясцовага жыхара Вадзіма Ярмоленкі, якога, як падазраюць праваабаронцы, міліцыянты зьбілі ў прыёмным пакоі шпіталя амаль да непрытомнасьці.

Разам з праваабаронцамі ў сытуацыі спрабаваў разабрацца наш карэспандэнт Алег Грузьдзіловіч.

49-гадовы Вадзім Ярмоленка трапіў у рэанімацыю Сьветлагорскага раённага шпіталя зь цяжкімі траўмамі, у тым ліпу чэрапа і мозгу. Ён ня мог рухацца і гаварыць. З чаго ўсё пачалося?

Падвечар 13 траўня ў кватэру Тацяны Дзьмітрыеўны Ярмоленкі пазваніў міліцыянт і спытаў, куды прывезьці нецьвярозага сына. Але дамоў Вадзіма так і не прывезьлі, а неўзабаве зноў пазванілі і сказалі, што ён у шпіталі. Тацяна Ярмоленка знайшла сына ў прыёмным пакоі шпіталя, ён ня мог ні рухацца самастойна, ні гаварыць. Адвезла на таксоўцы дамоў і там заўважыла, што сын напалову паралізаваны, а на галаве, руках і нагах — траўмы. Назаўтра Вадзім Ярмоленка так і не ачуняў, і маці прывезла яго ў той жа шпіталь. Толькі тады лекары спалохаліся ды пачалі аказваць тэрміновую рэанімацыйную дапамогу. Потым яны прызналі, што яшчэ б дзьве гадзіны — і дапамагаць Вадзіму Ярмоленку было б позна. Але што здарылася з мужчынам? Хто яго зьбіў?

Сам ён, калі апрытомнеў, адмовіўся распавядаць пра паходжаньне траўмаў, сказаўшы, што баіцца помсты. Праваабаронцы з «Плятформы інавэйшн», якія распавялі пра гэтую гісторыю на сваім сайце, не выключаюць віны сьветлагорскіх міліцыянтаў. Дырэктар «Плятформы інавэйшн» Алёна Красоўская-Касьпяровіч спасылаецца на сьведак, паводле якіх Вадзіма Ярмоленку міліцыянты проста ў прыёмным пакоі шпіталя зьбілі дубінкамі, некуды забралі і зноў прывезьлі моцна зьбітага.
Алена Красоўская-Касьпяровіч
Алена Красоўская-Касьпяровіч
«Аказваецца, міліцыянты прывезьлі яго ў шпіталь а 17 гадзіне, пакінулі ў прыёмным пакоі і самі зьехалі. Сьведкі кажуць, што ён рухаўся, абураўся, што яго затрымалі. А потым міліцыянты вярнуліся, забралі яго, зноў прывезьлі, і пасьля таго маці знайшла яго ў такім стане, што ён нават не трымаў галаву і быў зьбіты».

У Сьветлагорскай міліцыі адмаўляюцца камэнтаваць дзеяньні міліцыянтаў, якія прывозілі Вадзіма Ярмоленку ў шпіталь і там зь ім кантактавалі. Але пасьля заявы маці пацярпелага там усё ж пачалі службовую праверку. Праваабаронца Алёна Красоўская-Касьпяровіч згадвае, што некалькі гадоў таму ў Сьветлагорску чалавек памёр ад зьбіцьця ў міліцыі, і не выключае, што гісторыя магла паўтарыцца:

«Паводзіны міліцыянтаў у гэтай гісторыі мяне вельмі абурылі. Калі прывезьлі ў шпіталь ды сказалі маці, што ён нецьвярозы, а ніякіх дзеяньняў не рабілі, каб вызначыць ягоны стан — але было ж зразумела, што ён у цяжкім стане — то тут іх віна на 100%. А цяпер яны кажуць, што нібыта гэта ён сам сабе нанёс гэтыя траўмы, у тым ліку на галаве, нагах і руках. Гэта таксама абурае».

Яшчэ адно пытаньне, якое задаюць чытачы сайту «Плятформы»: як маглі лекары дазволіць забраць дамоў чалавека з чэрапна-мазгавой траўмай, якая пагражала жыцьцю? Лекар траўматалягічнага аддзяленьня адказаў Свабодзе:
«Мы гвалтам нікога ня можам трымаць. Толькі па згодзе. Калі маці не пагадзілася пакінуць яго ў нас, то і забрала».

Цяпер, пасьля кваліфікаванай дапамогі, стан здароўя пацярпелага Вадзіма Ярмоленкі палепшаў, з рэанімацыйнага аддзяленьня яго ўжо перавялі ў траўматалёгію. Лекар гэтага аддзяленьня кажа пра ягоныя пэрспэктывы:
«Цяжка пакуль сказаць. Стан яшчэ застаецца цяжкім».

Паводле лекара, зь якім гаварыў карэспандэнт Свабоды, да Вадзіма Ярмоленкі ў шпіталь ужо прыходзіў сьледчы. У Сьветлагорскім шпіталі выключаюць, каб у прыёмнай шпіталя міліцыянты маглі зьбіць чалавека.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG