Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хакейны агент: Паглядзім, на што здольная Беларусь на паўнавартасным першынстве


Зборная Беларусі дачасна скончыла выступ на хатнім чэмпіянаце сьвету па хакеі, саступіўшы ў чвэрцьфінале швэдам.

Сэнсацыі на ўзор 2002 году, калі беларусы перамаглі «Трэ Крунур» на Алімпійскіх гульнях у Солт-Лэйк Сіці, ня здарылася. Як адмыслоўцы ацэньваюць фініш выхаванцаў канадзкага трэнэра Глена Хэнлана.

Нестабільная гульня беларускай каманды, якая не змагла прабіцца на сёлетнюю Алімпіяду ў Сочы і прайгравала на кантынэнтальных турнірах нават слабым супернікам, не давала асаблівых падставаў разьлічваць на ўдалы выступ на ўсясьветным першынстве.

Тым ня меней, здабыўшы на групавым этапе чатыры перамогі (над зборнымі Казахстану, Швайцарыі, Нямеччыны і Латвіі), падначаленыя Глена Хэнлана кваліфікаваліся ў наступны раўнд, выканаўшы праграму-мінімум — трапіць у васьмёрку наймацнейшых.

Адметна, што яшчэ пару гадоў таму задачы ставіліся нашмат больш амбітныя. Разумеючы, што ў алімпійскі год бальшыня грандаў выберацца ў Менск не ў наймацнейшым складзе, тагачасны старшыня Фэдэрацыі хакею Беларусі Ўладзімер Навумаў заяўляў: беларусам па сілах увайсьці ў тройку прызэраў. Аднак выглядае, што пакуль складана цягацца нават з трэцімі складамі камандаў з краін кшталту ЗША, Фінляндыі ці Швэцыі. Між тым, як лічыць былы спартовы камэнтатар Беларускага тэлебачаньня Алесь Камароўскі, тэарэтычныя шанцы ўзьняцца на п’едэстал заставаліся да таго часу, пакуль капітан зборнай Аляксей Калюжны не «разбазарыў» падарунак лёсу — буліт у вароты швэдаў:
Алесь Камароўскі

Алесь Камароўскі

«Я лічу, што шанцы былі, Навумаў меў рацыю. Каманды прыехалі не ў наймацнейшых складах — паглядзіце па канадцах, можа нават па швэдах, па фінах. Так што рэальна маглі б пазмагацца. Бо ўчора цалкам маглі выйграць, калі б не сарваны буліт Калюжнага. А быў бы рэалізаваны буліт — ён бы ўсё вырашыў. Каб стала 3:2, псыхалягічна швэды б здаліся. А маглі б яшчэ на апошняй хвіліне замяніць брамніка, каб зраўняць лік, і атрымаць яшчэ адну шайбу. Так што вінаватыя самі: абсалютна няўпэўнена Калюжны пайшоў на вароты, трэба было рабіць кідок, а не абводзіць. Тым больш, брамнік швэдзкі вопытны, адразу разгадаў гэты манэўр, і на гэтым усё. Вось гэтага не хапіла. Па гульні, асабліва другі пэрыяд, перагулялі швэдаў цалкам, нічога супраць ня маю. І наагул у гэтым годзе каманда выглядае досыць упэўнена. Нават тыя легіянэры, якія прыехалі ў зборную, без астачы аддаліся гульні».

Экс-міністар спорту і турызму Беларусі Аляксандар Грыгараў таксама лічыць, што беларусы цягам чэмпіянату дэманстравалі якасную гульню і нейкіх вялікіх нараканьняў на свой адрас не заслужылі:
Аляксандар Грыгараў

Аляксандар Грыгараў

«Цудоўны выступ, адзін з найлепшых. Самае галоўнае, што сваёй гульнёй нашы хакеісты парадавалі беларускі народ — вы ж бачылі, як усе шчыра заўзелі, радаваліся, перажывалі і г.д. І на сёньняшні дзень нават тая параза, якая здарылася ў матчы зь вядомай камандай, чэмпіёнкай сьвету, як кажуць, не з катэгорыі сьмяротных. Трэба аб’ектыўна разумець: зборную Швэцыі ніяк не аднясеш да прахадных супернікаў, усё ж намінальна яны дагэтуль наймацнейшыя ў сьвеце. Таму асабіста я, дапусьцім, зь вялікім задавальненьнем успрыняў выступ нашай зборнай на хатнім чэмпіянаце. І лічу, што тая мэта, тая задача, якая ставілася перад гульцамі, яна дасягнутая і выкананая ў поўным аб’ёме. Дзякуй хлопцам!»

Галоўны рэдактар газэты «Салідарнасьць» Аляксандар Старыкевіч заўзятарам суправаджаў беларускую зборную, калі тая з «падвальных» дывізіёнаў пад гербам «Пагоня» пачынала ўзыходжаньне ў хакейную эліту. Як ён ацэньвае выступ каманды сёньняшняга ўзору?
Аляксандар Старыкевіч

Аляксандар Старыкевіч

«Справа ў тым, што ў кожнай асобнай гульні можна перамагчы. Аднак, як мне падаецца, сваю долю фартуны наша каманда вычарпала на групавым этапе. Ці маглі больш удала згуляць са швэдамі? Так, вядома. Забі прызначаны буліт, пачынай гуляць у адкат. А калі засталося 7 хвілінаў, то цалкам верагодна, што выстаялі б і цяпер бы рыхтаваліся да паўфіналу. Але, па шчырасьці, той вынік, які ёсьць, — ужо са знакам плюс, таму ўсё астатняе было б неймаверным фартам. Каманда сапраўды пасьля трох вельмі няўдалых чэмпіянатаў прадэманстравала хакей якасна іншага ўзроўню, і тут трэба аддаць належнае гульцам, якія проста пакінулі ўсё на пляцоўцы „Мінск-Арэны“. І вынік, які мы маем, ён досыць годны».

У сваю чаргу, хакейны агент Андрэй Грум-Гржымайла кажа, што ня варта пераацэньваць дасягненьні беларускай зборнай, бо галоўныя высновы будуць зробленыя праз год. На наступны чэмпіянат сьвету ў Чэхіі зьбяруцца сапраўды наймацнейшыя гульцы сьвету, а ня тыя, каго пасьля Алімпіяды ўдалося ангажаваць:
Андрэй Грум-Гржымайла

Андрэй Грум-Гржымайла

«У хакеі ўсё трэба разглядаць ва ўмоўным ладзе. Ну, рэалізаваў бы Калюжны буліт. Але і швэды ў першым пэрыядзе маглі забіць не адну, а дзьве шайбы. Таму гэта ўсё з катэгорыі: а што, каб так ці гэтак... Магу сказаць адно: каманда гуляла ўчора добра. Так, былі памылкі ў абароне, і на дадзены момант, лічу, абарона ў зборнай — самае слабае зьвяно. Бо калі нападзеньне штосьці выйграе, то абарона слабая. А тое, што маглі рыхтавацца да паўфіналу? Можа, у тэорыі так бы і атрымалася, але на практыцы — не. Паглядзі — фіны. Латышы літаральна ўцягнулі іх у чвэрцьфінал, а яны абыгралі канадцаў. Хакей — гэта гульня. Магло быць так, а магло зусім інакш. Паўтару: маглі швэды адразу забіць пяць галоў, і ніякіх размоваў пра страчаны паўфінал не было б. А маглі нашы забіць двойчы, і швэды б ужо не адгуляліся. Такі хакей, тут усё ўмоўна. Прынамсі, магло быць нашмат горш: каб не падфарціла з латышамі, каб не перагулялі швайцарцаў, магло ня быць і гэтага. А так задача выкананая. І гульня, паказаная ўчора зборнай, несумненна, на турніры была адной зь лепшых. Ня ведаю, які дакладна рэйтынг у камандаў, якія вылецелі, але 7-е месца дакладна мы занялі. А магчыма, нават паўтарылі посьпех, які быў у 2006-м у Рызе — 6-я пазыцыя».
Калюжны мог вырашыць лёс матчу Беларусь-Швэцыя

Калюжны мог вырашыць лёс матчу Беларусь-Швэцыя



Як удакладнілі ў Міжнароднай фэдэрацыі хакею, зборная Беларусі заняла на хатнім чэмпіянаце сьвету выніковае сёмае месца. На шостым радку — амэрыканцы, на пятым — канадцы, а замкнула васьмёрку найлепшых каманда Францыі, у актыве якой сэнсацыйныя перамогі над Канадай, Славаччынай, Нарвэгіяй ды іншымі моцнымі супэрнікамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG