Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Буда-Кашалёўскі раён: Гусявіца ў аблозе вусеняў


Орды шэра-карычневых вусеняў наступаюць на сады й гароды жыхароў вёскі Гусявіца Буда-Кашалёўскага раёну.

Яны ўжо зьнішчылі шматгектарны саўгасны сад і перакінуліся на гароды й пладовыя дрэвы вяскоўцаў, якія жывуць на вуліцах Садовай, Леніна.

Тацяна Кавалёва з вуліцы Садовай ня стрымлівае сьлёз:
«Адолелі вусені! Не каларады, а вусені. У пяць гадзінаў прачнулася — і во зьбіраю. Па паўвядра праз кожныя паўгадзіны. Ужо да трускалак дабраліся. Проста крык душы. Мы ня ведаем, што рабіць. Ужо чацьвёрты дзень як лезуць».

Нявестка Тацяны Іванаўны Крысьціна кажа, што пакінула ў двары каляску зь дзіцем на некалькі хвілін. Прыйшла, а тая ўся аблеплена вусенямі. Большая дачушка наагул баіцца ступіць у двары — вусені паўзуць і паўзуць. Яны пераадольваюць шыфэрны плот, паўзуць па нізкіх дахах гаспадарчых пабудоваў і кіяхамі звальваюцца з краю даху на панадворак. Дзьверы адчыніш — падаюць на галаву. Забіраюцца нават у хату.

Жанчыны сьцьвярджаюць, што вусені атакуюць гароды вяскоўцаў з саду КСУП «Гусявіца», які побач, праз дарогу. Сад гэты стары, але сёлета прыгожа цьвіў. Яшчэ ў мінулыя выходныя ён быў зялёны, а цяпер стаіць увесь чорны, безь лістоты, быццам абгарэлы. Вусені зжэрлі саўгасны сад і рынуліся ў пошуках сьвежай зеляніны на прысядзібныя ўчасткі вяскоўцаў.

47-гэктарны саўгасны сад сёлета ніхто не апырскваў, і касматых пачварак у цёплае і вільготнае надвор’е распладзілася процьма.

І Кавалёвы, і іхняя суседка Любоў Юдзенка зьвярталіся ў Гусявіцкі сельсавет, у КСУП. Старшыня сельскага савету Натальля Кісялёва нібыта была на вучобе, а кіраўніца спраў Людміла Грышай, чыя маці жыве на вуліцы Садовай, кажа, што толькі ўчора даведалася пра нашэсьце вусеняў.

Дырэктар КСУП «Гусявіца» Міхаіл Леўкавец патлумачыў, што агрэгата для апырскваньня высокага саду ў гаспадарцы няма. Ядахімікаты ёсьць, а агрэгата — няма. Апырсквальнік мае Буда-Кашалёўская райсельгасхімія, але бяз трактара. Таму 23 траўня гаспадарка зьбіраецца паслаць свайго трактарыста з трактарам у райцэнтар, каб прывезьці ў Гусявіцу такі патрэбны агрэгат. Тады й апрацуюць здратаваны шкоднікамі сад ядахімікатамі.

Пра гароды вяскоўцаў кіраўнік на дбае: няхай, маўляў, самі ратуюцца.

Пакуль жа полчышчы шкоднікаў атакуюць вёску Гусявіцу. І пры цяперашняй разваротлівасьці мясцовыя гаспадарнікі немінуча пакінуць вяскоўцаў без ураджаю на гародах — гэтаксама як у саўгасным садзе.
XS
SM
MD
LG