Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне: кантроль за мяжой і запасныя маршруты для дастаўкі бюлетэняў


Сілавыя ведамствы Ўкраіны рыхтуюцца да выбараў прэзыдэнта краіны.


Ва ўкраінскай памежнай службе Радыё Свабода распавялі: сытуацыя на мяжы з Расеяй застаецца напружанай.

Мінулай ноччу на Луганшчыне мяжу незаконна спрабавалі перасекчы некалькі грузавых аўтамабіляў, па якіх давялося страляць.

Адначасова вайсковыя экспэрты прагназуюць, што правакацыі з боку Расеі будуць працягвацца, бо дэстабілізацыя сытуацыі ва Ўкраіне выгадная Маскве.

У такім узмоцненым рэжыме памежнікі працуюць ужо паўтара месяца. Аднак яны канстатуюць: на гэтым тыдні сытуацыя на мяжы сапраўды абвастрылася.

«Намі перакінутыя адпаведныя рэзэрвы, арганізавана служба ўзмоцненых памежных нарадаў, задзейнічаная дастатковая колькасьць тэхнічных сродкаў дыстанцыйнага кантролю за мяжой. Факты спробаў парушыць мяжу мы фіксуем і робім пэўныя захады, каб іх не дапускаць», — адзначыў у камэнтары Радыё Свабода памочнік старшыні дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Сяргей Астахаў.

Украінскія памежнікі штодня манітораць 10-кілямэтровую зону з расейскага боку мяжы. Расейскіх войскаў там не зафіксавана.

Прадстаўнікі НАТО паведамілі, што расейскія войскі застаюцца паблізу мяжы з Украінай.

Узмацніць захады бясьпекі маюць намер і ў Міністэрстве ўнутраных спраў. Толькі на Харкаўшчыне выбарчы працэс будуць ахоўваць да 4 тысяч міліцыянтаў. Асабліва патруляваньне ўзмоцняць на мяжы з Данецкай і Луганскай абласьцямі, а таксама на мяжы з Расеяй.

«На выбарчых участках праваахоўнікі будуць несьці службу кругласутачна з моманту, калі занясуць усе бюлетэні. Пасьля завяршэньня падліку галасоў будзе ажыцьцяўляцца суправаджэньне бюлетэняў па зацьверджаных маршрутах. Ёсьць і запасныя маршруты. Створаны неабходныя рэзэрвы на выпадак непрадбачаных сытуацыяў», — распавёў начальнік харкаўскай міліцыі Анатоль Дзьмітрыеў.

Прэм’ер-міністар Арсені Яцанюк у чацьвер заклікаў Раду бясьпекі ААН правесьці пасяджэньне па ўкраінскім пытаньні. «Мы дамо доказы таго, што менавіта з расейскага боку робяцца спробы эскаляцыі канфлікту, кровапраліцьця», — заявіў кіраўнік украінскага ўраду.

Раней самаабвешчанае кіраўніцтва так званых Данецкай і Луганскай «народных рэспублік» заявіла, што выбараў на той тэрыторыі, якую кантралююць баевікі, ня будзе.

Вайсковы экспэрт Сяргей Згурэц не выключае, што правакацыі ў дзень выбараў могуць ажыцьцяўляцца як людзьмі, якія паспрабуюць патрапіць ва Ўкраіну на выходных, так і тымі групамі, якія ўжо дэстабілізуюць сытуацыю на ўсходзе Ўкраіны.

«І напярэдадні выбараў, і непасрэдна ў дзень выбараў, і пасьля гэтага можна чакаць такіх правакацыяў, якія фактычна ўкладваюцца ў тую схему, якой прытрымліваецца расейскі бок. А менавіта — максымальна дэстабілізаваць сытуацыю прынамсі ў двух рэгіёнах і стварыць падмурак для сьцьвярджэньняў пра тое, што выбары не адбыліся на ўсёй тэрыторыі Ўкраіны, а значыць — што выбары нібыта ня цалкам легітымныя», — адзначыў экспэрт.

За прэзыдэнцкімі выбарамі ва Ўкраіне будуць сачыць амаль 3 000 міжнародных назіральнікаў. І Эўразьвяз, і ЗША ўжо папярэдзілі Расею: калі яна паспрабуе сарваць выбары, санкцыяў ёй не пазьбегнуць.
XS
SM
MD
LG