Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дома і салома ядома» — кажа, прыцмокваючы, беларус, і ў гэтым «ядома» чуецца задаволенае сьцьверджаньне чалавека, які вярнуўся з далёкага падарожжа і распакоўвае чамаданы, набітыя рознай чухнёй, што ніколі не прыдасца ў гаспадарцы. Згаданую прымаўку можна было б лічыць нашым перакладам знакамітага «dulcis fumus patriae», але беларусу ня трэба падпальваць салому, каб яе палюбіць. Лепш у рот пакласьці — шлях да беларускага сэрца ляжыць праз кішэчнік, а салома багатая на клятчатку.

Салома — спагеці беларускага духу, накручаныя на відэлец нацыянальнай гордасьці. Салома баляньезэ — пад палянэз Агінскага. Яна ня толькі дае адчуваньне дому, як італійцу піцэрыя, амэрыканцу — даляр, а расейцу — бярозка, яна нешта большае: яна — абвяржэньне сьмерці. Салома ўсім сваім выглядам сыгналізуе, што канец — гэта насамрэч яшчэ не канец, а толькі адзін з этапаў утылізацыі. Што зь мёртвай матэрыі можна вырабіць процьму карысных і прыгожых рэчаў. Напрыклад, вазу для садавіны. Ці садамазахісцкую цацку. Ды што заўгодна: кошык для бруднай бялізны, герб Бэлізу, стабілізатар... І нават чалавека — саламянага Голема, які ўдзень стаіць сабе нерухома на паліцы побач з рознай іншаземнай чухнёй, а ўначы, калі гаспадары адпачываюць ад Бацькаўшчыны, ходзіць па кватэры і косіць канюшыну. Чаму канюшыну? Ну ня фуксіі ж яму касіць.

А як толькі першы сонечны прамень упадзе на бязгрэшную беларускую зямлю, гэты Голем скок — зноў на палічку. Гета ёсьць гета, а саламянае гета — гэта радзіма.

У вядомай казцы пра чараўніка Смарагдавага гораду таксама ёсьць саламяны чалавек. Памятаеце? Страшыдла Мудры. Калі падключыць гэтую вядомую кожнаму зробленаму ў СССР беларусу казку да нацыянальнай сьвядомасьці, спачатку яна, канечне, задыміцца, але неўзабаве сьмярдзючы dulcis fumus разьвеецца — і вось: прыстасаваньне гатовае да эксплюатацыі. Баязьлівы Леў — гэта, мусіць, расеец, Жалезны Дрывасек — нейкі немец, а вось Страшыдла...

Ён наш. Беларус. Касы пан сакэ вытворчасьці Слонімскага вінзаводу. Ён зроблены з саломы, але жывучы, як плястык. Ён кажа, што марыць пра мазгі, выклікаючы ўсеагульнае шкадаваньне — але пры гэтым робіць такія ўчынкі, якія выдаюць у ім сапраўднага інтэлектуала. Проста яму выгодна быць саламяным пудзілам. З саламянага менш спытаюць — каму на Страшным судзе прыйдзе ў галаву чапляцца да страшыдлаў?..

Кажуць, у некаторых беларускіх школах, вучылішчах, майстэрнях у пачатку ХХ стагодзьдзя быў такі прадмет: рамяство саломапляценьня. Часам здаецца, што ён нікуды не зьнікаў. Проста назву памянялі. Вось, скажам, школьны курс беларускай літаратуры. Чым не саломапляценьне? Столькі саломы, колькі мае ў сваіх пунях беларуская літаратура, хапіла б на тое, каб пабудаваць зь яе... Ну, напрыклад, касьмічны карабель. І паляцець на ім далёка-далёка. На саломе да зораў. Салома — беларускія церні.

Беларуская паэзія, як добрая сувэнірная крама, прапануе наведнікам адразу некалькі гатункаў саломы. Самая дарагая — залацістая. Ні з чым салому не параўноўваюць так часта, як з золатам. У адным з раньніх вершаў Танка на гэтую пазалоту купляюцца ні хто іншыя, як вялікая «тройка» гэтага сьвету:

Заснулі стрэхі, купалы і ліпы.
Злізала ноч нэонаў сініх кроў.
I брук апошні ціхі шопат выпіў
фіятаў, фордаў і віно гудкоў.

Асірацелі і муры бажніцаў:
з іх вышаў Буда, Магамет, Хрыстос
туды, дзе стрэх салома залаціцца,
дзе месяц жне, спазніўшыся, авёс.

I іх дарма вярнуцца стораж клікаў,
скарбонкай гулка звонячы пустой...
Тады ў палёх перацьвітала віка,
тады трубілі гусі за ракой.


Калі салома так гіпнатызуе саміх гіпнатызёраў, што ўжо казаць пра простага чалавека, для якога яна не раскоша, а сродак пра яе ня думаць.

Яшчэ салома бывае чорная — згнілая салома на стрэхах сялянскіх хатаў. Потым ідзе бялявая... А вось Яўгенія Янішчыц параўнала з саломай самую Любоў — і слушна зрабіла: «Любоў жа часам як салома — падпаліш: дыхай папялком...» Салома ўвесь час выклікае нейкія дэструктыўныя пачуцьці. Так каханкам часам хочацца зьесьці адно аднога. Вось і салому чамусьці ўвесь час карціць падпаліць. І падпальваюць жа: проста так. Бо салома. Беларуская Саламея, якой патрэбная галава на сподзе. Якая яшчэ ня там, але ўжо ідзе кругам.

Але гэта ў нас, гарадзкіх, са слабымі нэрвамі, бо ў нас замест саломы ў дзяцінстве набівалі пэнапляст. Сапраўднаму беларусу салома спрадвеку дапамагала не згубіцца ў сьвеце. Яна вучыла яго арыентацыі ў прасторы, калі ён яшчэ пехам пад стол хадзіў. Мне жонка расказвала. На адну руку сена, на другую — салому: а як інакш малое дзіця запомніць, дзе права, дзе лева? Сена — салома, сена — салома, una paloma blanca me canta al alba. І што з таго, што яна саламяная — затое свая і пяе пра любоў.
Малюнак: П. Tатарнiкаў (c) 2014
XS
SM
MD
LG