Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары ў Эўрапарлямэнт можа выйграць Крэмль


Марын Ле Пэн
Марын Ле Пэн

Зусім верагодна, што ў выніку сёлетніх выбараў у Эўрапейскі парлямэнт рэзка павялічыцца колькасьць эўрадэпутатаў, якія будуць сымпатызаваць Крамлю.

Чакаецца, што гэта адбудзецца ў асноўным дзякуючы падтрымцы выбаршчыкаў для дробных партый як крайняй левай, так і крайняй правай палітычнай скіраванасьці. Перадвыбарчыя прагнозы разглядае брусэльскі карэспандэнт Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк.

22-25 траўня выбарцы ў 28 краінах Эўразьвязу выберуць 751 дэпутата ў Эўрапейскі парлямэнт на 5-гадовы тэрмін.

Апытаньні паказваюць, што выбарцы намераныя пакараць галоўныя эўрапейскія партыі за гады жорсткай эканоміі і няўпэўненасьці ў будучыні.

Паводле прагнозаў VoteWatch Europe, у параўнаньні з выбарамі 2009 году на гэты раз колькасьць дэпутатаў ад дробных партый можа падвоіцца, і гэтыя партыі могуць атрымаць ад адной пятай да чвэрці мандатаў у парлямэнце.

Гэта добрая навіна для Масквы. Традыцыйныя прыхільнікі Расеі сярод ультралевых партый, як чакаецца, атрымаюць 16 месцаў у дадатак да сваіх 35, а ўльтраправыя падвояць свой палітычны здабытак і прывядуць у Эўрапарлямэнт больш за 100 дэпутатаў.

Скрайне правыя партыі па-рознаму падтрымліваюць Расею, але яны адносяцца да Крамля значна больш дружалюбна, чым галоўныя палітычныя партыі. Некаторыя знаходзяць супольную рысу з Пуцінам у непрыняцьці Эўрасаюза і ЗША, іншыя захапляюцца ягонай жорсткай палітыкай у адносінах да геяў, іміграцыі і ролі дзяржавы ў эканоміцы.

Нягледзячы на тое, што няма яўнага доказу фінансавых сувязяў паміж Крамлём і эўрапейскімі ультраправымі партыямі, відавочна ўсім, што Крэмль шукае іх прыхільнасьці. Марын Ле Пэн, лідэрка Нацыянальнага фронту, які можа ўзяць першае месца ў Францыі, двойчы наведвала Расею сёлета ды захаплялася краінай і яе палітыкай. Аўстрыйская партыя свабоды, а таксама правая вугорская партыя «Jobbik» паслалі ў сакавіку сваіх назіральнікаў у Крым на рэфэрэндум аб далучэньні паўвострава да Расеі і хвалілі працэс галасаваньня, у той час як Эўразьвяз абвясьціў рэфэрэндум незаконным. Італьянская партыя «Lega Nord» сёлета запрасіла прапуцінскіх выступоўцаў на мерапрыемства ў Эўрапарлямэнце, каб яны прадставілі альтэрнатыўны погляд на падзеі ва Ўкраіне.

Пітэр Крэка, дырэктар вугорскага аналітычнага цэнтру Political Capital Institute, які вывучаў сувязі паміж Расеяй і эўрапейскімі ультраправымі, падкрэсьлівае, што гэты «шлюб па разьліку» можа мець наступствы як у Брусэлі, так і ў астатніх сталіцах краінаў-сябраў Эўразьвязу.

«Я думаю, што тут ёсьць некалькі перавагаў для абодвух бакоў. Усё большы блёк радыкалаў у Эўропе можа быць выгадным для Расеі, таму што ён, магчыма, будзе моцна прарасейскі і выразна сфармулюе інтарэсы Расеі для шырэйшага кола людзей. А для ультраправых партый перавагай можа стаць трывалая дружба з моцным саюзьнікам» – лічыць Крэка.

Пітэр Клеп, які назірае за Эўрапарлямэнтам для навукова-дасьледчага цэнтру Open Europe, кажа, што ў выніку росту падтрымкі для ультраправых, галоўныя партыі могуць аб’яднацца, каб не дапусьціць уплыву дробных партый на палітычныя працэсы. Замест гэтага, лічыць Клеп, дробныя партыі засяродзяцца на іншым.

«Грошы – гэта ўсё, што яны змогуць атрымаць ад гэтага працэсу. Аднак яны ня змогуць паўплываць на прыняцьце рашэньняў у парлямэнце, нават калі іх колькасьць будзе адносна большай, з той простай прычыны, што пераважная большасьць проста адмовіцца працаваць зь імі, і ў іх ня будзе ніякай уплывовай пазыцыі» – кажа Клеп.

Улічваючы, што палітычныя групоўкі маюць права на гранты ад Эўрапарлямэнту ў залежнасьці ад іх велічыні, ультралевыя і ультраправыя могуць атрымаць больш за 1 мільярд эўра ў год – грошы, якія могуць быць выдаткаваныя на стварэньне Крамлю плятформы ў цэнтры Эўразьвязу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG