Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьцейскія прадпрымальнікі баяцца ехаць ва Ўкраіну


Прадпрымальнікі Берасьцейшчыны значна скарацілі свае выезды па тавар ва Ўкраіну. Часам даходзяць чуткі пра рабункі беларусаў, якія туды паехалі. Пра зьмяншэньне колькасьці пасажыраў ва Ўкраіну паведамляюць і на Берасьцейскім аўтавакзале.

Берасьцейская прадпрымальніца Алена Кустус распавяла, што гандляры сталі больш езьдзіць па тавар у Расею, адмаўляючыся ад ранейшых шоп-тураў ва ўкраінскія Ковель або Луцк:

«Сапраўды, ва Ўкраіну ў нас увогуле мала людзей цяпер езьдзіць у сувязі з гэтымі падзеямі. Прадпрымальнікі ў нас усе пераладзіліся на Маскву езьдзіць. Можа, там ёсьць пара адзінак... але на маім рынку дакладна ведаю, што няма тых, хто езьдзіць цяпер ва Ўкраіну. Горадня і Масква — вось куды едуць... У нас нават прадпрымальніца ёсьць, яна сама ўкраінка. І то максымальна скараціла свае візыты дахаты. Яна гутарыць праз інтэрнэт са сваімі сваякамі і не выяжджае туды...

Ну, вы ведаеце як — кажуць, што спыняюць і грошы забіраюць, і машыны забіраюць. Таму беражонага Бог беражэ — лепш пасядзець дома...»

Тое самае кажа прадпрымальнік Мікола Чарнавус пра гандляроў з Баранавічаў. Спадар Чарнавус падкрэсьліў, што найменш сталі езьдзіць прадпрымальнікі ўласнымі аўтамабілямі ды аўтобусамі. Больш бясьпечным транспартам для прадпрымальнікаў ён назваў чыгуначны:

«Цягніком езьдзяць, а машынай баяцца...»

На Берасьцейскім аўтавакзале пацьвердзілі, што пасажыраў ва Ўкраіну паменела. Штодня зь Берасьця ў Ковель, Луцк, Камянец-Падольскі ды іншыя гарады Заходняй Украіны выяжджае 10 аўтобусаў, у выходныя ёсьць і дадатковыя. Але, як апавяла супрацоўніца Берасьцейскага аўтавакзалу, зь іх напаўняльнасьцю існуюць праблемы:
Ну, вядома, спаў паток, зь Берасьця вельмі мала езьдзяць. Але рэйсы не закрываюцца

«Усе аўтобусы як хадзілі, так і ходзяць. Толькі 2 месяцы зьнялі 14:55, які хадзіў (у Ковель), Хэрсон і Чарнаўцы. Але Чарнаўцы з той прычыны ня ходзяць, што ў іх з дакумэнтамі нейкі непарадак. А так усе рэйсы... я вам усе магу прадыктаваць, якія ходзяць. Ну, вядома, спаў паток, зь Берасьця вельмі мала езьдзяць. Але рэйсы не закрываюцца, таму ўсё ў нас у сіле, усё працуе».

Украінец з Івацэвічаў Ігар Бондар жыве ў Беларусі з 90-х гадоў, мае від на жыхарства. Яго бацькі жывуць у вёсцы ў Валынскай вобласьці Ўкраіны менш як за сто кілямэтраў ад Берасьця. Спадар кажа, што досыць часта наведвае бацькоў, дапамагае ў гаспадарцы. Апошнім разам Ігар Бондар езьдзіў ва Ўкраіну два тыдні таму на ўласнай машыне на беларускіх нумарах і кажа, што ніякіх страхаў там на дарозе не заўважыў:

«Я езьдзіў два тыдні таму, праяжджаў мяжу беларускую, усё нармальна, нікога я там ня бачыў. Колькі я езджу, ніякіх пашпартоў, ніякага „Правага сэктару“ не было, усё ціха. Ну, на прыпынках напісана там супраць „банды“. А так усё ціха. Ну, і ў войска забіраюць, уначы прыяжджаюць — забіраюць у войска маладых хлапцоў... Але ніхто мяне не перапыняў, нічога не пытаўся, усё як было, так і ёсьць, проста людзі запалоханыя... Днямі тэлефанаваў, віншаваў маці з днём народзінаў — усё нармальна, гаспадараць, каровы пасуць...»
XS
SM
MD
LG