Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інваліды — амаль за бортам хакейнага чэмпіянату


Менск-арэна

Менск-арэна

Офіс па правах інвалідаў лічыць нездавальняючай арганізацыю безбар’ернага асяродзьдзя на чэмпіянаце сьвету па хакеі.

Валянтэры арганізацыі абсьледавалі 47 аб’ектаў, сярод якіх спарткомплексы «Мінск-Арэна» і «Чыжоўка-Арэна», цэнтральныя вакзалы і нацыянальны аэрапорт «Мінск», гостэлы і гатэлі, цэнтральныя ўнівэрмагі і крамы, кінатэатры, паркі адпачынку, набярэжную Сьвіслачы ды іншыя. Як выявілася, зь іх усіх толькі чатыры даступныя для людзей з інваліднасьцю.

На афіцыйным сайце турапэратара чэмпіянату «ЦэнтрКурорт» няма інфармацыі пра пражываньне, квіткі і экскурсіі для асобаў з асаблівымі патрэбамі.

На цэнтральных вакзалах няма інфарматараў для людзей з праблемамі зроку, няма інфармацыі на мове Брайля. Акенцы білетных касаў занадта высокія для людзей, якія перасоўваюцца ў вазках.

З прычыны недаступнасьці падземнага пераходу людзі з інваліднасьцю ня могуць прыехаць у «Мінск-Арэну» на грамадзкім транспарце.

У «Чыжоўка-Арэне» месцы для заўзятараў на інвалідных вазках абсталяваныя пандусам зь недапушчальным вуглом нахілу. Дапаможных парэнчаў на ім замала, а шырыня — недастатковая для манэўру на інвалідных вазках.

«Абедзьве арэны церпяць на поўную адсутнасьць інфармацыйнага суправаджэньня для заўзятараў з парушэньнем зроку, няма таблё зь бягучым радком для людзей з парушэньнем слыху. Умовы даступнасьці арэнаў няпоўныя для людзей з рознымі відамі інваліднасьці», — заявілі БелаПАН прадстаўнікі арганізацыі.
XS
SM
MD
LG