Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад Валнавахай загінулі 13 вайскоўцаў — Турчынаў


Прарасейскі снайпэр, архіўнае фота
Прарасейскі снайпэр, архіўнае фота

У баі паблізу гораду Валнаваха раніцай у чацьвер загінулі 13 украінскіх сілавікоў, заяўляе старшыня Вярхоўнай Рады, выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Ўкраіны Аляксандар Турчынаў.

Пра гэта ён сказаў на сустрэчы зь сябрамі Усеўкраінскай рады цэркваў і рэлігійных арганізацыяў у Кіеве ў чацьвер, паведамляе Інтэрфакс-Украіна.

«Пад мінамётным агнём, пад агнём з гранатамётаў, зь цяжкай аўтаматычнай зброі загінулі за Ўкраіну нашы хлопцы, вайскоўцы. 13 чалавек аддалі жыцьцё за Украіну», — заявіў Турчынаў.

Баевікі самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі ноччу напалі на атрад украінскіх вайскоўцаў, якія базаваліся ў раёне рэгіянальнага ляндшафтнага парку «Форэст парк» у Данецкай вобласьці. Пра гэта паведамілі некалькі відавочцаў.

«Паміж Вялікаанадалем (Альгінкай) і Ўладзіміраўкай сёньня на пачатку 6-й раніцы баевікі ДНР расстралялі ўкраінскіх вайскоўцаў. Стралялі з гранатамётаў і ПЗРК, кулямётаў. Салдат было чалавек 30, 3 БТР або БМП», — апавёў адзін зь відавочцаў.

Паводле ягоных слоў, мясцовая міліцыя нападу не перашкаджала.

«Сёньня ноччу ў Альгінцы Валнаваскага раёну расстралялі нашых салдат. Мясцовыя іх не пусьцілі (на начлег. — Остров), яны зрабілі лягер, чалавек 30. Ноччу пад’ехалі 2 джыпы і 2 інкасатарскія машыны і расстралялі іх», — паведаміла іншая крыніца.

Паводле іншых дадзеных, загінулі 30 вайскоўцаў, шпіталізавана 34–36 чалавек.
Пракуратура распачала крымінальную вытворчасьць паводле часткі 3 артыкула 258 (тэрарыстычны акт, які прывёў да гібелі людзей) і часткі 2 артыкула 425 (службовая халатнасьць) КК Украіны.

Паводле словаў сакратара СНБА Ўкраіны Андрэя Парубія, тэрарысты спрабавалі захапіць горад Валнаваху, аднак украінскія сілавікі адбілі іхнюю атаку, паведамляе сайт «Остров».

«Пасьля спробы прарыву ў Валнавасе і захопу гэтага гораду — а я падкрэсьліваю, гэта была спроба захопу гораду — атака была адбітая», — заявіў Парубій.

Аднак агенцтва УНІАН піша, што, мяркуючы па фатаграфіях зь месца здарэньня, тое, што лягер украінскіх салдатаў быў разьбіты на полі, паказвае на супярэчнасьць заяваў сакратара СНБА Ўкраіны Андрэя Парубія пра разьмяшчэньне блёкпаста. На апублікаваных фатаздымках ня бачна ні бэтонных блёкаў, ні мяшкоў зь пяском, пры дапамозе якіх звычайна ладзяць блёкпасты. Акрамя таго, узьнікае пытаньне: чаму, калі верыць словам крыніцы «Острова», камандаваньне дапусьціла начлег у чыстым полі групы ўкраінскіх вайскоўцаў, пра перамяшчэньне якіх было вядома мясцоваму насельніцтву і тэрарыстам?

Прычынамі разгрому экспэрты называюць:

1. Недастатковы ўзровень баявой і тактычнай падрыхтоўкі ў арганізацыі блёкпаста.

2. Адсутнасьць разьведкі мясцовасьці і сувязяў зь мясцовым насельніцтвам.

3. Адсутнасьць інжынэрнага абсталяваньня пазыцыі блёкпаста.

4. Адсутнасьць баявой аховы, што дазволіла суперніку ўшчыльную наблізіцца незаўважаным да пазыцыяў падразьдзяленьня.

5. Адсутнасьць ва ўкраінскіх вайскоўцаў прыбораў оптаэлектроннай выведкі і сучасных прыбораў начнога бачаньня.

6. Адсутнасьць узаемадзеяньня зь іншымі падразьдзяленьнямі, якія б можна было хутка перакінуць у атакаваны раён.

Рэдактар сайту censor.net.ua Юры Бутусаў піша, што перасьлед бандфармаваньняў праціўніка ня быў арганізаваны. Баевікоў не шукаюць, раён нападу не блякаваны. Колькасьць банды — больш за 100 чалавек.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG