Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксей Гарань: Плян-максымум Пуціна — сарваць выбары ва Ўкраіне


Аляксей Гарань (Олексій Гарань)

Аляксей Гарань (Олексій Гарань)

Украінскі гісторык-міжнароднік і палітоляг Аляксей Гарань расказаў пра тое, як, на яго думку, пойдуць выбары ва Ўкраіне, і даў свае прагнозы яўкі ўкраінцаў на прэзыдэнцкіх выбарах 25 траўня.

На думку экспэрта, цяпер і для правядзеньня выбараў, і для выхаду Ўкраіны з крызісу вельмі важная міжнародная падтрымка. Яна павінна даць адказ, якім чынам рэагаваць на першую ў сьвеце з пасьляваенных часоў анэксію тэрыторыі.

— Ці будзе Расея зрываць выбары? Калі так, то якім чынам?

— Дык а што цяпер адбываецца на ўсходзе краіны? Гэта неабвешчаная вайна, ва ўмовах якой немагчыма ці вельмі складана правесьці выбары. Мэта-максымум Пуціна — сарваць выбары. Мэта-мінімум — максымальна аслабіць яўку ўкраінцаў на выбары ва ўсходніх абласьцях. Сацыялягічныя апытаньні паказваюць, што 80 працэнтаў украінцаў зьбіраюцца прыйсьці галасаваць (60% — дакладна пойдуць і 20% — хутчэй пойдуць). Я думаю, што рэальна будзе троху менш, каля 60–70 працэнтаў. Але выбары будуць цалкам легітымныя, нават калі яны часткова будуць сарваныя на тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласьцей. Вядома, там будуць самыя вялікія праблемы, зь яўкай у тым ліку.

— Ці магчымае абраньне прэзыдэнта ў першым туры?

— Складана сказаць. З аднаго боку, шмат кандыдатаў, а зь іншага — няясна, якая будзе ў выніку яўка на ўсходзе. Таму я б сказаў, што верагоднасьць другога туру ня выключана.

— Выглядае, што выбары ў любым выпадку прызнаюць ва ўсім цывілізаваным сьвеце. Ці ёсьць шанец, што і Расея будзе вымушаная зрабіць тое самае?
Як можна будаваць адносіны з Расеяй? Расея — гэта агрэсар. Мы вымушаныя аказваць супраціў агрэсару. Вось такія адносіны

— Па шчырасьці, гэтае пытаньне трэба задаваць Расеі. Мы выбары правядзем. Ужо ясна, што яны будуць свабоднымі і канкурэнтнымі. Сьвет гэта прызнае. Што будзе рабіць Пуцін — гэта яго праблемы. Я думаю, што рана ці позна Пуцін будзе вымушаны лічыцца з рэаліямі. Але нам, украінцам, ня вельмі цікава зараз разважаць пра тое, прызнае ці не прызнае выбары Расея, таму што нам трэба рабіць сваю справу. І мы ўжо яе робім.

— А як Украіна будзе будаваць адносіны з Расеяй у выпадку, калі тая не прызнае вынікаў выбараў? Разрыў стасункаў можа пацягнуць значныя эканамічныя страты, зьвязаныя найперш з пастаўкамі газу... Ці гатовая Ўкраіна да абвалу ВУП, які прагназуецца да канца году ў выніку канфлікту?

— Спадар Пуцін лічыцца толькі зь сілай. Таму нам трэба правесьці выбары, легітымізаваць новага прэзыдэнта і здабыць падтрымку міжнароднай супольнасьці. Так, гэта няпроста. Як можна будаваць адносіны з Расеяй? Расея — гэта агрэсар. Мы вымушаныя аказваць супраціў агрэсару. Вось такія адносіны. Расея будзе працягваць ціснуць у розных сфэрах, у тым ліку і ў газавай. Мы будзем працягваць супраціўляцца. Захапіўшы Крым, Расея анулявала Харкаўскія дамоўленасьці. Відавочна, патрабуецца падтрымка міжнароднай супольнасьці — яна павінна падумаць, як забясьпечыць парушаныя гарантыі. Анэксія Крыму — гэта першая ў Эўропе анэксія з часоў ІІ усясьветнай вайны. Атрымліваецца, што падрываецца ўвесь міжнародны парадак. У гэтым зьвязку я думаю, што пагроза прымяненьня трэцяга этапу санкцыяў супраць Расеі можа істотна паўплываць на пазыцыю Пуціна.

— Што рабіць з украінска-расейскай мяжой? Апошнія два дзесяцігодзьдзі яна амаль не ахоўвалася, што і дало цяпер магчымасьць баевікам пранікаць на тэрыторыю Ўкраіны.

— Так, вы слушна кажаце. За часамі Януковіча асабліва развальвалася сыстэма бясьпекі. Трэба рабіць парадак і ствараць паўнавартасную мяжу з Расеяй з нармальным кантролем.
XS
SM
MD
LG