Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка можа прэтэндаваць на ўкраінскае Палесьсе — расейскі палітоляг


Яўген Мінчанка

Яўген Мінчанка

Ці прызнае Расея прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне? Як будзе яна будаваць адносіны з новым украінскім прэзыдэнтам? Як адрэагуе на выбары Аляксандар Лукашэнка? На гэтыя пытаньні карэспандэнта Свабоды адказаў расейскі палітоляг Яўген Мінчанка.

— Расея падтрымлівае сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны. Ці магчымыя правакацыі Расеі з мэтай сарваць прэзыдэнцкія выбары?

— Калі б насамрэч на паўднёвым усходзе ў апалчэнцаў, сярод іншага, быў спэцназ ГРУ, то адтуль украінская армія б даўно панічна зьбегла. Калі б там была рэальная вайсковая падтрымка Расеі, то, улічваючы ўзровень баяздольнасьці ўкраінскай арміі і тым больш так званых парамілітарных утварэньняў, усіх батальёнаў Нацгвардыі, яны б даўно былі недзе за Кіевам. Таму ўсе гэтыя размовы пра падтрымку з боку Расеі апалчэнцаў паўднёвага ўсходу ня маюць сэнсу. Я думаю, максымум — гэта падтрымка мэдыйная, выказваньне ім сымпатыі. Таму казаць, што там нейкі расейскі фактар можа паўплываць на сытуацыю, — гэта проста наіўна.

— У такім выпадку — ці прызнае Расея вынікі прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне?

— Справа ў тым, што прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне праходзяць у беспрэцэдэнтных умовах. Па-першае, гэта ваенныя дзеяньні фактычна ў некалькіх рэгіёнах краіны. Па-другое, атмасфэра гвалту, якая распаўсюдзілася на ўсю тэрыторыю Ўкраіны. Таму ў такіх умовах казаць, што выбары могуць быць сумленнымі, было б моцным авансам кіеўскім уладам.

— Таму Расея, хутчэй за ўсё, не прызнае?

— Расея, хутчэй за ўсё, не прызнае вынікі гэтых выбараў. Але пры гэтым так ці інакш вымушана будзе кантактаваць з новым кіраўніцтвам. Будзе абрана формула такая: легітымнай уладай новага ўкраінскага прэзыдэнта Расея не прызнае. Але прызнае яго дэ-факта кіраўніком значнай часткі тэрыторыі Ўкраіны.

— А Лукашэнка прызнае і будзе працаваць з новым прэзыдэнтам Украіны?

— Дык ён нават Турчынава прызнае, што ж яму не прызнаць Парашэнку ці іншага? Лукашэнка гуляе ў іншую гульню. Ён пазбаўляецца ад ярлыка апошняга дыктатара Эўропы. У выпадку, калі адбудзецца развал Украіны, грамадзянская вайна і распад на асобныя тэрыторыі, Лукашэнка можа прэтэндаваць на пратэктарат над часткай тэрыторыяў, якія адваляцца ад Украіны, у прыватнасьці, над тэрыторыяй Палесься. Таму Аляксандар Рыгоравіч традыцыйна гуляе ў сваю ўласную гульню, і даволі граматна.

— То бок азірацца на Маскву ён ня будзе?

Ён улічвае пазыцыю Масквы, але ён гуляе сваю гульню. Ён самастойны гулец і неаднаразова гэта даказваў за апошнія 20 гадоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG