Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справу праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі працягнулі на месяц


Андрэй Бандарэнка
Андрэй Бандарэнка

Яшчэ на месяц працягнулі расьсьледаваньне крымінальнай справы супроць праваабаронцы, былога дырэктара ўстановы «Плятформа інавэйшн» Андрэя Бандарэнкі.

Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміла дырэктар «Плятформы інавэйшн» Алёна Красоўская-Касьпяровіч.

«Справу працягнулі на месяц, да 15 чэрвеня. Могуць скончыць расьсьледаваньне і раней, але не пазьней за гэты тэрмін. Мяркуем, справу б ужо перадалі ў суд, але з-за чэмпіянату сьвету па хакеі ня хочуць лішняй агалоскі пра гэты працэс», — сказала Алёна Красоўская-Касьпяровіч. Паводле зьвестак ад Андрэя Бандарэнкі, ён цяпер у былой камэры на два чалавекі, на ўмовы ў «Валадарцы» ня скардзіцца, зь ім трывала падтрымліваецца ліставаньне.

Ці прызнаў Андрэй Бандарэнка сваю віну?

«Гэта, як і само расьсьледаваньне, мы ніяк камэнтаваць ня можам, каб не зрабіць дрэнна адвакату, які даваў падпіску пра неразгалошваньне. Скажу толькі, што мы Андрэя не пакінем без падтрымкі», — заявіла праваабаронца.

Былы дырэктар «Плятформы інавэйшн» Андрэй Бандарэнка быў арыштаваны на пачатку красавіка паводле абвінавачаньня ў злосным хуліганстве. Сьледчы камітэт, які вядзе справу Бандарэнкі, выклаў у інтэрнэт запіс зь відэакамэры, на якім Андрэй Бандарэнка ўчыняе адносна дзьвюх жанчын дзеяньні, якія сьледзтва лічыць супрацьпраўнымі.

Андрэй Бандарэнка — былы палітвязень. Каля 2 гадоў ён адбыў у вязьніцы паводле прысуду, які пазьней быў адменены судом вышэйшай інстанцыі. Беларускія праваабаронцы прыйшлі да высновы, што тады Андрэя Бандарэнку перасьледавалі за палітычную дзейнасьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG