Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бялкоўскі: «Лукашэнка павіншуе новага прэзыдэнта Ўкраіны зь перамогай»


Станіслаў Бялкоўскі

Станіслаў Бялкоўскі

Ці прызнае Расея прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне? Як будзе яна будаваць адносіны з новым украінскім прэзыдэнтам? Як адрэагуе на выбары Аляксандар Лукашэнка? На гэтыя пытаньні карэспандэнта Свабоды адказаў расейскі палітоляг Станіслаў Бялкоўскі.

«Уладзімер Пуцін зусім не адмовіўся ад плянаў ліквідацыі ўкраінскай дзяржаўнасьці ў яе цяперашнім складзе і фармаце. То бок ён, як і раней, хоча кантраляваць поўдзень і ўсход Украіны і мець дадатковыя гарантыі таго, што Ўкраіна ня ўступіць у НАТО, а таксама ня пойдзе далей за пэўную мяжу ў адносінах з Эўразьвязам. А таму ўжо ніякім фармальным гарантыям ні НАТО, ні ЭЗ, ні ЗША, ні тым больш Украіны ён ня верыць, бо лічыць, што яго шмат гадоў ашуквалі. І адзінай гарантыяй дасягненьня патрэбных яму вынікаў ён бачыць усё ж зьмену дзяржаўнага ўладкаваньня Ўкраіны ў напрамку глыбокай фэдэралізацыі. У выніку чаго паўднёвыя і ўсходнія рэгіёны будуць дэ-факта падкантрольныя Маскве, хоць фармальна застануцца ў складзе Ўкраіны ў яе цяперашніх межах. Таму, натуральна, Расея не прызнае выбараў прэзыдэнта Ўкраіны ў поўным аб’ёме. Будуць дадзеныя нейкія абцякальныя фармулёўкі тыпу „выбары адбыліся ў шэрагу рэгіёнаў краіны“. Але Масква не прызнае легітымнай новую ўладу ва Ўкраіне, новаабранага прэзыдэнта, і Ўкраіне трэба рыхтавацца да зацяжной аблогі. Нягледзячы на тое, што цягам апошніх тыдняў здавалася, што Пуцін памякчэў. Пуцін будзе выкарыстоўваць любыя мэханізмы і рычагі дзеля далейшай дэстабілізацыі, якая б вымусіла Кіеў пайсьці на трансфармацыю дзяржаўнага ўладкаваньня краіны».

Карэспандэнт: «Хутчэй за ўсё, Расея будзе падтрымліваць правакацыі дзеля зрыву выбараў ва Ўкраіне?»

Бялкоўскі: «Афіцыйна Расея будзе дыстанцыявацца ад усялякіх правакацыяў і даваць зразумець ЗША і ЭЗ, што яна тут ні пры чым, што Пуцін нават войскі ад украінскай мяжы адвёў. Але на справе, вядома, усе правакацыі будуць падтрыманыя».

Карэспандэнт: «Але ва Ўкраіне ўсё ж абяруць новага прэзыдэнта. І як зь ім будзе будаваць дачыненьні Крэмль?»

Бялкоўскі: «Я дрэнна ўяўляю сабе Пуціна, які б павіншаваў Пятра Парашэнку — найбольш верагоднага пераможцу на выбарах — ці некага яшчэ. Гэта будзе дыялёг у рэжыме „ні міру, ні вайны“. То бок фармальна Расея будзе казаць, што яна зацікаўленая ўсяляк у захаваньні міру і стабільнасьці ва Ўкраіне, а фактычна яна будзе садзейнічаць дэстабілізацыі да той ступені, якая неабходная, каб Кіеў пайшоў да Масквы на паклон. Пры пасярэдніцтве, вядома, ЭЗ і ЗША, якіх Пуцін лічыць рэальнымі гаспадарамі становішча ва Ўкраіне. То бок ён хутчэй гатовы дамаўляцца пра лёс Украіны з Вашынгтонам, Брусэлем і Бэрлінам, чым уласна з Кіевам».

Карэспандэнт: «У гэтай сытуацыі ці прызнае выбары ва Ўкраіне кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка, ці ён будзе будаваць адносіны з аглядкай на Маскву?»

Бялкоўскі: «І Аляксандар Лукашэнка, і Нурсултан Назарбаеў вельмі ўстрывожаныя паводзінамі Крамля цягам апошніх трох месяцаў, бо яны бачаць небясьпеку ў гэтым і для ўласных краін. Яны апасаюцца, што так званая „руская вясна“, жаданьне Расеі авалодаць кантролем над шэрагам тэрыторыяў постсавецкай прасторы, перакінецца на іхнія краіны. Я думаю, што Лукашэнка і Назарбаеў прызнаюць выбары ва Ўкраіне і павіншуюць будучага прэзыдэнта зь перамогай. Уласна, Лукашэнка даволі адкрыта выказваецца на гэты конт, ён ужо асудзіў рэфэрэндумы ў Данецкай і Луганскай абласьцях. Назарбаеў, як кожны ўсходні палітык, паводзіць сябе пакуль больш маўкліва і стрымана, але ягоная пазыцыя бліжэйшая да пазыцыі Лукашэнкі, чым Пуціна».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG